Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зноў дэпутаты будуць сядзець, нібы мышы пад венікам”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 22 верасьня, панядзелак.


У Воршы адбылося штогадовае афіцыйнае сьвята ўраджаю “Дажынкі”. Выказваньні на гэтую тэму, а таксама камэнтары да выступу Аляксандра Лукашэнкі ў наступных тэлефанаваньнях:

Спадар: “Вось наўпроставы эфір, аршанскія “Дажынкі”. Паглядзеў на ўсіх гэтых старшыняў райвыканкамаў — дзе такіх вепрукоў набралі? Яны большыя за цэнтнэр усе”.

Спадар: “На “Дажынках” Аляксандар Лукашэнка да апошняй кропкі дайшоў. Расьпінаў апазыцыю, як тых бамжоў. Казаў, што нідзе ня робяць, толькі ў палітычныя гульні гуляюць і супраць улад выступаюць. Пісьменьнік Іосіф Бродзскі таксама нідзе не працаваў, але Нобэлеўскую прэмію здабыў”.

Спадар: “Аляксандр Лукашэнка на “Дажынках” увесь час казаў: “Спрашывайце, гдзе работает? Нібыта ў апазыцыі адны абібокі”.

Спадарыня, Магілёў: “Заява Лукашэнкі адносна прызнаньня Эўразьвязам парлямэнцкіх выбараў у Беларусі нелегітымнымі і спыненьня дыялёгу з Эўразьвязам. Вельмі спадзяюся, што ў яго нічога не атрымаецца. Аргумэнтаў для прызнаньня выбараў нелегітымнымі — больш чым дастаткова”.

Працягваем праграму СМС-паведамленьнем ад слухача Славы: “Большасьць пойдзе і прагаласуе — хутчэй супраць усіх. Байкотнікі сябе дужа дыскрэдытавалі, бо выбары — адзіны легальны шлях да зьмены ўлады”.

На тэму выбараў і наступныя тэлефанаваньні:

Спадарыня: “У нас у Квасоўцы стаіць адзін кандыдат. Усе людзі кажуць: бээрэсэмавец. Ён адзін, выбару тут няма”.

Спадар: “Раённыя нашыя работнікі, яны ня ў стане правесьці выбары дэмакратычна. У выніку мы атрымаем такі ж парлямэнт, які быў дагэтуль: бяззубы, які ціхенька сядзеў, нібы мыш пад венікам”.

Спадарыня: “Хацелася б ведаць, што будзе з чэкамі “Маёмасьць”? Хто з дэпутатаў ці кандыдатаў уздымае гэтае пытаньне? Дзяржмаёмасьць прадаюць, а там і нашы чэкі”.

Выказваньне камэнтуе лідэр кампаніі “За свабодныя выбары” Віктар Карняенка:

“На жаль, спадзяваньні паважанай спадарыні ня могуць быць выкананыя праз гэтую самую Палату. Гэта ня орган улады, а дэмакратычная дэкарацыя, якую выкарыстоўвае рэжым. А рашэньні — і пра чэкі “Маёмасьць”, і іншыя адказныя рашэньні — яны прымаюцца ўладнай вэртыкальлю. Так што тут кандыдацкія праграмы ні пры чым”.

Далей слухач пытаецца:

Спадар: “У мяне такое пытаньне. Якой павінна быць на дадзеным этапе барацьба супраць дыктатуры Лукашэнкі? Што для гэтага павінен зрабіць просты чалавек, а таксама член апазыцыйнай партыі? Што мы павінны зрабіць, каб скінуць дыктатуру Лукашэнкі?”

На пытаньне адказвае грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода Аляксандар Дабравольскі:

“Калі гаворка вядзецца пра дыктатуру, то звычайныя сродкі, такія, як выбары, праблемы не вырашаюць. Бо выбары ператвараюцца ў фарс. Найперш я б раіў не супрацоўнічаць з тымі людзьмі, якія працуюць на ўмацаваньне дыктатуры і на фальсыфікацыю выбараў. Несупрацоўніцтва з дыктатурай — гэта першы крок”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя тэмы:

Спадар: “На пытаньне, пастаўленае слухачом “Свабоды”, як Лукашэнку ўдалося прыйсьці да ўлады, адкажу наступным чынам. Усё пачалося з таго, што дагэтуль нікому не вядомы дэпутат Лукашэнка ачоліў парлямэнцкую камісію па барацьбе з карупцыяй”.

Спадар, Пінск: “На мінулым тыдні наш прэзыдэнт прыяжджаў у Пінск. Я, як і многія пінчукі, расчараваны яго паездкай, бо ён не пажадаў нават сустрэцца зь людзьмі”.

Спадар: “23 верасьня — дзень нараджэньня паэта Артура Вольскага. Ён любіў Беларусь, шмат падарожнічаў і лічыў, што няма лепшай краіны, чым Беларусь. Гэтую любоў да Беларусі ён перадаваў сваім вучням у школе, дзе ён працаваў выкладчыкам беларускай мовы”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Уваходжу ў кватэру і адразу ўключаю “Свабоду”. Люблю слухаць усё, бо кожная перадача цікавая па-свойму. Так хацелася б пачуць “Кастрычнік з Данчыкам”. Мяркую, што да маёй прапановы далучацца і іншыя радыёслухачы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG