Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 18 верасьня, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Удзельнікаў акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых зьбілі ўзброеныя спэцназаўцы. Гэта -- адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”:

Сяргей Ягоравіч: “Я ўступаю ў Аб’яднаную Грамадзянскую партыю, падтрымліваю апазыцыю, быў на мітынгу 16 чысла. У мяне забралі сьцяг два амапаўцы і нічым гэта не патлумачылі. Буду на іх скардзіцца”.

Спадар Зіноўеў: “Пасьля бязьдзеяньня з нагоды зьбіцьця думаю, што першае ўпраўленьне дзяржпракуратуры ў Эўропу ўжо ад’езьдзілася”.

Спадар: “Пасьля дубіна-гумавага разгону дэмакратычная тэмпэратура апусьцілася ніжэй за нуль. А падлічваць галасы з апазыцыянэраў будзе дапушчаны толькі Лябедзька, бо ён вылучаў Аляксандра Лукашэнку ў прэзыдэнты”.

Выказваньне камэнтуе лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Аляксандра Лукашэнку вылучала ў прэзыдэнты і галасавала за яго значная большасьць беларускіх выбарцаў. І трэба прызнаць і памятаць гэты факт. У апошнія выбарчыя кампаніі гэтых галасоў было ўжо значна менш, гэта таксама факт, але яго ўжо не жадае прызнаваць Аляксандар Лукашэнка. Дык што, трэба гэтых людзей, якія галасавалі, у Сьвіслач пад канвоем спэцназу? Ці тым жа спэцназам у Сьвіслач тых, якія выходзяць на вуліцы і пратэстуюць супраць выкраданьня людзей?!”


У наступных тэлефанаваньнях слухачы Свабоды камэнтуюць ход выбарчай кампаніі:

Васіль Сініцкі, Лельчыцы:
“Я не разумею, чаму патрэбна прысутнасьць замежных назіральнікаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 верасьня. Вось калі б яны ўдзельнічалі пры падліку галасоў, гэта іншая справа. Каб прызнаць, што выбары былі несвабодныя, недэмакратычныя, хопіць і таго, што ў Палату ня будзе абраны ніводзін кандыдат ад дэмакратычных сіл”.

Спадарыня: “Хачу выказаць сваё стаўленьне да апазыцыі. Настолькі апазыцыя нашу Беларусь абплявала, паліла брудам. Якія толькі словы яна не знаходзіла: самыя незразумелыя, крыўдныя. І цяпер гэтая апазыцыя ідзе на выбары, каб яе выбралі дэпутатамі. Ды ніхто за яе не прагаласуе! Пасьля таго, як яна паставілася да беларускага народу, і пасьля таго, як яна зьняславіла нашу краіну на ўвесь сьвет, як яна зрабіла нашу краіну ізгоем, ніхто ў Беларусі не прагаласуе за нашу апазыцыю”.

Спадар: “Вось Севярынец выступаў і казаў, што Ісус нешта Беларусі дапаможа. А ў нас Ісус — Лукашэнка. Як ён скажа, так усё і будзе. І нічога вы ня зробіце, як вы ні змагайцеся. Ён жа сам казаў, што будзе правіць да 90 гадоў, а пасьля будзе перадаваць уладу дзецям”.

Выказваньні камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода Павал Севярынец:


“Тут камэнтар адзін: у Бібліі напісана — не ствары сабе куміра. Але людзі стварылі сабе куміра — Аляксандра Лукашэнку. І пасьля гэтага ў галовах людзей усё перавярнулася з ног на галаву. Рэжым завёў людзей у ізаляцыю, стварыў неэфэктыўную эканоміку, зьнішчыў пэрспэктывы нацыянальнага адраджэньня, разбурыў беларускую сям’ю. І ва ўсім гэтым зараз вінавацяць супраціўнікаў рэжыму”.

Працягваем праграму СМС-паведамленьнем: “Сёньня, а 14:00 гадзіне ў Кобрыне каля помніка Сувораву БРСМ прымаў у свае шэрагі дзяцей. Што робіцца?!” І далей яшчэ адно тэлефанаваньне:

Спадар: “Згодзен зь Вінцуком Вячоркам, што цяперашні кіраўнік дзяржавы рана ці позна здасьць беларускую незалежнасьць. Толькі я ўпэўнены, што незалежнасьць ужо здадзеная на карысьць Расеі. Ліквідаваная газэта “Чырвоная зьмена”, дэмакратычная на пачатку 90-х гадоў, не выходзіць часопіс “Першацьвет”, дзе маладыя літаратары маглі надрукавацца. Адзіная форма змаганьня, якая цяпер магчымая, — пісаць па-беларуску для нешматлікіх беларускіх выданьняў. Мабыць, праца па адраджэньні беларускай дзяржавы перакладзена на цяперашніх школьнікаў. Яны яшчэ пабачаць незалежнасьць, за якую ім прыйдзецца змагацца. Чаму ж так усё здарылася? Па Бібліі, я лічу, справа ў хібах маралі, якія зьявіліся ў Беларусі. І пакуль гэтыя хібы ня будуць ліквідаваныя, усё так і застанецца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG