Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманоўскі: У выбарчыя камісіі бралі тых, хто падабаўся ўладзе


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Сёньня ЦВК разгледзела выкананьне акруговымі камісіямі нормаў выбарчага заканадаўства. Упершыню з 1996 году, калі Цэнтравыбаркам ачоліла Лідзія Ярмошына, гэтае пытаньне зьявілася на парадку дня ў выніку настойлівых патрабаваньняў сябраў ЦВК з правам дарадчага голасу ад апазыцыйных палітычных партыяў.


Абмеркаваньне зацягнулася на тры гадзіны. Уладзімер Раманоўскі — сябра ЦВК з дарадчым голасам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — тлумачыць гэта тым, што ніколі раней дзейнасьць акруговых выбарчых камісіяў так грунтоўна не аналізавалі. Спадар Раманоўскі па выніках дыскусіі зрабіў некалькі высноваў:

“Агульная рыса, і гэта вялікі недахоп, як я лічу, — адсутнасьць кантролю пры фармаваньні акруговых камісіяў. Фактычная адсутнасьць кантролю”.

Уладзімер Раманоўскі таксама крытыкаваў адсутнасьць крытэраў, паводле якіх абіраюць сябраў выбарчых камісіяў. І менавіта гэта дае ўладам магчымасьць уключаць у камісіі толькі тых, каго яны пажадаюць:

“Мы маем фактычна абсалютны суб’ектывізм пры фармаваньні выбарчых камісіяў. Суб’ектывізм ёсьць суб’ектывізм. А ва ўмовах адсутнасьці кантролю гэта вядзе да злоўжываньняў.

І недавер выбарцаў фармуецца не на Захадзе, як часта спрабуюць казаць. Ён фармуецца тут”.

Галіна Сямдзянава, якая прадстаўляе ў ЦВК Партыю БНФ, задаволеная ўжо тым, што такое складанае і нязручнае для ўладаў пытаньне нарэшце ўвогуле разглядалі:

“Хада абмеркаваньня паказвае, што ЦВК замест таго, каб улічыць прэтэнзіі, недахопы (можа, неправамерныя, неабгрунтаваныя, а можа, і правільныя), стала на бок акруговых камісіяў і стаіць сьцяной, што яны ва ўсім маюць рацыю. Такога быць ня можа. Гэта проста немагчыма”.

А старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына загадала зрабіць па выніках дыскусіі пратакольны запіс:

“Як пісалі ў мэдыях у часы нашай маладосьці, адбылася вялікая і добрая размова. Хаця мы засталіся пры розных думках, тэму мы абмеркавалі”.

Іван Лабачоў, сябра ЦВК з дарадчым голасам ад БСДП (Грамады), выказаў спадзяваньне, што пры фармаваньні новых камісіяў хаця б частка заўвагаў будзе ўлічана. Ён дадаў, што ўчастковыя камісіі ствараюцца яшчэ з большымі парушэньнямі, чым акруговыя.

Сёньня ж ЦВК зацьвердзіла сьпіс дакумэнтаў, паводле якіх можна будзе атрымаць бюлетэні для галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Гэта пашпарт, нават старога ўзору, пэнсійнае пасьведчаньне, студэнцкі білет, службовае пасьведчаньне дзяржаўнага службоўца, вайсковы білет для вайскоўцаў і даведка органаў унутраных спраў, якая даецца замест згубленага пашпарту. На гэтых дакумэнтах абавязкова павінны быць здымак.
XS
SM
MD
LG