Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПБ на чале з А.Борыс ня супраць перамоваў з уладамі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Злева направа: Анжаліка Борыс, Генрык Літвін, генэральны консул РП у Горадні Адам Бернатовіч
Злева направа: Анжаліка Борыс, Генрык Літвін, генэральны консул РП у Горадні Адам Бернатовіч

У Горадні зьбіралася пазачарговая Галоўная рада Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, які не прызнаецца беларускімі ўладамі.


Удзельнікі пагадзіліся не адмаўляцца ад перамоваў з уладамі, але будуць чакаць канкрэтных прапановаў зь іх боку. На паседжаньне прыяжджаў зь Менску надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы Генрык Літвін. Ён заахвочваў сябраў гэтай грамадзка-культурнай арганізацыі пагадзіцца на такія перамовы. Напярэдадні ў польскіх мэдыях зьявіліся зьвесткі пра тое, што вырашэньне канфліктнай сытуацыі з Саюзам палякаў магло б быць карысным для паляпшэньня дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю.

Карэспандэнт: “Анжаліка, скажыце, вы зачыталі паведамленьне для прэсы, за якое прагаласавалі 23 удзельнікі Галоўнай рады. У ім гаварылася, што вы пагаджаецеся на перамовы з уладамі. Але потым працягнуліся спрэчкі. Чым яны скончыліся, які вынік?”

Борыс: “Спрэчкі скончыліся тым, што мы адкрытыя да размоваў з уладамі. Але кожны павінен у сваім мясцовым аддзеле арганізацыі гэта абмеркаваць, бо мы ня можам прымаць нейкія пасьпешлівыя рашэньні. Мы адкрытыя да размоваў з уладамі і, напэўна, будуць абмяркоўвацца кандыдатуры — хто можа ўвайсьці ў гэтую групу, але канкрэтных імёнаў, прозьвішчаў сёньня не называлася”.

Дарэчы, стваральнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін адмовіўся ўвайсьці пры патрэбе ў рабочую групу па перамовах. Аднак ён выступіў актыўным прыхільнікам такіх перамоваў. Анжаліка Борыс удакладніла таксама, што калі паступяць пэўныя прапановы з боку ўладаў, то тады Галоўная рада зноўку зьбярэцца і абмяркуе іх, каб вызначыцца — як дзейнічаць далей.

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы Генрык Літвін падрабязна патлумачыў удзельнікам Рады пазыцыю польскага ўраду ў пытаньні паляпшэньня адносінаў зь Беларусьсю і ў разьвязаньні праблемы Саюзу палякаў. Ён зазначыў, што ніхто ня будзе ціснуць на арганізацыю і выкарыстоўваць яе ў якасьці інструмэнту, аднак беларускія ўлады пагадзіліся нарэшце, што далей нельга ігнараваць паплечнікаў Анжалікі Борыс. Дыялёг з уладамі магчымы, таму варта выкарыстаць гэты шанец, каб сесьці зь імі за стол перамоваў, сказаў Генрык Літвін.

Адзін з варыянтаў разьвязаньня канфлікту — зноўку аб’яднацца ў адной арганізацыі і ўдзельнікам праўладнага Саюзу палякаў, якім кіруе Юзаф Лучнік, і паплечнікам А.Борыс. Аднак сярод апошніх існуе нежаданьне аб’ядноўвацца зь людзьмі Лучніка. З увагі на гэта Анжаліка Борыс не выключае, што можа паўстаць новая арганізацыя, каб атрымаць афіцыйную рэгістрацыю. Але гэта — пэрспэктыва наступнага году.

Анжаліку Борыс абралі на старшыню СПБ увесну 2005 году. Неўзабаве міністэрства юстыцыі анулявала вынікі зьезду і прызнала новаабранае кіраўніцтва нелегітымным. У канцы жніўня быў скліканы праўладны зьезд, на якім старшынём СПБ быў абраны Юзаф Лучнік. Пачаўся перасьлед паплечнікаў А.Борыс і яе асабіста. Аднак Польшча падтрымала іх, і на перамовах зь беларускім бокам раз за разам нагадвала пра патрэбу разьвязаць канфліктную сытуацыю з існаваньнем двух Саюзаў палякаў.



На гербе Саюзу палякаў засталася Пагоня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG