Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За каго галасаваць? За прыгожы твар ці вялікую лысіну?”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 23 верасьня, аўторак.


Ад сёньня ў Беларусі распачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Тэма выбараў — адна з асноўных у тэлефанаваньнях слухачоў Свабоды.

Анастас Семяновіч: “Таварыш Лазавік! Вы кажаце, што ў Амэрыцы і іншых краінах сьвету выбары пачынаюць праводзіць за некалькі месяцаў. Нам да іх сумленнасьці ў правядзеньні выбараў — як да Месяца”.

Мікола Цяліца, Менск: “На вялікі жаль, ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, дзе лічаць галасы, ня ўключаныя ці амаль ня ўключаныя прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сіл. Дзеля чаго гэта зроблена, кожнаму зразумела. Удзельнічаць у так званых выбарах няма сэнсу. Байкот!”

Спадарыня: “Абураная нахабствам так званых дэпутатаў, цяперашніх “палатнікаў”: вы бессаромна адабралі мізэрныя льготы ў жабракоў-пэнсіянэраў, студэнтаў і дзяцей, насамрэч у галоднага — апошні кавалак хлеба. А хочацца, так хочацца пасядзець яшчэ адзін тэрмін, дык з тэлеэкрана такія абяцанкі раздаяце, салаўямі заліваецеся. Адзін цяперашні нават да такога дагаварыўся, што быццам у краіне за час кіраваньня гэтага рэжыму амаль зьнікла розьніца паміж беднымі і багатымі. Можа, ён меў на ўвазе калегаў зь верхняй і ніжняй палаты?”

Аляксандр Лапіцкі, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня ахвяр палітычных рэпрэсій г. Менску: “Байкот выбараў пакажа ўсяму сьвету, што мы пратэстуем супраць сацыяльнага ўціску ўладамі ахвяраў палітычных рэпрэсій, супраць парушэньня ўладамі закону і Канстытуцыі краіны, супраць адсутнасьці ў краіне справядлівай судовай сыстэмы”.

Спадар: “Выказваньне Лукашэнкі аб тым, што ўсе магчымыя законы былі парушаныя, і нават Канстытуцыя, з боку ўладаў. Якія ж законы і які артыкул Канстытуцыі быў парушаны ўладамі?”

На пытаньне адказвае грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода Аляксандар Дабравольскі:

“Лукашэнка сказаў, што каб дагадзіць Захаду, на гэтых выбарах былі парушаныя ўсе нормы заканадаўства, каб стварыць уражаньне, што ў нас усё нармальна. Фактычна гэта цынізм. Ніякага парушэньня заканадаўства не патрабуецца, каб правесьці празрыстыя і дэмакратычныя выбары. Яго трэба проста выконваць, хоць яно і кепскае. Зараз мне падаецца, што гэтая паказуха заканчваецца і выбары будуць, як заўсёды, па даўнейшай завядзёнцы”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі на тэму выбараў.

Сяргей Ладнюк, АГП: “Усім ужо цяпер зразумела, што гэты парлямэнт будзе складацца зь беспартыйных. Гэтыя людзі будуць, па сутнасьці, без партыйнай прыналежнасьці. Вам ужо цяпер трэба казаць, што гэта будзе за парлямэнт — звычайнае зборышча выпадковых людзей. Вы ж разумееце, што дэпутат без партыйнай прыналежнасьці — гэта выпадковы чалавек”.

Спадар Дзьмітры, Лунінец: “Колькі ж бруду было выліта беларускім тэлебачаньнем на кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў за апошнія два дні! Усё для таго робіцца, каб не дапусьціць да ўлады прадстаўнікоў ад апазыцыі. Вось такія дэмакратычныя выбары атрымліваюцца”.

Антаніна Міхайлаўна, в. Кібуці, Валожынскі р-н: “Я хачу пра выбары сказаць. У нас цячэ вада, прарвала трубу ўжо з паўгода. Я зьвярнулася да старшыні сельсавету, кажу: “Ня зробіце, ня пойдзем на выбары”. Ён на мяне паглядзеў з такой яхіднасьцю і кажа: “Не ідзіце, ніхто вас ня просіць”. А я яму: “Пэўна ж намалюеце тое, што вам зьверху загадаюць”. Ён мне адказвае: “Бо мне трэба працаваць і атрымліваць заробак, і дзяцей карміць”. Вось які прагрэс і празрыстасьць выбараў!”

Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Я за свае 59 гадоў пару разоў прымала ўдзел у выбарах прэзыдэнта і парлямэнту. Сёлета я ня буду прымаць удзел у выбарах. І вельмі многія мае знаёмыя таксама ня прыйдуць на ўчасткі, бо цяперашнія выбары савецкія, то бок іх няма. Дэпутаты ўжо даўно абраныя”.

XS
SM
MD
LG