Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскія камунальныя службы патрабуюць узмацніць захады ў адносінах да злосных няплатнікаў за жыльлёва-камунальныя паслугі. У прыватнасьці, сталічнае ЖРЭА прапануе скараціць тэрміны тэрмін прыняцьця рашэньня аб іх высяленьні з 6-ці месяцаў да 4-х месяцаў, унесьці зьмены ў Жыльлёвы кодэкс.


Паводле інфармацыі генэральнага дырэктара аб’яднаньня “Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка” Віктара Вараб’ёва, пратэрміновая запазычанасьць насельніцтва складае амаль 6 мільярдаў рублёў. Толькі ў сталіцы больш за 38 тысяч уладальнікаў кватэр не аплачваюць камунальныя паслугі, 600 чалавек ня плацяць больш за 3 гады. Якія захады можна ўжыць да злосных няплатнікаў, тлумачыць юрыст:

Праблема ў тым, што такога падменнага жытла вельмі мала. Выселіць чалавека наагул на вуліцу нельга
“Спагнаньне запазычанасьці і пені праз суд і перасяленьне паводле пазову ЖРЭА ў менш добраўпарадкаванае і меншай плошчай жытло. Для гэтага ў адміністрацыі раёна павінен быць падменны фонд. Але патрэбна менавіта прыдатнае для пражываньня жытло, але меншай плошчы. Праблема ў тым, што такога падменнага жытла вельмі мала. Выселіць чалавека наагул на вуліцу нельга”.

Таму ёсьць толькі адзінкавыя выпадкі перасяленьня, тлумачыць галоўная бугальтарка “Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі” Тацяна Жэбрун:

“На сёньняшні дзень 20 сем’яў пераселена, хаця пададзена пазоваў значна больш. Мы ня можам нават у суд падаваць на перасяленьне, калі гэта агульная кухня, калі пражываюць непаўналетнія дзеці, і калі гэта прыватная кватэра”.

Высяленьне – гэта крайні выпадак, калі чалавек ня плаціць гадамі. Але даволі складана і спагнаць запазычанасьць, калі ёсьць рашэньне суду, кажа юрыстка:

“У чалавека два мільёны запазычанасьці. Як ён яе пагасіць? У яго няма грошай. Па частках з заробку, калі ён працуе. Апішуць маёмасьць. Як правіла, у такіх людзей маёмасьці няма. І фактычна рашэньне суду ёсьць, а рэальна кампэнсаваць страты вельмі праблематычна”.

На мінулым тыдні старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў назваў недапушчальнай суму амаль 6 мільярдаў пратэрмінаванай запазычанасьці насельніцтва за жыльлёва-камунальныя паслугі. “За такія грошы можна цэлы дзіцячы садок пабудаваць”, раскрытыкаваў няплатнікаў мэр, і даручыў камунальнікам тэрмінова распрацаваць захады па ліквідацыі запазычанасьці.

Галоўная бугальтарка Тацяна Жэбрун кажа, што прапановы свае камунальнікі ўжо ня адзін раз уносілі:

З пачаткам ацяпляльнага сэзону запазычанасьць расьце. Вельмі рэзка
“Мы ўносілі прапановы ўнесьці зьмены ў Жыльлёвы кодэкс, асабліва калі кватэра знаходзіцца ў прыватнай ўласнасьці. То бок продаж з аўкцыёну, пагашэньне пазыкі, купля жытла меншай плошчы і розьніцу чалавеку на рахунак. Але гэта доўжыцца ўжо гады 3, і пакуль пытаньне ня вырашана”.

Блізіцца зіма, плата за кватэру істотна вырасьце, бо пачнецца ацяпляльны сэзон. Галоўная бугальтарка “Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі” Тацяна Жэбрун прагназуе:

“Мы ж аналіз запазычанасьці рабілі. З пачаткам ацяпляльнага сэзону запазычанасьць расьце. Вельмі рэзка”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG