Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэтыя галасы ніхто ня лічыць”


У Беларусі пачалося пяцідзённае датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Як праходзіла галасаваньне на некаторых участках у Менску?

Участак № 525 Коласаўскай выбарчай акругі № 106 месьціцца ў навучальным корпусе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Я зайшоў туды а 12 гадзіне дня, калі старшыня і сакратар камісіі зрывалі з дошкі “Інфармацыя” ў холе асобную ўлётку Сяргея Калякіна —“Галасуйце за новыя магчымасьці”. Зьвяртаюся да старшыні камісіі Яўгена Раткевіча:

Карэспандэнт: “Я бачу, зараз зрываюць улётку з Калякіным…”

Раткевіч: “Няма выходных дадзеных на плякаце. А вось што вешаем”.

Сябры камісіі прымацоўвалі плякат з інфармацыяй пра трох кандыдатаў.

Карэспандэнт: “А чаму так позна, ужо ж першая гадзіна?”

Раткевіч: “Не, ён у нас у іншым месцы вісеў. Вунь у нас выбарчы ўчастак, і там вісеў увесь час”.

Дарэчы, такія перамены адбыліся пасьля таго, як на ўчастак завітала давераная асоба Сяргея Калякіна Ніна Пахлопка. Яна якраз і прымацавала ўлётку пра Сяргея Калякіна і скардзілася на адсутнасьць інфармацыі пра кандыдатаў у даступным для выбарцаў месцы:

“Гутарылі са старшынём, які крыху агрэсіўны. Інфармацыі, даступнай для галасуючых, наагул ніякай. Яна зачынена ў пакоі пад назвай “Участковая камісія”, і там сядзіць міліцыянт. Студэнты ня маюць панятку, за каго галасаваць”.

Прыкладна а 13 гадзіне на ўчастку датэрмінова прагаласавалі 80 выбарцаў. Гэта пераважна студэнты тэхнічнага і мэдычнага ўнівэрсытэтаў, інтэрнаты якіх месьцяцца на гэтай тэрыторыі. Апытаныя мной выбарцы пасьля галасаваньня не маглі пералічыць прозьвішчы трох кандыдатаў — лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, сябра праўладнай КПБ Юрыя Васкрасенскага і дзейнай дэпутаткі Галіны Палянскай. Студэнты, якія галасавалі датэрмінова, казалі, што на выходныя зьяжджаюць да бацькоў.

Студэнтка мэдычнага ўнівэрсытэту Вольга сказала:

“У панядзелак зьбіралі ўсіх, хто жыве ў інтэрнаце, і прапаноўвалася прагаласаваць менавіта ў аўторак ці сераду, датэрмінова. Прыяжджаў дэкан і ўсіх зьбіралі”.

На пытаньне, што было б, калі б не прагаласавалі, студэнтка тэхнічнага ўнівэрсытэту Віка сказала:

“Мне здаецца, нас бы прымусілі, бо ў інтэрнаце ўвесь час кажуць, каб усе ішлі. Трэба. У нас атрымоўваецца — можна паехаць дахаты ў суботу. А хто не прагаласуе, той пойдзе вучыцца на пары. Мы цяпер прагаласавалі, і нашы дадзеныя пойдуць на факультэт”.

Частка студэнтаў галасаваць датэрмінова не зьбіраецца:

“Я ня ведаю, навошта рабіць гэтае датэрміновае галасаваньне, я ня бачу ў гэтым сэнсу. Гэта дрэнна, скажам так”.

“Гэта бессэнсоўна. Мне здаецца, гэтыя галасы ніхто ня лічыць”.

Дарэчы на ўчастку № 536 Усходняй акругі, які знаходзіцца побач — у студэнцкім інтэрнаце, актыўнасьць студэнтаў была меншая. Назіральнік, сябра Партыі БНФ Юры Хадыка адзначае, што гэтая акруга не канфліктная, бо няма дэмакратычных кандыдатаў.

“Аднак інструкцыі, якія даваў старшыня Барыс Нікульшын, былі падкрэсьлена агрэсіўныя: не пускаць, выклікаць адразу міліцыю, не падпісваць нейкіх актаў, толькі празь яго. Адразу правялі рысу, за якую нельга заходзіць назіральнікам. Як звычайна, гэта вельмі далёка ад стала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG