Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня з боку АДС ня будзе.


Такое рашэньне прынялі 21 верасьня на супольным паседжаньні Палітрада АДС і кандыдаты ў дэпутаты ад адзінага сьпісу АДС. Якія думкі выклікае гэта рашэньне ў тых палітыкаў, якія адмовіліся ад працягу барацьбы за дэпутацтва?

Гаворыць былы кандыдат у дэпутаты па Лідзкай акрузе № 54, сябра Партыі БНФ Станіслаў Суднік:

“На мой погляд, сябры АДС выявілі сябе ў дадзены момант абсалютна наіўнымі і зялёнымі. Не баюся, калі пакрыўдзяцца, але каб трошкі іх падмаляваць, то могуць быць і чырвона-зялёнымі.

Абсалютная наіўнасьць праяўляецца ў тым, што яны спадзяюцца, быццам бы некалькі чалавек зь іх пройдуць у “палатку”. Быццам бы гэта нават дэкляруецца з боку ўлады. І кожны спадзяецца, што такім шчасьліўчыкам будзе ён. Але ж справа ня ў тым, пройдзе ці не некалькі чалавек. Бяз моцнай апазыцыйнай фракцыі ў гэтым парлямэнце дэпутат будзе азначаць поўны нуль. Таму пакуль барацьба ідзе за загадзя вызначаны нуль”.

Яшчэ 17 верасьня Станіслаў Суднік прыняў рашэньне зьняцца з выбараў. Ці не шкадуе ён пра гэта, калі іншыя кандыдаты ад БНФ адмаўляюцца ад байкоту?

“Я шкадую аб іншым. Я шкадую, што Партыя БНФ на працягу гэтай выбарчай кампаніі ня мела дакладнай і выверанай стратэгіі. Што мы ў гэтай кампаніі робім? І цяперашнія непаразуменьні ўзьніклі менавіта з-за гэтага. Але гэта ўжо ўнутраныя праблемы нашай партыі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG