Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Д.Крэймэр: “Мы будзем уважліва назіраць за Беларусьсю”

  • БелаПАН

"Калі ўрад Беларусі пакажа рэальную гатовасьць да дэмакратычных рэформаў — у нас будзе магчымасьць палепшыць адносіны", - заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Д.Крэймэр.

Намесьнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэйвід Крэймэр выступіў 16 верасьня на слуханьнях, прысьвечаных парлямэнцкім выбарам у Беларусі. Слуханьні былі арганізаваныя Хельсынкскай камісіяй Кангрэсу Злучаных Штатаў.

Паводле слоў Д.Крэймэра, "для паляпшэньня адносін Беларусь павінна сапраўды выконваць свае абавязаньні ў рамках АБСЭ ў тым, што тычыцца павагі да правоў чалавека, фундамэнтальных свабодаў і дэмакратычных нормаў". Ён падкрэсьліў, што вызваленьне палітзьняволеных стала "абнадзейлівым крокам", аднак ЗША чакаюць ад беларускіх уладаў забесьпячэньня грамадзянскіх правоў грамадзян, у тым ліку права на свабоду асацыяцый, свабоду слова, а таксама незалежных СМІ.

Д.Крэймэр зазначыў, што ў адказ на вызваленьне палітзьняволеных ЗША зьмякчылі на паўгода дзеяньне санкцыяў у дачыненьні да двух прадпрыемстваў канцэрну "Белнафтахім". "Мы будзем уважліва назіраць за Беларусьсю, каб вырашыць, ці працягваць такія захады", — сказаў прадстаўнік Дзярждэпу.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту падкрэсьліў, што палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі "ніколі не залежала ад пахаладаньня або пацяпленьня ў дачыненьнях Менску і Масквы". "Мы ніколі не імкнуліся да зьмены цяперашняга рэжыму, але імкнуліся да зьмены яго паводзінаў. І мы спадзяемся, што цяпер мы назіраем пазытыўныя сыгналы такіх зьменаў", — рэзюмаваў Д.Крэймэр.
Стэнаграма яго выступлення размешчана на афіцыйным сайце Дзярждэпартамента ЗША.


XS
SM
MD
LG