Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня спаўняецца 70 гадоў вядомаму рэжысэру, майстру нацыянальнага дакумэнтальнага кіно Віктару Дашуку. За свае фільмы ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР, атрымаў званьне народнага артыста Беларусі.


Фільмаграфія рэжысэра налічвае больш за сотню фільмаў, сярод якіх хатынскі цыкль (чатыры стужкі, зьнятыя па вядомай кнізе Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзімера Калесьніка), а таксама дакумэнтальны сэрыял паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч "У вайны не жаночы твар". Фільмы, зьнятыя Віктарам Дашуком цягам апошніх дзесяці гадоў, у сучаснай Беларусі на афіцыйных каналах не дэманструюцца, іх можна паглядзець хіба на замежных кінафэстывалях. Гэтак некалькі гадоў таму ў Нью-Ёрку два фільмы В.Дашука "Ноч доўгіх нажоў" і "Рэпартаж з клеткі для трусоў" дэманстраваліся ў рамках кінапаказу "Адважная новая Эўропа". Некалькі гадоў таму Віктар Дашук быў госьцем перадачы "Вольная студыя". Гаварылі зь ім пра многае, у тым ліку і пра савецкую спадчыну, і пра цэнзуру, і пра пэрспэктывы нацыянальнага кіно. Прапануем Вашай ўвазе фрагмэнты з той гутаркі.

Віктар Дашук: “У нас не было разуменьня, што другі чалавек, які думае інакш, гэта таксама чалавек. Калі ён думае ня так, як ты, то яго трэба проста павесіць ці прыстрэліць, ці ў лепшым выпадку схаваць у турму. Савецкі лад дасягнуў свайго, ён разбурыў псыхіку, ён разбурыў мысленьне, разбурыў індывідуальнасьць унутры асобы, і вось гэтыя разбураныя людзі сёньня ўладараць намі. Іх пашкадаваць можна".

гэтыя разбураныя людзі сёньня ўладараць намі. Іх пашкадаваць можна
Віктар Дашук на кінастудыі "Беларусьфільм" адпрацаваў больш за 40 гадоў. Што да бліжэйшай будучыні кінастудыі, то яна бачыцца яму даволі змрочнай, нягледзячы на перыядычныя намаганьні ўладаў запусьціць кінапрацэс.

Дашук: “Каб заявіць, што кінематограф існуе, вось і прыдуманы гэтыя праекты, у якіх няма будучыні. За аплошняе дзесяцігодзьдзе практычна тое, што зроблена ў мастацкім, я падкрэсьліваю, мастацкім кінематографе, гэта ня толькі прыніжае мастацтва Беларусі, гэта проста злачынства, таму што фільма за 10 гадоў не створана ніводнага мастацкага, які можна было б глядзець. Выдаткаваныя ж вялікія сродкі на гэта, аддача нулявая. Аддача ў сэнсе высокаякасных мастацкіх твораў”.

Пра сваіх калегаў рэжысэраў, якія ўтрымаліся на "Беларусьфільме", Віктар Дашук выказваецца без асаблівай дыпляматыі.

Дашук: "Ёсьць людзі, якія абслугоўваюць уладу, суадносна ўлада іх абслугоўвае. Тут ідзе як бы ўзаемны абмен. Адны абслугоўваюць другіх. Калі ты ня служыш уладзе, ты не атрымаеш нічога, калі служыш, ты атрымаеш, каб не памёрці з голаду, ня больш ня менш, але ты за гэта заплаціш высокую цану. Заплаціш тым, што ты згубіш сваю індывідуальнасьць, ты ня маеш права на свой погляд. І таму вось гэтыя рэчы, калі грошы даюць на такія глябальныя фільмы, каб даказаць, што ў краіна ёсьць кінематограф, гэта вялікі падман, таму што на самой справе студыя разбураная”.

Дакумэнтальнае кіно, якое Віктар Дашук здымае, пачынаючы з 1960 году, на "Беларусьфільме", сёньня практычна не здымаецца. Прычыны ягонага заняпаду знакаміты рэжысэр тлумачыць адсутнасьцю свабоды творчасьці.

Дашук: “Трэба вялікія намаганьні разумных людзей, а ў нас намаганьні чыноўнікаў, каб толькі ніхто там нешта не сказаў, што забаронена. А забаронена сёньня практычна ўсё. Ёсьць такая цікавая байка. Ангельская юрыдычная сыстэма -- можа ўсё акрамя таго, што нельга. Нямецкая сыстэма -- нельга нічога акрамя таго, што можна. Француская сыстэма -- можна ўсё, нават тое, чаго нельга. А беларуская сыстэма -- нельга нічога, нават таго, што можна”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG