Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стаўленьне Захаду да нас перадузятае”


Апытаньне “Свабоды”: “Ці важна для вас, каб Захад прызнаў вынікі парлямэнцкіх выбараў у Беларусі?” Адказвалі жыхары Магілёва:


Спадарыня: “Для мяне гэта важна, бо я часта выяжджаю за мяжу і там ня ставяцца да нас, як мне таго хацелася б. Ставяцца там да нас, у прынцыпе, як да менш разьвітых”.

Спадар: “Так, для мяне важна. Наагул я з Расеі. Дужа ўжо Захад ставіцца да гэтай рэспублікі перадузята, як мне падаецца, як расейцу. Жыцьцё тут нармальнае. Таму мне важна, каб яна выходзіла на міжнародны ўзровень і не была такой ізаляванай”.

Спадарыня: “Так, важна. Я лічу, што прызнае, бо выбары дэмакратычна праходзяць і безь ніякіх перадузятасьцяў, як той казаў”.

Спадар: “Зусім абыякава. Я не гляджу на Захад. Я лічу, што мы павінны жыць з Расеяй, з блізкімі нам краінамі. Мне глыбока абыякава, што яны скажуць. Яны ўвесь час на нас нешта кажуць, і яшчэ калі нешта скажуць, нічога ня зьменіцца”.

Спадарыня: “У прынцыпе, так. Каб пашыралі свае далягляды палітычныя, гэта заўжды так. Я заўжды да гэтага станоўча стаўлюся”.

Спадар: “Напэўна, нядрэнна было б. Канечне, адносінаў пагаршаць ня хочацца. Сябраваць трэба з усімі. Аднак усё-ткі стаўленьне Захаду да нас перадузятае”.

Спадарыня: “Зусім не кампэтэнтная ў гэтым пытаньні. Не цікавіць, чэсна. Жывём і жывём”.

Спадар: “Няважна. Нічога ж з гэтага ня зьменіцца. Мы застанёмся ў вачах Захаду дзяржавай, якая не зусім адпавядае заходнім патрабаваньням. Аднак, з другога боку, для мяне гэта важна, каб прызналі: можа, стаўленьне зьмянілася б да нас”.

Спадарыня: “Наагул, не. Ведаеце, хацелася б, каб усё ў комплексе нармальна было. Аднак як атрымліваецца, так атрымліваецца”.

Спадар: “Што Захад ёсьць, ну што ён там?.. Трэба наладжваць эканоміку сваю”.

Спадар: “Галоўнае, каб народ, які жыве ў Беларусі, прызнаў гэта. Зразумела, з усімі трэба жыць і сябраваць, таму, калі прызнае Захад — гэта будзе выдатна. Не прызнае — розьніцы ў гэтым няма”.

Спадарыня: “Ну канечне. Калі ад гэта залежыць гандаль. Канечне, гандляваць з краінамі Захаду кожны зь беларусаў зацікаўлены. Бо на экспарт даюцца лепшыя тавары. Правільна? Як мы стараемся лепшае аддаць у іншыя краіны, так і нам”.

XS
SM
MD
LG