Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грузія абнародавала запісы перахопленых тэлефонных размоваў, якія сьведчаць, што расейская бронетэхніка ўвайшла ў Паўднёвую Асэтыю амаль за суткі да атакі грузінскага боку на сталіцу сэпаратысцкага анкляву Цхінвалі. Тым самым Грузія спрабуе даказаць, што яна стала ахвярай уварваньня і пайшла ў атаку ў мэтах самаабароны. Расшыфроўкі і аўдыёзапісы тэлефонных размоваў асэтынскіх памежнікаў Грузія перадала спэцслужбам ЗША і Эўропы, а таксама газэце “New York Times”.


Гэтае выданьне зрабіла свой незалежны пераклад з асэтынскай мовы на расейскую, а з расейскай на ангельскую. І сёньня тэме пачатку вайны прысьвяціла вялікі артыкул. Паводле публікацыі, асэтынскія памежнікі вялі перамовы па каналах прыватнага апэратара сотавай сувязі. Нейкі начальнік у штабе паўднёваасэтынскіх памежнікаў у памежніка з прозьвішчам Гасіеў, які дзяжурыў у тунэлі, запытаўся: “Паслухай, бронетэхніка прайшла, ці як?”. “Бронетэхніка і людзі”, -- адказаў памежнік. На пытаньне, ці прайшлі яны праз тунэль, ён адказаў: ”Так. 20 хвілінаў таму. Калі я вам патэлефанаваў, яны ўжо прыбылі”.

Аднак, у запісаных размовах ня ўтрымліваецца канкрэтных дадзеных пра колькасьць адзінак бронетэхнікі, якія прайшлі праз Рокскі тунэль з Расеі ў Паўднёвую Асэтыю, ці сьведчаньняў пра тое, што расейскія сілы ў той час удзельнічалі ў баявых дзеяньнях. Паводле грузінскага боку і сотавага апэратара, размова была перахопленая ў 3 гадзіны 52 хвіліны 7 жніўня. А грузіны пайшлі ў атаку на Цхінвалі, як вядома, позьняй ноччу 7 жніўня. Такім чынам, паводле перакананьня Тбілісі, Расея перакінула войскі першай, а Грузія абаранялася.

Тым часам Масква стараецца энэргічна абвергнуць цьверджаньні Тбілісі і ўсяляк зьменшыць значнасьць перахопленых размоваў, сапраўднасьць якіх не аспрэчвае. Газэта “New York Times” спасылаецца на расейскага генэрал-лейтэнанта Мікалая Уварава, які запэўнівае, што атака грузінскага боку была для Расеі нечаканай, і расейскай кіраўніцтва пасьпяшалася прыняць захады ў адказ на абстрэл расейскіх міратворчых сілаў. Прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў ажыцьцяўляў круіз па Волзе, прэм’ер-міністар Уладзімір Пуцін знаходзіўся на Алімпіядзе ў Пэкіне, а міністар абароны адпачываў дзесьці на Чорным моры.
Адносна непасрэдна гэтых тэлефонных размоваў генэрал Увараў кажа, што расейская ваенная тэхніка рэгулярна ўваходзіла ў Паўднёвую Асэтыю ці пакідала яе, ажыцьцяўляючы забесьпячэньне разьмешчанага там расейскага міратворчага кантынгенту. Але, падкрэсьлівае Грузія, паводле пагадненьня аб міратворчай місіі, ратацыя расейскага міратворчага батальёна магла ажыцьцяўляцца толькі ў дзённы час і з папярэдняга паведамленьня як найменей за месяц. Паводле Тбілісі, ніякіх паведамленьняў не было. Дарэчы, цьверджаньні грузінскага боку пра перадысьлякацыю расейскіх войскаў раніцай 7 жніўня пацьвярджаюцца і самастойнай інфармацыяй заходніх выведак.

Пяцідзённая расейска-грузінская вайна была няроўнай, і для Грузіі важна даказаць, што не яна зьяўляецца агрэсарам, а Расея. Тым болей, што канфлікт пацягнуў за сабой фактычную згубу Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, тэрыторыю якіх Грузія лічыць сваёй. Цяпер Грузія падае і Захаду, і ўнутранай апазыцыі дадатковыя доказы, што стала ахвярай агрэсіі, і што яна заслугоўвае шырокай ваеннай і палітычнай падтрымкі, бо зьяўляецца маленькай і датклівай дзяржавай, якая ўваходзіць у стан саюзьнікаў Захаду. Такую думку выказвае газэта “New York Times” адносна спрэчкі, які з бакоў зьяўляецца агрэсарам у расейска-грузінскім канфлікце ў жніўні сёлета.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG