Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорск – гэта “горад асобенны”


Эфір 16 верасьня 2008 г.

Што б там ні казалі, але ў Беларусі існуе афіцыйна зарэгістраваны бел-чырвона-белы сьцяг. Належыць ён незалежнаму прафсаюзу гарнякоў у Салігорску. Але, як і ўсё ў гэтым горадзе, сьцяг набыў свае шахцёрскія адметнасьці. Старшыня незалежнага прафсаюзу 1-га рудакіраваньня Васіль Нікіцюк нават зачытаў мне дакумэнт, у якім яны пазначаныя:


Нікіцюк: “Колеры на сьцягу Незалежнага прафсаюзу азначаюць, што гарнякі здабываюць калійную і каменную соль. Чаму бел-чырвона-белы? А таму што ў нас ёсьць соль белая, якую мы ўжываем у ежуі соль чырвоная, якая называецца сільвінітам, якую мы ўжываем для таго, каб атрымаць нашыя тукі. На Беларусі суадносіны паміж колькасьцю солі і калію адзін да трох. І таму дзьве белыя часткі і адна чырвоная”.

У Салігорску, бадай, самы моцны незалежны прафсаюз. Створаны ён быў у 1991 годзе, а ў 1992-ім у выніку 44-дзённай забастоўкі дамогся павышэньня зарплаты гарнякоў у 3 разы. Цяпер іншы час, іншыя улады і варункі. Тым ня менш, прафсаюз існуе...

Нікіцюк: “Некаторыя меркавалі, што нават пасьля дзесяцігодзьдзя з прафсаюзам можа нешта здарыцца. Тым ня менш, прафсаюз паволі але ўпэўнена разьвіваецца. Колькасьць яго чальцоў расьце. Людзі па-ранейшаму баяцца, бо існуюць розныя сыстэмы для ўтрыманьня людзей. Адной з такіх сыстэм ёсьць кантракт, на які людзі пайшлі добраахвотна. Ніхто асабліва ня гнаў. Проста паабяцалі 15 %, а грошай шмат не бывае, як і здароўя …”

Карэспандэнт: “Галоўным дасягненьнем прафсаюзу лічыцца калектыўная дамова. Чым яна адметная сёньня?”

Нікіцюк: “Упершыню ў нас ёсьць такі пункт – пытаньні прыватызацыі. Няхай ён кароценькі, але прафсаюз ўжо пра гэта падумаў”.


Карэспандэнт: “Незалежны прафсаюз – у пэўным сэнсе апазыцыйная структура. А ўсё, што сёньня апазыцыйнае, насьцярожвае ўлады, і часам супраць людзей прымаюцца рэпрэсіўныя меры”.

Нікіцюк: “Яно сапраўды так. Але ў нас у аб'яднаньні прафсаюз досыць магутны, хаця на некаторых прадпрыемствах, у прыватнасьці калі ўзяць Горадню, "Азот", там сапраўды адбываецца выцісканьне людзей з прафсаюзу. Наш салігорскі аўтобусны парк. Была калісьці магутная арганізацыя – 400 чалавек. Але здолелі ўсё ж падысьці такім чынам, каб прафсаюз гэты разваліць. Цяпер вырашылі ізноў яго стварыць. Але рабіць гэта цяпер значна складаней. У ранейшыя гады было прасьцей. Цяпер усё гэта адсочваецца. Калісьці быў у нас і першы паход на Менск, а цяпер мы хочам правесьці пікет, і нам не дазваляюць яго правесьці. Тады быў іншы час, і незалежны прафсаюз скарыстаўся гэтым часам. Тое, што мы хацелі атрымаць, – атрымалі. І наша задача ў цяперашніх умовах – гэта захаваць, ня даць, каб гэта згубіла сілу”.

Карэспандэнт: “Наперадзе выбары…”

Нікіцюк: “Калі шчыра, я неяк слаба веру, што ўсё пройдзе ў нас добра, хоць раблю для гэтага ўсё. Свае кандыдаты ў нас выстаўляцца ня будуць. Але будзе ад прадпрымальнікаў Цэцура Аляксандр. У яго таксама дэмакратычныя погляды. Безумоўна, будзем падтрымліваць”.

Далейшы мой шлях па тутэйшых паняцьцях звыклы: ад рудніка да галоўнага ўпраўленьня “Беларуськалію”, якое месьціцца ў самым цэнтры гораду, побач з помнікам Леніну. А па дарозе зазначу, што шахцёрская справа досыць небясьпечная. Так, у сьвеце штодня ў шахтах гіне 30 чалавек. А ў Салігорску сёлета такіх выпадкаў ужо тры.

Наступны мой субяседнік – прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу “Беларуськалію” Аляксандар Каралёў.


Карэспандэнт: “Неяк дзіўна бачыць у вас на стале Біблію, а не працоўны кодэкс... ”

Каралёў: “Гэта Кніга Кніг, на якой выхоўваюць усё цывілізаванае чалавецтва. Камуністы самае страшнае што зрабілі – нас адарвалі ад гэтай Кнігі. Яны парушылі ўсе запаведзі. А чалавек, які жыве не па запаведзях –нішто. Яшчэ адну кнігу я нашу з сабой. Няхай некаторыя гэта лічаць крывадушнасьцю – гэта іх клопат. Я ведаю, што калі б людзі дайшлі да гэтай Кнігі, у нас бы вырашылася маса праблем: палітычных, эканамічных, сацыяльных і, натуральна, духоўных. Дарэчы, гэтая Біблія з подпісам на беларускай мове”.

Карэспандэнт: “Асабіста вам што Яна дае?”

Каралёў: “Напамін кожны дзень аб тых дзесяці новазапаветных і дзевяці старазапаветных запаведзях…”

Карэспандэнт: “Вам даводзілася працаваць ня толькі ў Беларусі. Чым адрозьніваецца праца салігорскіх шахцёраў ад іншых?”

Каралёў: “Па-першае, праца ў салігорскіх руднях лягчэйшая ў тры разы, чым праца на вугальнай шахце. Але я не скажу, што яна па небясьпецы лягчэйшая. Тут вельмі небясьпечныя шахты. Прычым ёсьць такія складнікі, якія, мабыць, сьвядома не вызначае ўлада і ўласьнік для таго каб потым не плаціць людзям кампэнсацыю. Бо нездарма ж гэтыя раньнія сьмерці шахцёраў. Многія сьпісваюць гэта на тое, што, маўляў, яны вядуць нездаровы лад жыцьця: кураць, п'юць, культуры харчаваньня няма. Але гэта ня так. Збольшага ня так. Ёсьць і віна прадпрыемства, якое ня вызначыла шкодныя фактары і прымушае людзей працаваць”.

Салігорск быў заснаваны 50 гадоў назад на месцы невялічкай вёскі Вішнёўка, калі ў тутэйшых нетрах знайшлі каменную і калійную соль. Сёньня тут жыве ўжо амаль 102 тысячы чалавек. Фактычна, гэта горад аднаго прадпрыемства – “Беларуськалію” – на якім працуе больш як 20 тысяч чалавек – палова ўсяго працоўнага насельніцтва гораду. Прадпрыемства заможнае, арыентаванае пераважна на экспарт і штогод прыносіць дзяржаве некалькі мільярдаў даляраў. Аднак мой суразмоўца Аляксандар Каралёў бачыць у спэцыялізацыі гораду небясьпеку:


Каралёў: “Аднак самы страшны выкрут… і я ня думаю, што гэта выпадковасьць, - улады ж разумелі, што гэта монагорад і неабходныя іншыя вытворчасьці. Але, калі будуць іншыя вытворчасьці, будзе канкурэнцыя, і людзі будуць патрабаваць больш зарплаты. Таму цяпер людзі прыкаваныя да шахты і працуюць на ёй па трыццаць гадоў. Для іх гэта як быццам звычайна – працаваць па трыццаць гадоў у забоі, паміраць у 49-55 гадоў. А не разумеюць, што напісана ў гэтай кніжцы: Бог стварыў чалавека і даў яму жыцьця 120 гадоў. А цяпер што адбываецца? Чалавек памірае ў 49 гадоў, вы разумееце?!”

Чым жыве Салігорск сёньня? Мяркуючы па словах мінакоў, найбольш іх уразіла падзея, якая адбылася ўвесну, калі падчас каталіцкага сьвята на касьцёл упаў кран і прабіў дах. Па шчасьліваму зьбегу абставін абышлося без ахвяраў. Але дагэтуль тое прыгадваюць і ўспрымаюць як кепскі знак.
Актыўна віруюць і чуткі, нібыта там, дзе будаваўся лядовы палац, няўстойлівая глеба, бо пад зямлёй знаходзяцца падземныя вадаёмы. А таму бэлькі пайшлі ўглыб далей, чым трэба, і гэта можа прывесьці да дэфармацыі пабудовы. Народ непакоіцца, аднак мясцовае кіраўніцтва пакуль не пацьвярджае і не абвяргае гэтую інфармацыю.

А яшчэ тут вельмі шкадуюць, што ня могуць пабачыць і пачуць беларускіх музыкаў, кшталту “Крамы”, “Палаца”, “NRM”, бо ўсё вырашаюць кіраўнікі прадпрыемства і гораду, якім бліжэйшы прэзыдэнцкі аркестар.

Салігорск – гэта горад мужчын-гарнякоў, але ў жанчын і моладзі тут таксама адна пэрспэктыва – “Беларуськалій”.

Тацяна і Алесь, як і бальшыня гараджан, працуюць на “Беларуськаліі”.

Тацяна: “Жанчыне нашмат цяжэй у нашым горадзе. У нас на фабрыцы працуе дзесьці 40% жанчын, але зарплата іх і зарплата мужчын істотна адрозьніваецца. А на жанчыне яшчэ дзеці і побыт. Вядома, цяжка. Вось школьны сэзон пачынаецца. Школьная форма на дзяўчынку-першаклясьніцу – 150 тысяч. Прабачыце, з зарплатай у 300-400 тысяч гэта б'е па бюджэце”.

Карэспандэнт: “Умовы працы на прадпрыемстве... Наколькі яны прыдатныя для жанчын?”

Тацяна: “Усё што можна сказаць – мы вымушаныя працаваць у такіх умовах працы. На тым жа згушчэньні, калі дзяўчаты працуюць зьмену 12 гадзін. Або дзе-небудзь на мінусавай адзнацы машыністы помпавых установак змушаныя стаяць па калена, а то і па пояс ў волкасьці, у холадзе, асабліва ўзімку. Гэта, безумоўна, накладвае свой адбітак на яе здароўе ў наступным. А улетку ў сьпякоту, асабліва грануляцыя, дзе высокія тэмпэратуры... Канешне, вельмі цяжка”.

Карэспандэнт: “Да таго ж экалягічная сытуацыя…”

Тацяна: “Гэта таксама ўжо ні для каго не сакрэт, што цяпер у нас са 100 народжаных дзяцей, прыкладна кожны дзясяты знаходзіцца на ўліку па розных захворваньнях. У прыватнасьці гэта сардэчна-сасудзістыя захворваньні. Гэта значыць, анамаліі разьвіцьця сардэчнай сыстэмы: дадатковыя хорды і разнастайныя парокі сэрца. Гэта ў нас у Салігорску пачасьцілася. Плюс да ўсяго жанчыны, якія нараджаюць першае дзіця пасьля трыццаці – вельмі шмат розных анамалій разьвіцьця. Аж да даўнаў”.


Карэспандэнт: “Паводле салігорскага сайта, у 2003 годзе на 100 народжаных прыходзілася 79 абортаў. Сёлета ў Салігорску абортаў значна менш і нават адзначаецца павелічэньне колькасьці народжаных. Чым на вашу думку, гэта выклікана?”

Алесь: “Відавочна ўзровень зарплаты вырас, плюс жыльлё пад пяціпрацэнтныя крэдыты...”

Тацяна: “Са зьяўленьнем пятай і шостай рудняў ў людзей зьявілася ўпэўненасьць, што яшчэ гадоў на пяцьдзесят, можа, на сто працай будзе забясьпечаны хоць адзін карміцель у сям'і. Хаця б тата”.

І напрыканцы меркаваньне самага маладога пакаленьня. Карыне і Сафіі 4 і 6 гадоў.

Карэспандэнт: “Вы нарадзіліся ў Салігорску, тут жывяце. Чым вам падабаецца гэты горад?”

Сафія: “Ён прыгожы, малады і народ добры. Маленькі – ня так проста заблудзіцца. Шмат гасьцініц...”

Карына: “Фантаны, асабліва начны!”

Карэспандэнт: “Вы былі ў розных гарадах. А дзе хацелі б жыць?”

Сафія: “У Менску!”

Карына: “У Брэсьце!”

Карэспандэнт: “...? А чаму ў Менску?”

Сафія: “Там Макдоналдсы”.

Карэспандэнт: “А чаму ў Брэсьце?”

Карына: “У Брэсьце – Брэсцкая крэпасьць…”

Адказ прагучаў нечакана, але аказаўся досыць зьмястоўным. Бо і сапраўды, кажучы мовай дарослых, Салігорску відавочна не хапае атрыбутаў, уласьцівых сучасным гарадам, а таксама старадаўніх пабудоў і спаконвечнай гісторыі. Усё гэта, гэтак жа як і гарняцкі быт, вылучае горад з шэрагу іншых. А таму я цалкам пагаджуся зь дзяўчынкай, якая заўважыла:

Карына: “Салігорск – гэта горад асобенны”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG