Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША дапамогуць рэстаўраваць будынак, дзе выкладаў Шагал <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Прадстаўнікі амбасады ЗША прывезьлі ў Віцебск сэртыфікат, які сьведчыць аб перамозе ў міжнародным конкурсе, прысьвечаным пэрспэктывам захаваньня культурнай спадчыны.


Дэлегацыю ўзначальваў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур, які паведаміў, што “Віцебскі цэнтар сучаснага мастацтва” атрымаў грант памерам 30 тысяч даляраў ЗША на рэстаўрацыю будынку Віцебскай народнай мастацкай вучэльні, заснаванай у 1919 годзе славутым Маркам Шагалам.

Амэрыканскія дыпляматы разам з начальнікам аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкама Віктарам Кібісавым наведалі будынак па вуліцы імя газэты “Праўда”, дзе цяпер месьціцца “Віцебскі цэнтар сучаснага мастацтва” і дзе на пачатку мінулага стагодзьдзя выкладалі Марк Шагал, Юдаль Пэн, Казімір Малевіч.


Выступаючы перад прысутнымі, Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур сказаў, што імя славутага віцебскага ўраджэнца Марка Шагала яму знаёмае зь дзяцінства, а да Віцебску ён мае ўвогуле асаблівае стаўленьне.



Калі мяне накіравалі працаваць у Менск, то адным зь першых гарадоў, які я наведаў, стаў менавіта Віцебск
"Я вельмі рады зноў быць у Віцебску. Падчас майго першага візыту я зь вялікім задавальненьнем пазнаёміўся з гісторыяй і культурай гораду. Нягледзячы на тое, што зараз я жыву і працую ў Менску, самым першым беларускім горадам, пра які я даведаўся, быў Віцебск. Калі мяне накіравалі працаваць у Менск, то адным зь першых гарадоў, які я наведаў, стаў менавіта Віцебск" , — распавёў Джонатан Мур.

Каб пра Віцебск згадвалася часьцей, “Віцебскі Цэнтар сучаснага мастацтва” падарыў Джонатану Муру копію ўнікальнага фотаздымка 1919 году — гэта групавы фотаздымак супрацоўнікаў Віцебскай народнай мастацкай вучэльні, сярод якіх і заснавальнік навучальнай установы, сусьветна вядомы мастак Марк Шагал.

Начальнік аддзелу культуры гарвыканкаму Віктар Кібісаў падараваў удзельнікам дэлегацыі кнігі пра мастацкае жыцьцё Віцебшчыны. Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур таксама прывёз у падарунак кнігі і альбомы пра разьвіцьцё мастацтва ў ЗША
Дырэктарка “Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва” Валянціна Кірылава распавяла, што грант, які прынесла ўстанове перамога ў міжнародным конкурсе — а ў ім бралі ўдзел прадстаўнікі 60 краінаў сьвету — дазволіць перадусім памяняць вокны ў будынку. А гэта вельмі важна для добрай захаванасьці экспанатаў. Таксама мяркуецца, што ў пэрспэктыве ў будынку колішняй мастацкай вучэльні будуць працаваць навуковы, аналітычны і інфармацыйны цэнтры па вывучэньні спэцыфікі выяўленчага мастацтва пачатку мінулага стагодзьдзя. Агульны кошт рэстаўрацыі, паводле Валянціны Кірылавай, складзе паўтара мільярда рублёў.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG