Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь далучыцца да расейскіх манэўраў


У Расеі пачаліся манэўры “Стабільнасьць-2008”, у якіх, паводле расейскіх крыніц, прымуць удзел і беларускія вайскоўцы. У Менску пра ўдзел у расейскіх манэўрах выказваюцца стрымана.


Плян манэўраў “Стабільнасьць-2008” у суботу, 20 верасьня, зацьвердзіў прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў, а ўжо сёньня, 22 верасьня, манэўры пачаліся. Мэтай абвешчана “адпрацоўка пытаньняў бясьпекі саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі”. Працягнуцца яны да 21 кастрычніка. Агульнае кіраўніцтва манэўрамі ўскладзенае на міністра абароны Расеі Анатоля Сердзюкова.

Чым будуць займацца ўдзельнікі манэўраў? Як паведамляе міністэрства абароны Расеі, у плян уваходзяць трэніроўкі рознага маштабу, штабныя гульні і вучэньні ў розных рэгіёнах як Расеі, уключна з Далёкім Усходам, гэтак і Беларусі. Удзел Беларусі ў гэтых вучэньнях называецца “беларускай фазай”.

Тыя ж самыя падзеі ў Беларусі называюць “расейскай кампанэнтай” беларускіх манэўраў “Восень-2008”. Прэсавы сакратар Мінабароны Вячаслаў Раменьчык распавёў:

“Трэба разумець, што так, Расея зараз праводзіць манэўры “Стабільнасьць”. Удзел іх авіяцыйнага кампанэнта ў нашых вучэньнях — частка гэтых манэўраў. Для нас жа манэўры “Восень-2008” — комплексныя апэратыўныя манэўры Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь”.

Паводле Вячаслава Раменчыка, пакуль што ўдзел беларускага боку ў расейскіх манэўрах абмежаваны дзейнасьцю назіральнікаў.

Улетку як з расейскага боку, гэтак і зь беларускага шмат было гаворкі пра “адэкватны” адказ на разьмяшчэньне ў Польшчы і Чэхіі элемэнтаў амэрыканскай антыракетнай абароны. Вайсковы канфлікт Расеі з Грузіяй у жніўні даў гэтым размовам новы імпульс. Ці сапраўды стала больш актыўным вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй? На думку незалежнага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, такой актывізацыі не адбылося.

“Чакаліся нейкія дэманстрацыйныя акцыі і на тэрыторыі Беларусі. Кшталту таго, што зараз Расея рабіла каля берагоў ЗША, калі пасылала туды самалёты і вайсковыя караблі. Мне падавалася, што можа дайсьці да перабазіроўкі расейскіх бамбавікоў ТУ-122 М3 у Мачулішчы — акцыі, якая, бясспрэчна, была б накіраваная супроць НАТО і ЗША. Але гэтага не адбылося, і, на маю думку, фактар стрымліваньня тут — беларускі бок, які зараз заняты наладжваньнем адносін з Захадам. Магчыма, Расея і хацела б рабіць больш актыўныя захады на тэрыторыі Беларусі, але, мяркую, Беларусь абмяжоўваецца раней заплянаванымі мерапрыемствамі і ня хоча нічога рабіць дадаткова”.

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі заўважыў, што “зноў сьцішыліся” гаворкі пра дамову аб адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі, якую настойліва ініцыюе расейскі бок. Паводле Рамана Якаўлеўскага, пытаньне зьнешніх пагроз для гэтых краін — унутрыпалітычнае.

“На мой погляд, НАТО ні на каго не зьбіралася і не зьбіраецца нападаць. Мы такіх прыкладаў ня ведаем. Гэта разьдзьмухваюць у кантэксьце ўнутрыпалітычнай сытуацыі як у Расеі, гэтак і ў Беларусі “.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG