Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кінастудыя “Беларусьфільм” не ацаніла заслуг Дабралюбава


Ігар Дабралюбаў

Ігар Дабралюбаў

Вярхоўны суд сёньня прыняў рашэньне на карысьць "Беларусьфільму" ў справе паводле пазову кінарэжысэра, народнага артыста Ігара Дабралюбава.


Клясык беларускага кінэматографу дамагаўся скасаваньня дамовы аб маёмасных правах са студыяй: ён лічыць, што кіраўніцтва “Беларусьфільму” бескантрольна зарабляе на ягонай кінаспадчыне, не інфармуючы самога аўтара. На “Беларусьфільме”, у сваю чаргу, заяўляюць, што любая інфармацыя пра продаж стужак замежным кампаніям — камэрцыйная таямніца.

Стваральнік стужак, сярод якіх “Белыя Росы”, “Іван Макаравіч”, “Расклад на пасьлязаўтра”, “Плач перапёлкі”, “Эпілёг”, пасьля двух інсультаў практычна не ўстае з ложка і не размаўляе. Пра намер высьветліць сытуацыю вакол адносінаў зь “Беларусьфільмам”, пад дахам якога ім створаны два дзясяткі рознажанравых стужак, Ігар Дабралюбаў заявіў яшчэ перад хваробай.

Ягоныя інтарэсы ў судзе прадстаўляў малодшы сын Аляксей, які ўдакладніў: у 2002 годзе кінастудыя падпісала з Дабралюбавым дамову на выкарыстаньне маёмасных правоў пры дэманстрацыі ягоных працаў у Беларусі і за яе межамі. Аднак апошнім часам студыя перастала паказваць аўтару дамовы з пракатнымі агенцтвамі — якраз цяпер, калі фільмы савецкіх часоў сталі надзвычай запатрабаванымі. Мала таго, кінастудыя выставіла Дабралюбаву сустрэчны пазоў “аб пацьвярджэньні факту нікчэмнасьці зьдзелкі і яе несапраўднасьці”.

Гэта абсалютна супрацьзаконна — закон аб ахове аўтарскіх правоў ствараўся менавіта для аўтараў
Калегія ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду стала на бок “Беларусьфільму”. Судзьдзя Алена Дулуб абвясьціла: аўтарскія правы Ігара Дабралюбава на кінафільмы, зьнятыя падчас працы на “Беларусьфільме” ў 1964—1995 гадах, не прызнаваць. Суд вырашыў, што ў адпаведнасьці з Грамадзянскім кодэксам, які дзейнічаў на момант стварэньня фільмаў, аўтарскае права належала кінастудыі, а адносіны з рэжысэрам урэгуляваныя выплатай яму ўзнагароджаньня. Дамову зь “Беларусьфільмам” ад 2002 году, якую Дабралюбаў прасіў скасаваць, суд палічыў неадпаведнай заканадаўству і пастанавіў, каб рэжысэр вярнуў студыі амаль 1 500 даляраў. Апроч таго, яму давядзецца аплаціць судовыя выдаткі ў памеры амаль 1 000 даляраў.

Начальнік юрыдычнай службы “Беларусьфільму” Вікторыя Севярына катэгарычна адмовілася камэнтаваць судовы вырак, заявіўшы, што ў панядзелак зьявіцца адпаведны прэс-рэліз. Аляксей Дабралюбаў, які прадстаўляў інтарэсы свайго знакамітага бацькі, адрэагаваў на пастанову так:

“Дзейнае заканадаўства адназначна трактуе гэты момант, што аўтарскія правы належаць кінастудыі. Пры гэтым, праўда, нічога не сказана наконт таго, якія правы існуюць у рэжысэра — але гэтая частка ўвогуле не бралася пад увагу ў рашэньні. Значыць, ніякіх, у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, бо Вярхоўны суд — гэта найвышэйшая інстанцыя. Кінастудыі “Беларусьфільм”, адпаведна, давядзецца разрываць з усімі аўтарамі падпісаныя такім чынам дамовы. Як выявілася, яны, пэўна, у 2002 годзе няправільна ўспрымалі закон, што вынікае з рашэньня суду. То бок усе дзейныя дамовы, якія ёсьць у кінастудыі з аўтарамі, павінны быць скасаваныя”.

Кінарэжысэр Валерый Панамароў, які прысутнічаў на працэсе, пасьля абвяшчэньня рашэньня сказаў, што сёньня створаны прэцэдэнт, накіраваны супраць усіх людзей ягонай прафэсіі:

“Гэта ж я пазбаўляюся, Нікіфараў, Рыбараў, усе кінарэжысэры, якія зьнялі фільмы да 1996 году. Вось гэтым рашэньнем суду мы пазбаўляемся ўсялякіх аўтарскіх правоў. Хоць, на мой погляд, гэта абсалютна супрацьзаконна — закон аб ахове аўтарскіх правоў ствараўся менавіта для аўтараў. То бок гэтая пастанова ўзаконіла тое, што кінарэжысэры, аўтары сцэнару і кампазытары — нявольнікі. І яны павінны сябе такім чынам і паводзіць: нічога не патрабаваць, нічога не прасіць. Мяне надзвычай шакавала гэтая пастанова суду, таму што яна насуперак усім чалавечым правілам, юрыдычным правілам. Я так лічу. Бо закон аб ахове аўтарскіх правоў пачынаецца словамі: аўтар — гэта фізычная асоба, намаганьнямі якой створаны твор. І там не сказана, што такой асобай ёсьць вытворца, то бок прадпрыемства, якое тэхнічна спрыяе стварэньню, напрыклад, фільму”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG