Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод розных відаў (не)справядлівасьці ў нашым жыцьці адным з найбольш цікавых ёсьць гэтак званая гістарычная (не)справядлівасьць. Я пішу „(не)справядлівасьць” наўмысна, бо наогул заўсёды аказваецца, што, як кажуць палякі, punkt widzenia zależy od punktu siedzenia. Тое, што адным бачыцца як гістарычная справядлівасьць, для іншых зьяўляецца акурат нечым супрацьлеглым — гістарычнай несправядлівасьцю.

Хрэстаматыйны прыклад такой гістарычнай дыхатаміі: узьяднаньне Заходняй Беларусі з Усходняй у 1939 годзе.

Наўрад ці знойдзецца нейкі беларускі гісторык, — ці то зь лягеру недабітых нацыяналістычных фундамэнталістаў, ці то зь нетраў афіцыйнай “панславісцкай” навукі (скажам, з Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту або Палескага ўнівэрсытэту) — які паставіў бы пад сумнеў гістарычную справядлівасьць узьяднаньня Беларусі пасьля ўваходу Чырвонай арміі ў Польшчу 17 верасьня 1939 г.

Гістарычная справядлівасьць — сьляпая сіла. Яна не глядзіць, так бы мовіць, якімі інструмэнтамі карыстаецца. Беларусь узьядналася дзякуючы сакрэтнаму дадатку да пакту Рыбэнтропа-Молатава, які ўвесь цывілізаваны сьвет асудзіў як дыпляматычнае злачынства ўжо ого колькі гадоў таму. У вытокаў сёньняшняй еднасьці беларусаў (прынамсі, геаграфічнай) стаяць Гітлер і Сталін, якіх дабрачынцамі Беларусі ніяк не назавеш (а тут якраз — выпадала б). Бо гэта ж яны перакрэсьлілі гістарычна несправядлівы Рыскі трактат 1921 г., дзе бальшавікі з палякамі разарвалі беларусаў напалам, не пытаючыся іхнага меркаваньня.

Ну а што на гэты конт думаюць польскія гісторыкі? Няцяжка здагадацца: 17 верасьня 1939 — гэта дата вераломнага нападу СССР на Польшчу; нож у сьпіну, убіты саветамі якраз тады, калі палякі адбіваліся ад гітлераўскай навалы. Якое ўжо тут аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці для беларусаў, калі Польшча, з прычыны гэтага аднаўленьня, зьнікла з мапы Эўропы на пяць гадоў, а потым яшчэ на 45 гадоў стала савецкім сатэлітам?

Але пра гэтую дыхатамію я ўжо амаль ня думаю. А вось у апошнія гады, калі спахаплюся, што сёньня якраз 17 верасьня, мне заўсёды згадваецца адна гісторыя, якую я пачуў недзе 18-19 гадоў таму, як толькі стаў працаваць журналістам у беластоцкай „Ніве”. Здаецца, мне расказаў яе настаўнік зь вёскі Коматаўцы ў Гарадоцкай гміне на Беласточчыне.

У 1944 годзе, калі саветы пагналі немцаў назад і вярнуліся на Беласточчыну, агульнапалітычная сытуацыя не была ясная. Наш беларускі люд доўгі час ня быў упэўнены, дзе ён зноў апынуўся — у Савецкім Саюзе? у Польшчы? Але спакваля пачало праясьняцца, калі савецкія салдаты пачалі ставіць памежныя слупы.

Малым Азяранам (беларускай праваслаўнай вёсцы на мяжы Крынкаўскай і Гарадоцкай гмінаў) пачаткова не пашанцавала. Саветы пачалі ставіць свае слупы на захад ад вёскі. Што зробіш, сьляпая гістарычная (не)справядлівасьць.

Але потым нешта камусьці адмянілася, і слупы пачалі ставіць з усходняга боку Малых Азяранаў. Дзядзькі і цёткі ў вёсцы ледзь не пашалелі ад радасьці. Застаюцца ў Польшчы! Уздумалі былі зрабіць талакоўскае выпіваньне і ўсё такое, але аднаго дня з найбліжэйшага савецкага калгасу прыехаў „прэдсядацель” і заявіў, што, маўляў, заўтра прыедуць грузавікі, каб забраць увесь дабытак і хатні скарб азяранцаў ды іх саміх і перавезьці ўсё ў СССР. Яны ж свае, так ці не? Навошта ім заставацца ў „не сваёй” Польшчы?

Далёка за поўнач уся вёска вечавала і мазгавала, што рабіць. Урэшце пастанавілі: усе мужчыны на дасьвецьці ўцякуць у заходні бок і схаваюцца ў лесе, а ўсе жанчыны і дзеці покатам лягуць на дарогу з усходняга боку і перакрыюць рух калгасным грузавікам. Разьлік быў такі: на якія зьверствы саветы ні былі б здольныя ад прыроды, дык, можа, пасаромеюцца чавіць грузавікамі жанчын і дзяцей удзень, і то пасьля вайны.

Як пастанавілі, так і зрабілі. І ўдалося. Вёска Малыя Азяраны і па сёньняшні дзень стаіць на нашым, беластоцкім баку, і ў ёй жывуць азяранцы. Кожны можа пераканацца ў гэтым сам, набраўшы ў Google Maps “Ozierany Małe Poland”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG