Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хірург мае прымаць 25 чалавек на дзень, а прымае 70!”


Беларусі пагражае дэфіцыт працаўнікоў мэдычнай сфэры. На думку Алены Бельскай, старшыні прафсаюзу работнікаў сфэры аховы здароўя, пазьбегчы цякучкі кадраў можна, кардынальна зьмяніўшы сыстэму аплаты працы мэдработнікаў

Рост рэальных заробкаў супрацоўнікаў сфэры аховы здароўя ў першай палове 2008 году склаў усяго толькі 1%, у той час як у народнай гаспадарцы ў цэлым рэальны заробак павялічыўся на 8,4%. У траўні 21% супрацоўнікаў аховы здароўя атрымліваў ня болей за 400 тысяч рублёў, а 59% – не болей за 500 тысяч.

Мая суразмоўніца Аксана – мэдсястра са стажам, большым за 10 гадоў. На гэты момант яна вучыцца на курсах касмэтолягаў, каб мяняць прафэсію. “Бо мэдсястра ня можа зарабіць сабе на прыстойнае жыцьцё”, – тлумачыць Аксана:

“Стаўка ў мяне 300 тысяч. У мяне стаж больш за 10 год, надбаўка за гэта нейкая ёсьць, за шкоднасьць даплачваюць, за тое, што кожны дзень УВЧ, КВЧ – падвышаны ровень радыяцыі на працоўным месцы, таксама санітарскія нам плацяць, бо мы выконваем санітарскую працу, Нас ніхто ня просіць, мы самі гэтага хочам, каб зарабіць яшчэ нейкую капейку лішнюю. І яшчэ надбаўка за ўзмоцненую працу, бо прымаем значна болей хворых, чым паводле нормы, і прэмія. І цалкам за месяц я магу атрымаць прыкладна тысяч 500”.

Дзейны закон “Аб ахове здароўя”, а таксама закон “Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні” даюць мясцовым органам улады магчымасьць самастойна павышаць заробак мэдработнікам. Але карыстаюцца гэтым правам толькі ў Менску і Менскай вобласьці. Цяпер Менгарвыканкам разглядае пытаньне аб магчымасьці даплат дактарам некаторых спэцыяльнасьцяў асобна і мэдычным супрацоўнікам наагул. Пакуль жа сытуацыя папросту кепская, кажа начальнік упраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Ігар Броўка: дактароў не хапае катастрафічна:

“Па Менску не хапае прыкладна 2000 спэцыялістаў. Цяпер павялічылася колькасьць абітурыентаў, якія паступаюць у мэдычны інстытут, але мы ж падрыхтаваных спэцыялістаў атрымаем толькі праз 5 – 6 гадоў... А калі потым ардынатура... Таму кадравае пытаньне застаецца адным з самых праблемных”.

Атрымаць спэцыяліста – палова справы. Утрымаць іх пасьля абавязковай адпрацоўкі пры сёньняшніх матэрыяльных умовах амаль немагчыма, гаворыць мэдсястра Аксана:

“Яны адпрацоўваюць 3 гады абавязковыя і разыходзяцца хто куды: хто на рынак, хто што знойдзе...”

Гледзячы на сваіх калег са шматгадовым стажам, прысьвячаць жыцьцё прафэсіі мэдыка наважваюцца адзінкі, працягвае мая суразмоўніца:

“Няма наагул дактароў, няма да каго ісьці, людзі абураюцца, але сэнсу ў гэтым няма – абурайся не абурайся, дактароў няма. А тыя, хто яшчэ не сышоў... Ну, былі 2 хірургі. Застаўся адзін. Значыць, ён працуе за двух. Норма – 25 чалавек на дзень. Ён прымае 70. Уявіце, як гэта ўплывае на якасьць і як ён пачувае сябе пры канцы дня. Няма тэрапэўтаў, няма ўчастковых. Ну, як гэта сабе ўявіць – у любое надвор’е бегаць па кватэрах, па візытах (а іх мора) за 300-400 тысяч”?

Напярэдадні ў паліклініцы, дзе працуе мая суразмоўніца, адбылося паседжаньне прафсаюзу. Галоўным заахвочвальным матывам для супрацоўнікам называлі будоўлю жытла па льготных тарыфах: то бок мэтар каштуе 700 даляраў, а не 1300, як на рынку. Але з заробкам 500 тысяч аднолькава немагчыма ўзяць крэдыт – як на жытло коштам 50 тысяч даляраў, так і на жытло коштам у 2 разы большым.
XS
SM
MD
LG