Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аўторак позьнім вечарам паводле менскага часу ў Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША адбыліся слуханьні на тэму “Усё як заўсёды? Беларусь напярэдадні выбараў”.

Мэтай слуханьняў было ацаніць сытуацыю з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі ў сьвятле парлямэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца 28 верасьня.

На слуханьнях выступілі намесьнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэвйід Крэймэр, дырэктар эўразійскага аддзелу Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту Стывэн Нікс, дырэктар эўразійскіх праграмаў Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту міжнародных справаў Лора Джуіт і дырэктар эўрапейска-азіяцкага аддзелу Нацыянальнага фонду дэмакратыі Роджэр Патоцкі.

Старшыня Хэльсынкскай камісіі Элсі Гэйстынгс зазначыў, што слуханьні адбываюцца ў вельмі цікавы час для краіны, якая вылучаецца тым, што мае найгоршую ў Эўропе сытуацыю з правамі чалавека. Аднак апошнія падзеі – расейскае ўварваньне ў Грузію і фактычная акупацыя гэтай краіны – зьмянілі палітычную дынаміку ў рэгіёне, так што нават А.Лукашэнка, непахісны саюзьнік Расеі, выявіў асьцярожнасьць у ацэнцы дзеяньняў Расеі і дагэтуль не прызнаў незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Аднак, паводле Гэйстынгса, “выбарчае асяродзьдзе ў Беларусі дагэтуль застаецца праблематычным”. Сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека застаецца складанайі і спатрэбіцца шмат часу і намаганьняў, каб кампэнсаваць шкоду, нанесеную за апошнія чатырнаццаць гадоў. У сакавіку 2006 году Э.Гэйстынгс, які тады ўзначальваў назіральную місію АБСЭ ў Менску, зазначыў, што “беларускі народ заслугоўвае лепшай долі. Аднак, калі беларускія ўлады выявяць волю да прагрэсу ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека, Злучаным Штатам варта быць гатовымі да асьцярожнага і ўзважанага дыялёгу.

"Калі ўрад Беларусі пакажа рэальную гатовасьць да дэмакратычных рэформаў — у нас будзе магчымасьць палепшыць адносіны". Такую заяву зрабіў на слуханьнях намесьнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэйвід Крэймэр.

Паводле слоў Д.Крэймэра, "для паляпшэньня адносін Беларусь павінна сапраўды выконваць свае абавязаньні ў рамках АБСЭ ў тым, што тычыцца павагі да правоў чалавека, фундамэнтальных свабодаў і дэмакратычных нормаў". Ён падкрэсьліў, што вызваленьне палітзьняволеных стала "абнадзейлівым крокам", аднак ЗША чакаюць ад беларускіх уладаў забесьпячэньня грамадзянскіх правоў грамадзян, у тым ліку права на свабоду асацыяцый, свабоду слова, а таксама незалежных СМІ.

Д.Крэймэр зазначыў, што ў адказ на вызваленьне палітзьняволеных ЗША зьмякчылі на паўгода дзеяньне санкцыяў у дачыненьні да двух прадпрыемстваў канцэрну "Белнафтахім". "Мы будзем уважліва назіраць за Беларусьсю, каб вырашыць, ці працягваць такія захады", — сказаў прадстаўнік Дзярждэпу.

Незалежна ад адносін з афіцыйным Менскам "мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць беларускіх людзей, — заявіў Д.Крэймэр. — Мы стараемся дапамагчы няўрадавым арганізацыям узмацніць іх уплыў на грамадзтва, падтрымліваць магчымасьці палітычных партый, а таксама дапамагчы недзяржаўным СМІ забясьпечыць доступ да аб'ектыўнай інфармацыі". Д.Крэймэр адзначыў важную ролю Радыё Свабода – “вядучай міжнароднай беларускамоўнай мэдыя-арганізацыі”, якая нядаўна пачала ствараць і тэлевізійныя праграмыў супрацоўніцтве з тэлеканалам “Белсат”.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту падкрэсьліў, што палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі "ніколі не залежала ад пахаладаньня або пацяпленьня ў дачыненьнях Менску і Масквы". "Мы ніколі не імкнуліся да зьмены цяперашняга рэжыму, але імкнуліся да зьмены яго паводзінаў. І мы спадзяемся, што цяпер мы назіраем пазытыўныя сыгналы такіх зьменаў", — падсумаваў Д.Крэймэр.

Дырэктар эўразійскага аддзелу Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту Стывэн Нікс пракамэнтаваў назву слуханьняў: “Усё як заўсёды?” Ён зазначыў, што гэта, на жаль, вельмі трапная назва ў цяперашняй перадвыбарчай сытуацыі, бо улады Беларусі “адмаўляюць свайму народу ў фундамэнтальным праве, каб у працэсе галасаваньня іх голас быў пачуты”, і выказаў засьцярогу, што цяперашнія выбары наўрад ці ў гэтым сэнсе будуць адрозьнівацца ад папярэдніх.

Пагадзіўшыся з тым, што апошнім часам беларускія ўлады зрабілі крокі, якія выклікаюць “асьцярожны аптымізм”, С.Нікс папярэдзіў, што на будучыя выбары нельга глядзець праз ружовыя акуляры і што трэба уважліва назіраць за падзеямі выбарчай кампаніі і непасрэдна ў дзень выбараў. Ён нагадаў, што прадстаўніцтва апазыцыі ў выбарчых камісіях складае ўсяго 0,07% .

Падсумоўваючы, С. Нікс выказаў меркаваньне, што, як выглядае, падчас гэтых выбараў у Беларусі будзе “ўсё як заўсёды” і што ўсе паказвае на тое, што вынікі будуць ў пераважнай большасьці на карысьць рэжыму.

Дырэктар эўразійскіх праграмаў Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту міжнародных справаў Лора Джуіт лічыць, што цяперашнія выбары могуць стаць важнай падзеяй, але не дзеля таго, што звычайна зьвязваецца з выбарамі. Наўрад ці ў іх выніку будзе абраны прадстаўнічы парлямэнт, які будзе прадстаўляць інтарэсы выбарцаў, як гэта бывае пры дэмакратычных выбарах. Паводле Л.Джуіт, яны ня выклікаюць і драматычныя пераўтварэньні ў палітычнай сыстэме Беларусі, як гэта адбылося ў некаторых іншых краінах рэгіёну. Аднак гэтыя выбары могуць адзначыцца сваёй “роляй у якасьці баромэтру паляпшэньня дачыненьняў Беларусі з Захадам”.

Л.Джуіт вызначыла шэсьць крытэрыяў, паводле якіх можна будзе меркаваць пра зьмены ў выбарчай сытуацыі ў Беларусі:

- Ці застануцца ўсе 77 зарэгістраваных кандыдатаў ад апазыцыі ў выбарчай гонцы да дня выбараў?
- Ці змогуць прадстаўнікі апазыцыі ў выбарчых камісіях розных узроўняў ажыцьцяўляць свае правы і абавязкі?
- Ці будуць кандыдаты ад апазыцыі мець магчымасьць актыўна цесьці сваю кампанію?
- Ці будуць кандыдаты ад апазыцыі мець доступ да дзяржаўных СМІ па­за афіцыйнымі “пяціхвілінкамі” на радыё і тэлевізіі?
- Ці атрымаюць мясцовыя і міжнародныя назіральнікі поўны доступ да назіраньня за ўсімі фазамі выбарчага працэсу, улучна з падлікам галасоў?
- Ці будуць скаргі на парушэньне выбарчага працэсу належным чынам разгледжаныя а парушальнікі пакараныя?


Калі адказ на бальшыню з гэтых пытаньняў будзе “не”, лічыць Л.Джуіт, дык можна будзе зрабіць выснову, што і падчас гэтых выбараў у Беларусі будзе “усё як заўсёды”. Калі ж адказы будуць станоўчыя, гэта будзе сьведчаньнем таго, што “Беларусь робіць прынамсі сьціплае намаганьне ў адказ на занепакоенасьць ЗША і Эўропы з мэтай дамагчыся адмены санкцыяў і палепшыць сваю пазыцыю ў дачыненьні да Расеі”. Такія намаганьні, на думку Л.Джуіт, маглі б пашырыць прастору для палітычнай дэмакратыі ў краіне.

Дырэктар эўрапейска-азіяцкага аддзелу Нацыянальнага фонду дэмакратыі Роджэр Патоцкі зазначыў, што рэжым у Менску абраў новы падыход да выбараў у параўнаньні з папярэднімі, аднак зьмены гэтыя датычаць хутчэй стылю, чым сутнасьці справы, і маюць тактычны характар. Лукашэнка хоча правесьці “ціхія выбары”, каб паказаць “прагрэс” на некалькіх франтах і выглядаць у пазытыўным сьвятле перад Захадам, дамогшыся пры гэтым загадзя прадбачаных вынікаў.

Паводле Р.Патоцкага, гэтым разам арганізацыя выбараў разьлічаная перадусім на амэрыканскіх і эўрапейскіх спажыўцоў з мэтай паляпшэньня міжнароднага іміджу Беларусі. ЦВК Беларусі выразна абвясьціла сваёй галоўнай мэтай “прызнаньне вынікаў выбараў міжнароднай супольнасьцю”.

Р.Патоцкі адзначыў, што як і ўлады, лідэры дэмакратычнай апазыцыі таксама прызналі першарадную ролю ў выбарчым працэсе за міжнароднай супольнасьцю. Засяроджваючы свае намаганьні на спаборніцтве з уладамі за прыцягненьне ўвагі Захаду, замест вядзеньня агітацыйнай кампаніі, апазыцыя адцягвае ўвагу электарату ад беларускіх праблемаў. Назіральнікі ад АБСЭ ацэньваюць выбарчую кампанію як “бясшумную”. Заклікі часткі апазыцыі да байкоту выбараў, паводле Р.Патоцкага, пагражаюць ператварыць выбары выключна ў “міжнароднае шоў”.

У савецкія часы, нагадаў Р.Патоцкі, Беларусь называлі “ціхай рэспублікай”. Цяпер улады робяць усё магчымае, каб гэтыя “ціхія выбары” спадабаліся Захаду. Аднак “гукі цішыні”, якія даходзяць зь Менску, сьведчаць пра тое, што і гэтыя выбары ня будуць свабоднымі і справядлівымі. Адказваючы на пытаньне, пастаўленае ў назьве слуханьняў, Р.Патоцкі зазначыў, што гэтым разам ня будзе “ўсё як заўсёды”, але надалей у выбарах будзе панаваць дух падману.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG