Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альбо касаваць пастановы ВС, альбо караць вінаватых


Прадстаўнікі апазыцыі патрабуюць ад уладаў тэрмінова расьсьледаваць акалічнасьці разгону акцыі 16 верасьня.


Заяву ў Генэральную пракуратуру прыняла палітрада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

Асабістую адказнасьць за зьбіцьцё людзей 16 верасьня лідэры апазыцыі ўсклалі на старшыню менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава, які асабіста прысутнічаў на акцыі, і на міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава.

“Трэба паставіць нейкую кропку: або адмяняць дзьве пастановы Вярхоўнага суду Беларусі, пад якімі стаяць подпісы старшыні ВС Валянціна Сукалы і ягонага тагачаснага намесьніка, а цяпер — старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі, спадара Міклашэвіча. У гэтых дакумэнтах чорным па белым напісана, што калі людзі стаяць з партрэтамі, гэта не падпадае пад дзеяньне закону пра мітынгі і шэсьці і не патрабуе спэцыяльнай папярэдняй заявы. Таму трэба скасоўваць пастановы — або караць тых, хто іх парушае”, — адзначыў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, чыя арганізацыя старшынюе цяпер у АДС.

На 21 верасьня заплянавана апошняе перад выбарамі паседжаньне рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў з удзелам усіх зарэгістраваных кандыдатаў ад гэтай кааліцыі.
XS
SM
MD
LG