Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 19 верасьня


У чацьвер Лукашэнка даў інтэрвію заходнеэўрапейскім выданьням “Financial Times” і “Frankfurter Allgemeine Zeitung”. Які галоўны сэнс пасланьня беларускага лідэра эўрапейскай грамадзкасьці? Чаму Лукашэнка ня просіць, а патрабуе ад Эўразьвязу прызнаць выбары? Чаму Лукашэнка фактычна заклікае Захад абараніць Беларусь ад Расеі?

Удзельнікі: рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Алесь Лагвінец.

ЯКІ ГАЛОЎНЫ МЭСЫДЖ ЛУКАШЭНКІ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ГРАМАДЗКАСЬЦІ?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
: “Мы назіраем цікавы палітычны фэномэн. У самой Беларусі выбары ў Палату прадстаўнікоў не выклікаюць вялікай цікавасьці ні ў палітычнай клясы, ні ў грамадзтва. Ніколі з 1990 году не было такога маленькага конкурсу на мандат дэпутату парлямэнту.

А вось цікавасьць з боку Захаду да гэтых выбараў — вялікая як ніколі. У дакумэнтах міжнародных інстытутаў, заявах заходніх палітыкаў пытаньне аб дачыненьнях зь Беларусьсю жорстка ўвязана з умовамі правядзеньня выбараў.

Рэагуючы на гэта, беларускія ўлады і праводзяць гэтыя выбары ў, так бы мовіць, экспартным варыянце. І чым больш Лукашэнка падкрэсьлівае, што, маўляў, выбары мы праводзім найперш для беларускага народу, насамрэч усе перадвыбарчыя дэкарацыі арыентаваныя на ўспрыняцьце іх менавіта заходнімі назіральнікамі. Дык атрымоўваецца, што інтэрвію Лукашэнкі “Financial Times” і “Frankfurter Allgemeine Zeitung” — гэта нейкі рэклямны ролік для гэтага тавару пад назвай “парлямэнцкія выбары?”

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандр Класкоўскі
: “Найперш трэба адзначыць, што піяршчык лорд Бэл недарэмна ёсьць свой хлеб. Бо выданьні, якім Лукашэнка даў інтэрвію — гэта ўплывовыя, рэспэктабэльныя газэты зь вялікім накладам. Таму інтэрвію будзе мець значны рэзананс.

У гэтым інтэрвію Лукашэнка ўпершыню наўпрост зьвярнуўся да Захаду з заклікам прызнаць нашы выбары. Раней ён увесь час паўтараў, што выбары мы робім не для Захаду, а для свайго народу. А цяпер прагучаў заклік прыняць і прызнаць нас такімі, якія мы ёсьць. Лукашэнка не прапануе залатыя горы ў сэнсе дэмакратыі, а прапануе рацыянальны палітычны торг”.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
: “Захад акцэнтаваў увагу на выбарах таму, што свабодныя выбары — гэта адна з прыкметаў дэмакратычнага рэжыму. Сёньня патрабаваньне правядзеньня свабодных выбараў стала галоўным. Ад яго выкананьня залежаць дачыненьні Беларусі з Захадам. А якраз падчас выбараў улады найбольш паказваюць сваё недэмакратычнае аблічча.

Лукашэнка пэрыядычна спрабуе закідаць прапановы ў бок Захаду з дапамогай інтэрвію розных заходнім мэдыям. Бо ён устрывожаны праблемай захаваньня ўлады, паразуменьне з Расеяй даецца ўсё цяжэй. Таму для захаваньня ўлады ён шукае апірышча на Захадзе”.

ЧАМУ ЛУКАШЭНКА ПАТРАБУЕ АД ЭЎРАЗЬВЯЗУ ПРЫЗНАЦЬ ВЫБАРЫ?

Карбалевіч: “У гэтым інтэрвію Лукашэнка ня столькі просіць Захад прызнаць выбары, колькі патрабуе гэтага ад Эўразьвязу. Маўляў, паспрабуйце толькі не прызнаць. Ён перасьцерагае ЭЗ ад двайных стандартаў, кажа, што “я ня буду вымольваць сабе візы ЭЗ”. Спроба размовы з Захадам з пазыцыі сілы — гэта проста адметнасьць палітычнага стылю Лукашэнкі ці тут ёсьць пэўны палітычны разьлік?”

Класкоўскі: “Я трошкі іначай успрыняў гэтую танальнасьць. Па-першае, як дасьведчаны палітык, ён разумее, што ня варта мітусіцца, паказваць трывогу, каб не падалося, што яго можна ўзяць голымі рукамі, бо спалохаўся Расеі. Адсюль трохі найграная ўпэўненасьць.

Другі момант — тут адбываецца апэляцыя да рацыянальных інтарэсаў Захаду. Лукашэнка не абяцае, што тут будзе разгул дэмакратыі. Вось ён кажа, што, можа, новы парлямэнт і не спадабаецца Захаду, але ён будзе такім, якім яго абярэ народ. А калі там толькі лічаная колькасьць апазыцыянэраў, то, маўляў, я не вінаваты, народ іх не падтрымаў.
Адсуньце ўбок лібэральныя каштоўнасьці і засяродзімся на агульнай небясьпецы ад імпэрскай Расеі

Лукашэнка адзначае, што і эканамічныя фактары падштурхоўваюць да дыялёгу з Захадам. Ён абяцае, што будзе прыватызацыя, можна будзе купіць і 100% акцый беларускіх прадпрыемстваў.

Вось ён кажа, што не ганіце нас у карак, мы хутка на 80% зробім так, як там у вас на Захадзе. Думаю, маецца на ўвазе, што 80% — гэта варыянт аўтарытарнай мадэрнізацыі, а 20% — гэта сфэра дэмакратыі і правоў чалавека, дзе якраз і існуе адрознасьць ад Захаду.

Такім чынам, Лукашэнка апэлюе да геапалітычных інтарэсаў Захаду. Маўляў, адсуньце ўбок гэтыя, як ён любіць казаць, эфэмэрныя рэчы, то бок лібэральныя каштоўнасьці, і засяродзімся на агульнай небясьпецы ад імпэрскай Расеі”.

АСАБЛІВАСЬЦІ ПАЛІТЫЧНАГА СТЫЛЮ

Карбалевіч: “Хацеў бы зьвярнуць увагу, што на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх мэдыяў Лукашэнка казаў: працэс прыватызацыі, які нібыта пачынаецца ў Беларусі, не азначае, што дзяржава страціць кантроль над прадпрыемствамі. А вось для заходніх журналістаў ён абяцае прадаць інвэстару 100% акцый. То бок зь якой аўдыторыяй размаўляе Лукашэнка, пад тую і падстройваецца”.

Лагвінец: “Лукашэнка быў у сваім рэпэртуары. Палітычныя абставіны могуць прымушаць яго рабіць пэўныя крокі. Але, як звычайна, ён імкнецца спадабацца, выказвае сваю пазыцыю супярэчліва, але ў вельмі катэгарычнай форме.

Палітычная культура Лукашэнкі такая, што ён ня можа весьці нармальны дыялёг зь іншымі, а размаўляе з пазыцыі сілы. Цяпер ён дзейнічае па такім мэтадзе: чым больш запатрабую, тым больш атрымаю”.

ЗАХАД, АБАРАНІ БЕЛАРУСЬ АД РАСЕІ!


Карбалевіч: “Раней так пра палітыку Расеі адносна Беларусі Лукашэнка ніколі не казаў. Ён перасьцерагае Маскву ад умяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі. Беларускі лідэр кажа, што калі Расея зробіць зь Беларусьсю тое, што яна зрабіла з Грузіяй, то ў гэтым выпадку Эўропа будзе мець поўнае права супрацьдзейнічаць Маскве.
У гэта цяжка паверыць, але Лукашэнка заклікае Захад актыўней удзельнічаць у жыцьці постсавецкіх дзяржаў
У гэта цяжка паверыць, але Лукашэнка заклікае Захад актыўней удзельнічаць у жыцьці постсавецкіх дзяржаў, каб быць процівагаю расейскай моцы, якая ўсьцяж нарастае”.

Класкоўскі: “Зроблены вельмі востры выпад у бок Расеі. Лукашэнка, па сутнасьці, кажа Захаду, што калі Расея пачне ўжываць у адносінах да Беларусі сілавы сцэнар, то вы нам тады дапамажыце.

Гэтае выказваньне сьведчыць пра няслушнасьць кансьпіралягічных вэрсіяў, якія ўжывае частка беларускай апазыцыі. Маўляў, збліжэньне з Захадам патрэбнае Лукашэнку, каб зрабіць легітымным парлямэнт, а потым хутчэй здаць Беларусь Расеі.

Сёньняшняя ўладная эліта адчула натуральны страх перад Расеяй, асабліва пасьля каўкаскай вайны. Яна зразумела, што імпэрыя, якая ўстала з каленяў, уяўляе сабой сьмяротную небясьпеку для гэтай улады і трэба бараніцца ўсімі сродкамі. Гэта і прарвалася ў інтэрвію”.

Лагвінец: “Сам факт агучваньня такой пазыцыі вельмі пазытыўны. Ён адлюстроўвае шырэйшае разуменьне беларускімі элітамі і контрэлітамі, што Беларусь павінна быць незалежнай. І гарантыя гэтай незалежнасьці — разьвіцьцё стасункаў як на ўсход, так і на захад, поўнач і поўдзень.

Увогуле, калі такая фраза гучыць з вуснаў палітыка, які казаў, што гатовы паўзьці на каленях у бок Расеі, то гэта паказвае пэўную эвалюцыю такога палітыка”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG