Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны фінансавы крызіс уступіў у чарговую фазу абвастрэньня. Чацьвёрты па велічыні інвэстыцыйны банк ЗША "Lehman Brothers" абвясьціў пра сваё банкруцтва. Найбуйнейшыя банкі сьвету ўжо не чакаюць дзяржаўнай падтрымкі, а сумесна фармуюць адмысловы стабілізацыйны фонд памерам 70 мільярдаў даляраў, каб забясьпечыць ліквіднасьць глябальнага рынку. Ці адаб’ецца ўсясьветны фінансавы крызіс на эканоміцы Беларусі?

Ці закране усясьветны фінансавы крызіс Беларусь? Доктар эканамічных навук, экспэрт у пытаньнях усясьветнай эканомікі Аляксандар Лучанок выказаў такое меркаваньне:

“Думаю, не. Таму што мы слаба завязаныя на ўсясьветныя рынкі. Ну, Расею трасе, а там гэта паўплывае перш за ўсё на фондавы рынак, на курс іх валюты паўплывае, таму што яны павінны падтрымліваць фондавы рынак. А ў нас фондавы рынак разьвіты слаба, няма чаму развальвацца, няма чаму быць у крызісе”.

Незалежны экспэрт Зьміцер Бабіцкі лічыць, што непасрэднага эфэкту, які адаб’ецца на беларускім грамадзтве, на эканоміцы, ня будзе, бо фондавы рынак у Беларусі адсутнічае:

“Няма фактычна тых акцыяў, якія могуць упасьці ў цане, з гэтым праблем няма. Адзінае, з чым могуць быць праблемы, гэта з тым, што гэтая сытуацыя пацягне за сабой запавольваньне тэмпаў эканамічнага росту, і адпаведна можа адбыцца падзеньне цэн на нафту. Для Беларусі гэта хутчэй мінус, чым плюс, бо мы шмат грошай зарабляем на перапрацоўцы нафты. Чым менш яна каштуе, тым меншая тая маржа, якая застаецца ў нашай эканоміцы.

Прафэсар катэдры ўсясьветнай эканомікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Галіна Шмаргоўская мяркуе:

“У 1998 годзе быў азіяцкі фінансавы крызіс, які ўдарыў па Расеі і рыкашэтам дайшоў да нас. У 1980-я гады фінансавы крызіс быў у Мэксыцы, ён ударыў па такой квітнеючай краіне, як ЗША, бо ўсё ўзаемазьвязана — паміж імі быў значны гандаль. Я не хачу сказаць, што гэта наўпрост ударыць па нашай эканоміцы, але ўсе краіны ўзаемазьвязаныя так ці інакш”.

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі, прафэсар Станіслаў Багданкевіч на пытаньне, ці адаб’ецца ўсясьветны фінансавы крызіс на эканоміцы Беларусі, адказаў так:

“Я думаю, што не. У нас няма фондавага рынку, нас не закранае гэты ўсясьветны крызіс, у тым ліку і расейскі крызіс. Могуць быць нейкія прыватныя дробныя праблемы ў кагосьці. Але ў цэлым у нас не разьвітая гэтая сыстэма. У нас ёсьць толькі банкаўская сыстэма, фінансавай сыстэмы па сутнасьці няма. Таму нас гэты крызіс абыдзе. Мы можам у чымсьці нават выйграць: скажам, танна, за бесцань у Расеі скупіць якія-небудзь актывы. Але, я думаю, і гэтага ня будзе, бо ў нас грошай мала”.
XS
SM
MD
LG