Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціне Сьвяцкай забаранілі агітаваць на “Максімусе” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Спадарыня Сьвяцкая зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты па Ясенінскай акрузе №100 і зьяўляецца прадстаўніком Аб’яднаных дэмакратычных сіл ад партыі БНФ.


Валянціна Сьвяцкая накіроўвае скаргу ў акруговую выбарчую камісію і адміністрацыю Маскоўскага раёну Менску.

На харчовы рынак “Максімус” Валянціна Сьвяцкая прыйшла перад пачаткам працы, а 8-й гадзіне ранку, каб пагутарыць зь ягонымі супрацоўнікамі:

“Я хачу адразу вам паведаміць, што я Валянціна Сьвяцкая, ваша сталая пакупніца. Да таго ж, зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Прыйшла да вас на законных падставах, бо вашае прадпрыемства і я маем права на сустрэчу. Маем права на тое, каб даведацца адзін пра аднаго, як мага больш, і лепш пазнаёміцца”.

Аднак неўзабаве зьвяліся ахоўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі рынку, якія забаранілі прамаўляць, а таксама рабіць гуказапіс і фатаграфаваць:

Прадстаўніцы адміністрацыі рынку “Максімус”

Адміністратарка: “У вас ёсьць дазвол?”

Сьвяцкая: “Ёсьць дазвол – артыкул № 51 выбарчага кодэксу. Калі ласка, вось маё пасьведчаньне”.

Адміністратарка: “На якой падставе вы запісваеце мой голас?”

Ахоўнік: “Тут забаронена фатаграфаваць”. (Перамаўляецца па рацыі: “тут агітуюць”).

Ахоўнік выклікае дапамогу

Сьвяцкая: “Вам, Вольга Анатольеўна, як адміністратарцы, хачу давесьці, каб вы ведалі, што я карыстаюся сваім канстытуцыйным правам і правам, дадзеным мне законам, які дазваляе мне распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы ўсюды, у тым ліку і на прадпрыемствах”.

Адміністратарка: “Гэта не прадпрыемства”.

Сьвяцкая: “Рынак – гэта прадпрыемства. А таму, паважаная Вольга, я скарыстаюся сваім правам да канца”.

Прадстаўніца адміністрацыі, ахоўнік, Валянціна Сьвяцкая

Валянціна Сьвяцкая кажа, што сёньня ж накіруе скаргу на адміністрацыю рынку ў акруговую выбарчую камісію, а таксама ў выканкам Маскоўскага раёну. Вось як яна пракамэнтавала інцыдэнт:

“Рэакцыя такая, бо людзі напалоханыя. Бедная адміністрацыя да такой ступені прыніжаная і падняволеная, што нават каб я рэклямныя ўлёткі раздавала, то яны, пэўна, павыскоквалі б”.

У суседняй цырульні адміністратарка Тацьцяна Саўчык дазволіла ня толькі раздаць улёткі й пагутарыць з супрацоўнікамі, але не адмовілася выказацца і сама:

Карэспандэнтка “Тое, што з вамі прыйшла сустрэцца кандыдат у дэпутаты, як вы да гэтага ставіцеся?”

Саўчык: “Вельмі добра. Вельмі прыемная жанчына і прыемна зь ёй было пагутарыць”.

Карэспандэнтка: “Ці патрэбныя такія сустрэчы, як вы лічыце?”

Саўчык: “Канечне патрэбныя, каб пабачыцца з чалавекам, пазнаёміцца”.

Валянціна Сьвяцкая размаўляе з адміністратаркай цырульні

Валянціна Сьвяцкая кажа, што толькі напярэдадні здолела атрымаць з друкарні свае ўлёткі і асноўная частка агітацыйнай працы ў яе наперадзе. Яна таксама перакананая, што змагацца за дэпутацкі мандат прадстаўнікі апазыцыі павінныя да канца:

“Я лічу, што гэта трэба рабіць. Бо вось такі кантакт зь людзьмі дазваляе паказаць, што мы нармалёвыя людзі, а не з таго бруду, які ліюць на нас зь дзяржаўнага тэлебачаньня. Самае цікавае, што вось тут, у гэтых дамах, у свой час цэнтралізавана атрымлівалі кватэры будаўнікі. Гэта такая праўладная апазыцыя. І менавіта тут, на вуліцы Бялецкага, за мяне гэтулькі подпісаў бабулькі паставілі, якія пабачылі сапраўднае аблічча гэтай улады! Яны мяне падтрымалі! І іх ужо не палохала, як мінулы раз, тое, што я прыйшла ад апазыцыі і ад БНФ”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG