Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін у Брусэлі: “У Беларусі няма дэмакратызацыі”


“Эўразьвяз не павінны ўводзіць у зман “касмэтычныя палітычныя рэформы ў Беларусі”, – заявіў сёньня ў Брусэлі Аляксандар Казулін.

Гэтую заяву экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, нядаўні палітвязень зрабіў у часе сустрэчы з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, на другі дзень пасьля таго, як міністры замежных спраў Зьвязу выказалі гатоўнасьць аслабіць санкцыі супраць афіцыйнага Менску.

“Сёньня ў нас ёсьць доказы, што не было аніякіх важных зьменаў у пытаньні дэмакратызацыі Беларусі. Зьмены зробленыя, гэтак мовіць, на фасадзе будынку, аднак яны ніяк не фундамэнтальныя”, – цытуе словы апазыцыйнага палітыка бэльгійскае інтэрнэт-выданьне EUobserver.

Паводле Казуліна, нядаўняе вызваленьне беларускімі ўладамі трох палітвязьняў недастатковае для гарантый зьменаў у палітыцы ЭЗ. Апазыцыйны палітык дадаў, што ў Беларусі па-ранейшаму няма выбараў, а ёсьць толькі прызначэньні. Ён падкрэсьліў, што яго дачка, якая бярэ ўдзел у парлямэнцкіх выбарах, хутчэй за ўсё, ня мае аніякага шанцу з-за яе прозьвішча.

Казулін перакананы, што ЭЗ, аднак, ня мусіць ігнараваць прапаноў Менску што да аднаўленьня дачыненьняў, ён павінен да некаторай ступені мадэрнізаваць гэтыя стасункі, аднак будзе цяжка знайсьці правільны балянс, не заахвочваючы рэжым.

"Я мяркую, што ў ЭЗ будзе дастаткова мудрасьці, каб прыняць адпаведнае рашэньне, зрабіць адпаведныя высновы”, – заявіў сёньня Казулін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG