Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, выступаючы ў камітэце па міжнародных справах Савета Фэдэрацыі, папярэдзіў аб недапушчальнасьці дэстабілізацыі становішча ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.


Паводле Лаўрова, некаторыя замежныя „апекуны” Грузіі рыхтуюць у гэтай краіне дывэрсійна-тэрарыстычныя групы, каб вярнуць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю.

Лаўроў таксама паведаміў, што Расея замацоўвае вайсковую прысутнасьць у гэтых двух рэгіёнах, незалежнасьць якіх Масква прызнала ў аднабаковым парадку пры канцы жніўня:

Eсё, што адбываецца ўнутры Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, ужо ня мае дачыненьня да міратворчай дзейнасьці
„Усё, што адбываецца ўнутры Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, ужо ня мае дачыненьня да міратворчай дзейнасьці. Там, пасьля прызнаньня Расеяй гэтых дзьвюх рэспублік, ствараюцца вайсковыя базы, там разьмяшчаюцца вайсковыя кантынгенты Расейскай Фэдэрацыі ў адказ на непасрэдны зварот законна абраных уладаў дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў”.

Учора прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў дамовы аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Расеяй ды Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Мядзьведзеў таксама даў ясна зразумець, што Грузіі няма чаго разьлічваць на вяртаньне гэтых рэспублік:

Ілюзіі не павінна заставацца ні ў кога
„Паўтарэньне агрэсіі з боку Грузіі — рэваншыскія настроі, на жаль, там не хаваюць, і мілітарызацыя гэтай дзяржавы працягваецца — прывяло б да катастрофы рэгіянальнага маштабу. Таму ніхто не павінен сумнявацца — новай ваеннай авантуры мы не дапусьцім. Ілюзіі не павінна заставацца ні ў кога”.

Тымчасам сёньня ў Вене спыніліся перамовы паміж Расеяй і Арганізацыяй бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) аб разьмяшчэньні 80 няўзброеных вайсковых назіральнікаў ад АБСЭ ў зоне нядаўняга расейска-грузінскага канфлікту. Бакі не дамовіліся, дзе канкрэтна маюць знаходзіцца гэтыя назіральнікі.

Нагадаем, што ў новым пагадненьні аб замірэньні, якое Масква падпісала з Тбілісі пры пасярэдніцтве прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі 8 верасьня, знаходзіцца пункт аб разгортваньні як найменей 200 назіральнікаў ад Эўразьвязу ў гэтак званых „буфэрных зонах”, прылеглых да Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG