Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбалісты дамагліся выплаты заробку праз страйк


У нядзелю часткова вырашылася скандальная сытуацыя вакол страйку футбалістаў каманды “Дынама” з Берасьця.



Напярэдадні суботняй гульні з гарадзенскім “Нёманам” гульцы ня выйшлі на трэніроўку і абвясьцілі, што будуць байкатаваць сустрэчу, калі ім ня выплацяць двухмесячную запазычанасьць па заробку. Адпаведныя “ноты пратэсту” былі накіраваныя ў берасьцейскую вэртыкаль і ў Беларускую фэдэрацыю футболу. Аднак праблема вырашаная толькі напалову: заробак футбалісты атрымалі пакуль за ліпень.

Несвоечасовыя выплаты заробкаў існуюць і ў іншых беларускіх клюбах, але страйк футбалістаў цэлай каманды здарыўся, бадай, упершыню. Мой калега, спартовы аглядальнік газэты “Вячэрні Брэст” Васіль Сарычаў кажа, што праблемы пачаліся пасьля пертурбацый у генэральнага спонсара каманды, прадпрыемства “Брэстэнэрга”:

“Адбылася так бы мовіць “унутраная рэвалюцыя”: старшынём праўленьня клюбу перастаў быць генэральны дырэктар “Брэстэнэрга”. То бок, спонсарам паводле ўказу прэзыдэнта фармальна прадпрыемства засталося, але непасрэдна старшыню “пасунулі”. Натуральна, што вялікага інтарэсу ў чалавека ўжо ня стала, каб там заставалася ўсё добра ў яго адсутнасьць. А яшчэ атрымалася, што якімсьці чынам гадавы бюджэт быў растрачаны ўжо ў сярэдзіне году. На выезды і расьсяленьне грошы ёсьць, але на заробак іх выкарыстоўваць нельга. Бо на заробкі сродкі павінны быць са спонсарскіх крыніцаў. Дык вось іх якраз няма”.

На выезды і расьсяленьне грошы ёсьць, але на заробак іх выкарыстоўваць нельга. Бо на заробкі сродкі павінны быць са спонсарскіх крыніцаў. Дык вось іх якраз няма
Дзеля вырашэньня скандальнай сытуацыі футбольнаму клюбу пад гарантыі адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця, якая цяпер апякуецца “Дынама”, давялося браць банкавы крэдыт. На рахункі футбалістаў і трэнэраў пераведзеныя заробкі за ліпень. Нявырашаным застаецца пытаньне аплаты за жнівень і за верасень, які хутка заканчваецца. Як будзе вырашацца сытуацыя надалей – застаецца таямніцай. Новыя спонсары, пра якіх гавораць у раённай адміністрацыі, гатовыя ўзяць на балянс каманду толькі ад наступнага году.

Васіль Сарычаў кажа, што сытуацыя ў берасьцейскім “Дынама” мусіць стаць добрым урокам для іншых беларускіх клюбаў:

“У гульцоў таго ж БАТЭ невялікія заробкі, але ў выпадку выкананьня задачы яны атрымліваюць больш, чым было б па заробку. То бок, добра адпрацаваная сыстэма бонусаў. А ў Берасьці ў кантракты занесьлі досыць вялікія заробкі, якія, канечне, цягнуць грошы. Прычым, разьмеркаваныя яны нераўнамерна, чым таксама праблемаў сабе настваралі. Набралі легіянэраў, якія не гулялі, а седзячы ў дублі, атрымлівалі ўдвая больш, чым гульцы на полі. І тое, што гэты нарыў пакрыху пачаў надрывацца, то гэта да лепшага. Бо чатыры папярэднія гады была сапраўдная бяда: грошы былі, а футболу не было. І ўсё гэта выглядала вельмі нядобра”.

Натуральна, што прыбыткі беларускіх футбалістаў непараўнальныя зь іншымі футбольнымі краінамі, аднак яны выгодна адрозьніваюцца ад заробкаў бальшыні беларусаў. У сярэднім месячны заробак гульца нацыянальнага першынства складае 5 тысяч даляраў.

Найлепшы спосаб зарабіць нядрэнныя грошы – пайсьці шляхам згаданага ўжо БАТЭ і скарыць эўрапейскія вяршыні. Плёнам сёлетняй гульні барысаўцаў пры мінімальным бюджэце – мільённыя сумы ад пападаньня ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў.

“Дынама” з Берасьця пры ўсіх фінансавых праблемах пазыцыі ў чэмпіянаце не здае і ідзе на пятым месцы, не на шмат саступаючы лідэрам. Суботняя сустрэча зь “Нёманам” завяршылася мірна – 1:1. Але як надалей адрэзануе на камандзе грашовы канфлікт, які ўжо атрымаў рэзананс?

І мы зразумелі: навошта траціць лішні час? Бо вельмі тоўстая сьцяна, каб яе спрабаваць прабіць. А ілбы ўжо не такія цьвёрдыя
Праблема фінансаваньня застаецца адной з галоўных для ўсяго беларускага спорту. Што ўжо казаць пра спартоўцаў, якія вычарпалі свой “рэсурс”. Пасьля заканчэньня кар’еры нават некаторыя алімпійскія чэмпіёны застаюцца ў літаральным сэнсе без сродкаў да існаваньня. Чатыры гады таму, пасьля Алімпіяды ў Афінах чатырохразовы алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні Віктар Сідзяк і алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Уладзімер Камінскі выступілі зь ініцыятывай стварэньня “Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў”, які праз дапамогу спонсараў мусіў дапамагаць атлетам, “сьпісаным у наклад”. Аднак улады насустрач не пайшлі і ідэя... перакачавала ў Расею. Чаму гэтак адбываецца на тле гучных заяваў аб прыярытэце спорту ў Беларусі? Пытаньне да Ўладзімера Камінскага:

“Адкуль жа я ведаю, якія там глыбінныя плыні? Рашэньне прынятае і выказваць на гэты конт постфактум свае думкі, сваё тлумачэньне гэтага рашэньня неяк сьмешна. Трэба ведаць усе акалічнасьці справы, каб нешта казаць... Паказальна іншае: Віктар Сідзяк пасьля гэтага зьехаў у Расею, атрымаў там грамадзянства, то бок, перанёс ідэю гэтых стыпэндыяў туды. І ён там без праблемаў заснаваў свой фонд і працуе. А мы ў мінулым годзе атрымалі паведамленьне з Гарадзкога ўпраўленьня юстыцыі, што нам адмоўлена ў рэгістрацыі. І мы зразумелі: навошта траціць лішні час? Бо вельмі тоўстая сьцяна, каб яе спрабаваць прабіць. А ілбы ўжо не такія цьвёрдыя”.


XS
SM
MD
LG