Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі апазыцыя ня пойдзе на выбары – усе палічаць, што яна спалохалася”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 17 верасьня, сераду.


Увечары 16 верасьня ў Менску узброены спэцназ зьбіў і разагнаў удзельнікаў акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых: палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, журналіста Зьмітра Завадзкага. Выказваньне слухача на гэтую тэму:

Спадар: “Улада — гэта не аморфны твар, гэта канкрэтныя людзі, якія аддаюць загады. На іх трэба весьці сьпіс, яны ўсё роўна некалі будуць стаяць перад народным судом. А спэцназ — гэта малайцы, якія ня хочуць працаваць. Ім усё роўна, каго разганяць і біць. За добрыя грошы яны паб’юць і родную маці. Горка гаварыць, калі ўлада не дае памянуць зьніклых людзей”.

На тэму ўдзелу прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных сіл у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў наступнае тэлефанаваньне:

Спадарыня: “Я лічу, што апазыцыйным кандыдатам ні ў якім разе ня варта здымацца з выбараў. Абавязкова трэба ісьці да канца. У тых умовах нізкай прававой культуры, якая пануе цяпер у нашым грамадзтве, байкот і зьняцьцё кандыдатаў дасьць адваротны вынік. Гэта дазволіць рэжыму правесьці безальтэрнатыўныя выбары і легітымізаваць “палатку”. І таксама рэжым абвінаваціць апазыцыю ў тым, што яна спалохалася. І сапраўды, у вачох насельніцтва будзе выглядаць на тое, што апазыцыя спалохалася, слабая, нічога ня вартая.

Таму трэба змагацца ў тых умовах, якія ёсьць. Лепшых ня будзе. І цяпер, дарэчы, не такія ўжо неспрыяльныя ўмовы для апазыцыі. Рэжым за апошнія гады настроіў супраць сябе значную частку грамадзтва. Тут і брутальныя новаўвядзеньні ў працоўны кодэкс, кантрактная сыстэма, указы па прадпрымальніках, адмена сацыяльных гарантыяў, завоблачныя заробкі і пэнсіі ў чыноўнікаў, шмат чаго іншага, татальны гвалт і беззаконьне ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Апазыцыі ёсьць з чым ісьці да выбарнікаў, ёсьць шырокае поле для дзейнасьці.

І ня трэба скардзіцца, што апазыцыю не ўключылі ва ўчастковыя камісіі, а трэба працаваць зь сябрамі ўчастковых камісій, працаваць індывідуальна, паасобку. Сярод 70 тысяч людзей, якіх туды ўключылі, ня могуць усе быць зацятымі прыхільнікамі рэжыму. Таму абавязкова трэба змагацца, а не здымацца. А хто стаміўся, няхай здымаюцца. Але ня варта цягнуць за сабой усіх астатніх”.

Працягваем праграму пытаньнем слухача:

Спадар: “Чаму на Радыё Свабода не перададуць інтэрвію з рок-музыкам Лявонам Вольскім, не раскажуць гісторыю гурту NRM? Гэта ж цікава моладзі, і ня толькі”.

Адказвае Лявон Вольскі:

“Біяграфію і маю асабіста, і гурта “NRM” пры жаданьні можна знайсьці ў інтэрнэце. Скажу, што гурт “NRM” утварыўся ў 1994 годзе. За гэты час было шмат падзеяў, перамогаў. І, на маю думку, гурт па-ранейшаму застаецца на адной зь першых пазыцыяў у Беларусі. Маем шмат вядомых культавых альбомаў, такіх, як “Адзірыдзідзіна”, “Пашпарт грамадзяніна NRM”, “Дом культуры”, зараз выйшаў альбом “06” і іншыя. Таксама амаль увесь склад гурта ўдзельнічаў у розных супольных музычных праектах. Першы зь іх быў “Народны альбом”. Ён быў вельмі пасьпяховым, і вядомая польская “Газэта выборча” назвала яго падзеяй 1998 году нават у Польшчы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG