Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Анімаёўцы” пакажуць два мультфільмы па-беларуску


Запрашаюць на “Анімаёўку” звыкла па-расейску.

Запрашаюць на “Анімаёўку” звыкла па-расейску.

Сёньня ў Магілёве пачаўся адзінаццаты фэстываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2008”.

На ім пакажуць два мультфільмы па-беларуску: “Як Несьцерка гаршкі прадаваў” і “Аповесьць мінулых гадоў”. Летась на фэстывалі беларускамоўных фільмаў не было ўвогуле. Гледачоў на фэстываль запрашаюць, як і раней, па-расейску. Усяго цягам двух фэстывальных дзён гледачы пабачаць 100 мультфільмаў вытворчасьці трынаццаці краінаў сьвету.

Мультфільмы “Як Несьцерка гаршкі прадаваў” і “Аповесьць мінулых гадоў” сёлета ў Магілёве ўжо бачылі. Гаворыць супрацоўніца аб'яднаньня “Магілёўкінавідэёпракат”:

“Акурат мы іх атрымалі пры канцы навучальнага году. І ў траўні мы праводзілі такія арганізаваныя кінапрагляды да дня герба й сьцяга й крыху хваляваліся, што яны на беларускай мове. Аднак вельмі добра пачатковая школа глядзела, спадабалася і настаўнікам, і дзецям. На ўра прайшло й на гэты раз таксама”.

Мультфільм “Аповесьць мінулых гадоў” расказвае пра паходжаньне гербаў беларускіх гарадоў. Рэжысэры Натальля Хацькевіч, Ірына Кадзюкова ды Аляксандар Ленкін зрабілі ўжо тры часткі гэтага фільма. Тры часткі мультсэрыялу пра папулярнага фальклёрнага пэрсанажа Несьцерку зрабіў і рэжысэр Ігар Воўчак.

Агулам на фэстывалі “Анімаёўка-2008” гледачы за два дні пабачаць 100 мультфільмаў вытворчасьці трынаццаці краінаў сьвету: Беларусі, Украіны, Грузіі, Польшчы, Кітаю, Расеі, Ірану, Азэрбайджану, Казахстану, Узбэкістану, Літвы, Латвіі ды Эстоніі.

Беларускамоўныя стужкі ня часта трапляюць на гэты фэстываль. Летась не было ніводнай.

Арганізатары тады тлумачылі, што кінастудыя “Беларусьфільм” не дае ім беларускамоўнай прадукцыі. На кінастудыі ж наракалі на арганізатараў фэстывалю, якія не замаўляюць такіх фільмаў. А таксама даводзілі, што асноўны рынак збыту іх прадукцыі — Расея, таму даводзіцца рабіць мультфільмы ў асноўным па-расейску.

У 2006 годзе на “Анімаёўцы” была прадстаўленая адна беларускамоўная стужка — “Як я ў пана служыў” рэжысэра Ўладзімера Піткевіча. Яе адзначылі адмысловым прызам “За захаваньне традыцыяў”.

Рэжысэр Ігар Воўчак трымаецца думкі, што мультфільмаў па-беларуску здымаюць мала, бо гэта абумоўлена рынкам:

“Калі фільм на беларускай мове, то рынак для яго - толькі Беларусь. У Суздалі, напрыклад, быў фэстываль, ім вельмі спадабаўся і праект “Аповесьць мінулых гадоў”, і “Несьцерка”, аднак яны нічога не зразумелі, бо было ўсё на беларускай мове”.

Чаму беларускамоўныя мульцікі рэдкія госьці на беларускім тэлебачаньні і ў кінатэатрах, пацікавіўся я ў прэс-службе кінастудыі “Беларусьфільм”:

“У нас своеасаблівыя адносіны зь беларускімі каналамі. Ня хочуць, не бяруць і, што называецца, нефармат. Чаму мультыплікацыйныя фільмы не ў фармаце, гэтага сказаць ніхто ня можа. Напэўна, тэлеканалам выгадна набыць нейкі танны замежны мульцік, напрыклад, анімэ японскае, чым свой нацыянальны праект, які рабіўся групай рэжысэраў - насамрэч патрыётаў”, - зазначыла прэсавы сакратар кінастудыі Алена Мельнікава.

Паводле спадарыні Мельнікавай, кінастудыя здымае шмат мультфільмаў, аднак у бальшыні выпадкаў яны дэманструюцца толькі на фэстывалях.

Цяпер, кажа прэс-сакратар “Беларусьфільму”, там запісалі беларускія мультфільмы на DVD і зьбіраюцца іх паказваць у менскім мэтро.

Рэкляма фэстывалю звыкла застаецца расейскамоўнай. Калі раней гэта тлумачылі прысутнасьцю на фэстывалі гасьцей, то сёлета іх будзе няшмат — толькі трое: беларускі рэжысэр Юры Цьвяткоў, украінскі актор Аляксей Калесьнік да расейская акторка Натальля Варлей. Традыцыйнай конкурснай праграмы на фэстывалі сёлета ня будзе.
XS
SM
MD
LG