Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня адметны дзень у гісторыі беларускага футболу. Матчам супраць мадрыдзкага “Рэалу” дэбютуе ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ.

Спартовыя адмыслоўцы не саромеюцца называць фэнамэнальнай падзеяй выхад у футбольную эліту малавядомай каманды зь мізэрным бюджэтам і прадказваюць БАТЭ нядрэнную будучыню. Ці апраўдае такія спадзяваньні каманда 31-гадовага Віктара Ганчарэнкі — самага маладога трэнэра ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў?

У адборачнай стадыі Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ не прайграў ніводнага матчу, па суме сустрэчаў перагуляўшы ісьляндзкі “Валюр”, бэльгійскі “Андэрлехт” і баўгарскі “Леўскі”. Па выніках жэрабя ў групе “Н” процістаяць беларусам будуць мадрыдзкі “Рэал”, турынскі “Ювэнтус” і санкт-пецярбурскі “Зэніт”. Кожнае здабытае ў гэтых гульнях ачко прынясе фінансавыя дывідэнды: перамога ацэньваецца ў 600 тысяч эўра, нічыя — у 300 тысяч. Гарантаваныя 5 мільёнаў эўра каманда атрымае за пападаньне ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў, сур’ёзнае стымуляваньне прадугледжваецца і за выхад у наступныя стадыі спаборніцтваў.

Аднак, каб зарабіць у Лізе чэмпіёнаў, патрабуюцца не авансавыя разважаньні пра фэномэн каманды з глыбінкі, а толькі рэальны вынік. Колішні галоўны трэнэр БАТЭ Юрый Пунтус не чакае ад былых выхаванцаў нейкага гераізму, але перакананы, што і супернікі праявяць пэўную гуманнасьць да дэбютанта самага прэстыжнага эўракубку. Ён лічыць, што з улікам групы і ўзроўню камандаў чакаць сюрпрызаў ад БАТЭ досыць праблематычна. А сам факт пападаньня ў групавую стадыю лічыць скачком вышэй галавы:

“Я ім магу сюрпрызаў толькі пажадаць, але, думаю, што з улікам узроўню супернікаў чакаць іх марна. І яшчэ, што вы ўкладаеце ў падтэкст сюрпрызаў — барацьба і годная параза ці нічыя і перамога? Калі другое, то мяркую, што гэтага будзе дасягнуць складана. Але ў кожным выпадку гэта ўжо гісторыя, гэта вялікі досьвед. Дарэчы, я не чакаю, што нехта будзе мэтанакіравана раскладаць БАТЭ на лапаткі. Гэтыя каманды такога ўзроўню, груба кажучы, што да канца не “дабіваюць”. Будуць выйграваць і будуць любавацца сваёй гульнёй, ня больш за тое. Як кажуць, зьдзекавацца да канца наўрад ці будуць, ня думаю, што перад імі стаіць такая мэта. Такога не павінна быць і ня будзе”.

Цяпер у Мадрыдзе знаходзіцца спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч, якому напярэдадні вечаровай сустрэчы ўдалося пабываць на трэніроўцы барысаўскага БАТЭ. Зь якім настроем беларусы абжывалі знакаміты 5-зоркавы стадыён “Сант’яга Бэрнабэу”?

“Настрой у каманды, на мой погляд, даволі добры. Футбалісты правялі на гэтым фантастычным стадыёне трэніроўку, на якой
Галоўная задача — гэта паказаць добрую гульню, набрацца досьведу ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў.
журналістам, згодна з рэглямэнтам групавога этапу, дазволілі пабыць усяго паўгадзіны. Удалося крыху пагутарыць з галоўным трэнэрам Віктарам Ганчарэнкам, некаторымі гульцамі. Усе разумеюць, што “Рэал” — надзвычай моцная каманда, у якой што ні прозьвішча — то “зорка”. Але настрой добры. Галоўная задача — гэта паказаць добрую гульню, набрацца досьведу ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Ну і калі атрымаецца, то чаму б не паспрабаваць, як кажуць, “зачапіць” аднаго з усясьветных грандаў. Можа, сёньня гэта будзе якраз мадрыдзкі “Рэал”.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць заўзятары барысаўскай каманды ў Мадрыдзе?”

“Так, ёсьць. Яны таксама прыляцелі з камандай адным самалётам, недзе каля 40 заўзятараў. Плюс пад’ехалі людзі, якія заставаліся пасьля матчу зборнай Беларусі з Андорай на адпачынак у Гішпаніі. І таксама яшчэ на гульню прыедуць заўзятары з Барсэлёны. На жаль, ня будуць гуляць сёньня з-за дыскваліфікацыі два асноўныя форварды — Генадзь Блізьнюк і Віталь Радыёнаў. І таксама ня будзе гуляць Аляксандар Ермаковіч, у яго траўма. Але ў любым выпадку гульцы настроены, каб добра сёньня згуляць супраць самага тытуляванага клюбу сьвету”.

Старшыня праўленьня БАТЭ Анатоль Капскі ня думае, што зь ягонай камандай гранды эўрапейскага футболу будуць абыходзіцца выключна як з “донарам ачкоў”. Ранейшыя сустрэчы сьведчаць, што ў кубкавых матчах практычна любая каманда здольная на сюрпрызы. Лішнім пацьверджаньнем — учорашнія сэнсацыі: кіпрскі “Анартосіс” зарабіў ачко ў матчы зь нямецкім “Вэрдэрам”, яшчэ менш вядомы румынскі “Клуж” адолеў на выезьдзе італьянскую “Рому”, а ўкраінскі “Шахцёр” перагуляў у Швайцарыі “Базэль”. Беларускі БАТЭ ад пачатку адносяць да аўтсайдэраў групавога турніру, аднак, як паказвае досьвед, закідваць шапкамі дэбютантаў небясьпечна. Анатоль Капскі ўдакладняе, што БАТЭ стаў кузьняй кадраў для многіх эўрапейскіх камандаў:

“Мне ня сорамна за наш клюб і за нашых выхаванцаў. Таму што палова зборнай Беларусі на сёньняшні дзень — гэта выхаванцы нашага БАТЭ. Гэта на ўсялякі выпадак пра растыражаваны нядобразычліўцамі статус БАТЭ як “заводзкай каманды”. Дадам, што сёньня нашы гульцы гуляюць у розных эўрапейскіх чэмпіянатах, гуляюць у першынстве расейскай Прэм’ер-лігі. Аляксандар Глеб выступаў некалькі гадоў у першынстве Бундэслігі. Граў не апошнюю ролю ў ангельскім “Арсэнале”, браў удзел у паўфінале Лігі чэмпіёнаў два гады таму, сёньня гуляе за “Барсэлёну”. Віталь Кутузаў у свой час пераходзіў у “Мілян”, гуляў у лісабонскім “Спортынгу”, а таксама ў італьянскіх “Парме” і “Сампдорыі”.

Да сусьветнай эліты далёка не адной толькі камандзе БАТЭ, а ўсяму беларускаму футболу. Пасьля выхаду барысаўцаў у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў аналітыкі ўзяліся параўноўваць дэбютанта з грандамі футболу і прыйшлі да несуцяшальнай высновы. Найперш, не вытрымлівае ніякай крытыкі інтарэс спэцыялістаў і заўзятараў да ўнутранага першынства, што не спрыяе падвышэньню агульнага ўзроўню футболу і ўзмацненьню камандаў моцнымі кадрамі.

Па-другое, у Беларусі практычна няма арэнаў, каб праводзіць матчы ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі УЭФА — менскі стадыён “Дынама” рыхтуецца да наступнага матчу БАТЭ зь “Ювэнтусам” у аўральным парадку і пад слова гонару беларускага ўраду.

Па-трэцяе, што проста шакавала экспэртаў — гэта фінансавая нястача клюбнага футболу ў Беларусі. Аказваецца, БАТЭ — абсалютны аўтсайдэр сярод 32 фіналістаў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў: трансфэрны кошт гульцоў каманды ацэньваецца ўсяго ў 5 мільёнаў эўра. Прыкладам, агульны кошт футбалістаў “Рэалу” у 70 разоў большы і перавышае 350 мільёнаў эўра.

Між тым, як паказвае практыка, нават заштатныя аўтсайдэры раз-пораз ламаюць агульнапрынятыя стандарты і выйграюць на чыстым энтузіязьме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG