Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла ў сьвет анталёгія беларускага перакладу “Галасы з-за небакраю”


24 верасьня а 18.00 у менскім Палацы мастацтва адбудзецца прэзэнтацыя фундамэнтальнай анталёгіі ўсясьветнай паэзіі ў беларускіх перакладах пад назовам “Галасы з-за небакраю”.


Кніга на 900 шырокафарматных старонак выйшла ў сьвет у выдавецтве “Лімарыюс”, у ёй шэсьць з паловай соцень аўтараў, творы якіх цягам усяго ХХ стагодзьдзя перакладалі на беларускую мову амаль дзьвесьце перакладнікаў. Уклаў анталёгію паэт Міхась Скобла, а навуковым рэдактарам выданьня значыцца кандыдат філялёгіі Лявон Баршчэўскі, які пагадзіўся адказаць на нашыя пытаньні.

Валянціна Аксак: “Лявон, у прадмове да анталёгіі вы названы “хросным бацькам” беларускага Пятраркі, а таксама адмысловым знаўцам скандынаўскай паэзіі. Вы вядомы яшчэ тым, што асобнымі зборнікамі выдалі па-беларуску Бэртольда Брэхта й Нікаласа Ленаў. Шмат перакладалі вы й з антычнай паэзіі. Карацей, не навічок у перакладніцкай справе. Як вы ацэньваеце факт падобнага выданьня?”

Лявон Баршчэўскі:
“Безумоўна, “Галасы з-за небакраю” – абсалютна ўнікальнае выданьне. Толькі ўдумацца: 900 старонак, 658 паэтаў, 198 перакладнікаў са столькіх моваў! Гэта, безумоўна, падзея. Памятаем, што ХХ стагодзьдзе пачыналася ў нас нізкай перакладаў “З чужой глебы” ў зборніку Максіма Багдановіча “Вянок”. А першы асобны зборнік перакладаў выйшаў толькі ў 1928 годзе, гэта былі “Кветкі з чужых палёў” Юркі Гаўрука. Фактычна, гэта першыя дзьве вяхі, ад якіх трэба рабіць адлік. Ну, і ня трэба забывацца, якія былі неспрыяльныя пэрыяды для перакладу ў нашай гісторыі. У 1930-1950 гады займацца перакладамі з замежных моваў было проста небясьпечна, часам нават рызыкоўна для жыцьця. Зразумела, што ўвесь перакладніцкі наробак ня мог зьмясьціцца нават у гэткі аб’ёмны том, але гэтая анталёгія сыстэматызуе зробленае, падводзіць вынік ХХ стагодзьдзя”.

Аксак: “У анатацыі да “Галасоў з-за небакраю” сказана, што анталёгія разьлічаная на выкладчыкаў замежнай літаратуры й студэнтаў. Але ж яе чыста практычна складана мець пад рукамі, скажам, студэнткам, бо анталёгія не ўмяшчаецца ў жаночую сумку. Наколькі выдаўцы падумалі пра практычнае спажываньне сваёй прадукцыі?”

Баршчэўскі: “Я спадзяюся, што пры цяперашнім разьвіцьці кампутарнай тэхнікі зьявяцца электронныя варыянты гэтай анталёгіі. Ды й адсканаваць пры пільнай патрэбе пэўныя тэксты можна. Вядома ж, гэты фаліянт не ўвапхнеш у дамскую сумку, ды й у чамадане яна зойме шмат месца. Яе, відаць, ня вельмі зручна браць у вандроўкі. Але анталёгія для гэтага й не прызначана. Гэта, паўтаруся, падвядзеньне вынікаў стагодзьдзя. Як і першая аўтарская анталёгія Міхася Скоблы “Краса і сіла”. Абедзьве анталёгіі прыемна на кніжную паліцу паставіць. Дарэчы, поруч яны глядзяцца яшчэ больш шыкоўна й эфэктна”.

Аксак: “Анталёгія прадстаўляе 658 паэтаў розных эпохаў. Але ў зьмесьце на першым месцы не паэты, а перакладнікі, напрыклад, не Фэдэрыка Гарсія Лорка, а – перакладнік Рыгор Барадулін, не Віслава Шымборска, а – Ніна Мацяш... Вас не бянтэжыць гэткі прынцып укладаньня, дзе на першым месцы не паэты, а перакладнікі?”

Баршчэўскі: “Гэтую ідэю ўкладальніка я якраз падтрымаў, таму што ў нас перакладнікі вядомыя яшчэ менш, чым беларускія паэты. Значна менш. І добра, што Міхась Скобла вырашыў такім чынам аддаць ім належную даніну. Тут я зь ім быў цалкам салідарны. Так ужо склалася, што адносіны да прафэсіі перакладніка ў нас заўсёды былі, ды і цяпер застаюцца, несур’ёзныя. І, скажам, многія таленавітыя паэты не пакінулі па сабе перакладаў, бо не лічылі пераклад паважнай справай. Дадам яшчэ пра зручнасьць карыстаньня анталёгіяй. У ёй адны алфавітныя паказьнікі й зьмест занялі больш за трыццаць дарагіх старонак. І, паводле паказьнікаў, зусім няцяжка знайсьці таго ці іншага паэта ці перакладчыка. Праверыў на сабе – шукаць патрэбнае імя ў анталёгіі даволі зручна”.

Аксак: “Калі зьвярнуцца да іменнага паказьніка, то мы там, напрыклад, чытаем: “Зу Нгуен, зь в’етнамскай; Сулакауры Арчыл, з грузінскай; Цаньян Джамцо Рыгдзін, з тыбэцкай”… Няўжо ў нас знайшліся перакладчыкі з усіх 57 моваў, зафіксаваных у “Галасах з-за небакраю”?”

Баршчэўскі: “На жаль, не. Думаю, што прыблізна з трыццаці моваў пераклады рабіліся непасрэдна з арыгіналу. Але быў шэраг паважных праектаў, дзе праца вялася на адпаведным узроўні. Можна згадаць анталёгію в’етнамскай паэзіі, выдадзеную Язэпам Семяжонам у канцы 60-х гадоў. Падобныя выданьні на той час рыхтаваліся, можна сказаць, на ўрадавым узроўні: рабіліся ангельскія й расейскія падрадкоўнікі, перакладнікі выяжджалі ў патрэбную краіну. Скажам, у Грузіі ў савецкія часы працавала цэлая інстытуцыя, якая рыхтавала якасныя падрадкоўнікі для перакладчыкаў па ўсім сьвеце. Хоць наш Уладзімер Сіўчыкаў перакладаў непасрэдна з грузінскай, гэта вядомы факт”.

Аксак: “Вы дапускаеце, што паэзію можна перакладаць з падрадкоўніка, не валодаючы мовай арыгіналу?”

Баршчэўскі: “Так, я дапускаю. Але ўсё залежыць ад таленту перакладніка. Напрыклад, той жа Рыгор Барадулін перакладае з трох дзясяткаў моваў. Зразумела, усе іх ведаць немагчыма. Але ён часам перакладае так, што пераўзыходзіць сваім талентам арыгінальнага паэта. Што, зрэшты, таксама ня вельмі добра. Ёсьць творцы, якія адчуваюць замежную паэзію, яны слухаюць, як яна гучыць, учытваюцца ў яе, і ў іх нараджаецца паэзія на беларускай мове”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG