Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўтара года таму Расея заявіла, што пастаўляць харчаваньне будуць мець права толькі тыя прадпрыемствы, якія атэстуе "Россельхознадзор". На сярэдзіну верасьня права на экспарт прадукцыі ў Расею атрымалі 135 прадпрыемстваў мясамалочнай прамысловасьці, 6 прадпрыемстваў не атэставалі. Сярод іх - замежнае прадпрыемства “Інка-Фуд”, зарэгістраванае ў Свабоднай эканамічнай зоне “Берасьце”.


“Россельхознадзор” увёў забарону на пастаўкі мясной прадукцыі “Інка-Фуду” у Расею з 23 траўня. Быццам бы ў прадукцыі падчас праверкі ў Бранску знайшлі перавышэньне нормы мікраэлемэнтаў. Адразу ж на прадпрыемстве пачаліся комплексныя праверкі, які даказалі, што “Інка-Фуд” цалкам выконвае вэтэрынарна-санітарныя нормы, якія, дарэчы, аднолькавыя і ў Расеі, і ў Беларусі. Дакумэнты накіравалі ў “Россельхознадзор”, кажа адказны чыноўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай інспэкцыі:

«Пакуль “Россельхознадзор” не зьняў абмежаваньні. У прыватнасьці, у пятніцу намесьник міністра сельскай гаспадаркі Савельеў трымаў справаздачу перад прэм'ерам Сідорскім па гэтым пытаньні. Хаця з “Россельхознадзора” прадстаўленыя ўсе неабходныя дакумэнты па кантролі за вытворчасьцю і якасьцю прадукцыі».

У беларускай і расейскай прэсе экспэрты і чыноўнікі выказалі асьцярожнае меркаваньне, што, магчыма, гэта частка рэйдарскай схемы: прадпрыемства хочуць давесьці да банкруцтва альбо за бясцэнак купіць. Намесьнік дырэктара замежнага прадпрыемства «Інка-фуд» Міхаіл Таргоўцаў выказаўся так:

«Тут складана камэнтаваць. Але ў нас няма такога меркаваньня, гэта думка людзей, якія напісалі. Іншая справа, што нас вельмі непакоіць гэтая сытуацыя, таму што ўсю інфармацыю можна было і разгледзіць за такі доўгі пэрыяд».

Адказны чыноўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай інспэкцыі, які разьбіраўся ў сытуацыі з «Інка-Фудам» наконт магчымага рэйдэрства выказаў такое меркаваньне:

«Я ня думаю... Быццам бы на мінулым тыдні, калі Савельеў даваў інтэрвію, было напісана пра рэйдэрскі захоп. Мы дагэтуль ня ведаем дакладна, ці знайшлі тады залацісты стафілакок. Таму што пацьверджаньня таго, што яго знайшлі, няма. А вось на тым этапе, ці то быў рэйдарскі захоп, ці падстава нейкая, сёньня вызначыць ужо немагчыма”.

У Расею прадпрыемства пастаўляла прыкладна палову сваёй прадукцыі, зараз аб'ём вытворчасьці скараціўся, частка працаўнікоў у вымушаным адпачынку. Бюджэт краіны недаатрымаў 1,7 мільярда рублёў падаткаў. Намесьнік дырэктара замежнага прадпрыемства «Інка-фуд» Міхаіл Таргоўцаў кажа:

«Пакуль мы працуем рэнтабэльна, у нас няма стратаў, але працуем зь мінімальнай рэнтабэльнасьцю. Мы робім пэўныя захады, спрабуем працаваць больш актыўна на іншых рынках краінаў СНД. Але, канечне, спрабуем вырашыць і гэта пытаньне з Расеяй, таму што там сфармаваны наш рынак, пакупнікі чакаюць нашага вяртаньня. Наша прадукцыя задавальняе іх цалкам».

Пакуль мы працуем рэнтабэльна, у нас няма стратаў, але працуем зь мінімальнай рэнтабэльнасьцю. Мы робім пэўныя захады, спрабуем працаваць больш актыўна на іншых рынках краінаў СНД
Справа «Інка-фуду» -- не паказчык, па ёй ня варта рабіць выснову, кажа адказны чыноўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай інспэкцыі, які спадзяецца, што праблемы будуць вырашаныя:

«У цэлым па беларускім прадпрыемствам, я лічу, калі сёньня будуць выкананыя вэтэрынарна-санітарныя патрабаваньні, то ўсе прадпрыемствы будуць экспартна арыентаваныя і будуць прадаваць прадукцыю. Калі прыяжджаюць спэцыялісты, яны знаходзяць пэўныя недахопы. Але сёньня Расея ўжо ня тая дзяржава, якая можа прымаць прадукцыю зь недахопамі».

Пра тое, што Рассельгаснагляд стварае перашкоды беларускаму экспарту, адзначаў і прэм'ер Сяргей Сідорскі: «Тэмпы былі парушаны па віне чыноўнікаў, якія праводзілі атэстацыю».

Выпадкі рэйдарства былі выяўлены ў Беларусі пакуль у дзьвюх сфэрах: набыцьці нерухомасьці і пакупкі акцый прадпрыемстваў. Пра некарэктны наступ на беларускі рынак некаторых расейскіх камэрцыйных структур заявіў нядаўна начальнік упраўленьня па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктар Ермакоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG