Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП Людміла Гразнова абыходзіць кватэры сваіх выбарцаў у Партызанскай акрузе № 110.

Выбарцы Людмілы Гразновай — жыхары мікрараёну, прылеглага да Менскага трактарнага заводу. Дом па вуліцы Ванеева — звычайная дзевяціпавярхоўка. Кватэры адчыняюць жыхары апошняга паверху:

Гразнова: “Дзень добры, дзякуем, што вы нам адчынілі”.

Спадар: “Заходзьце да нас на агеньчык”.

Гразнова: “Трымайце мае ўлёткі, прачытайце, перадайце суседзям”.


Спадар: “Дзякую, абавязкова. А можа кавы пап’яце? ”

Гразнова: “Мяне зваць Людміла Гразнова, я ваш кандыдат у дэпутаты і прынесла вам свае ўлёткі”.

Спадарыня: “Гэта вы?!”

Гразнова: “Так, я. Прачытайце вы і няхай людзі прачытаюць, каб ведалі, што я за чалавек, якім паветрам дыхаю, і няхай вызначацца, за каго галасаваць”.

Спадарыня: “Нам шмат абяцаюць усяго добрага, а пасьля гэтага не выконваюць. Ня ведаю.... Вы выклікаеце, канечне, давер. Паглядзім, я раздам суседзям”.

Гразнова: “Дзякуй вам і да пабачэньня”.

Людміла Гразнова кажа, што насельнікі раёну — пераважна працоўныя трактарнага заводу. Шмат хто паходзіць зь вёскі, і гэта вымагае дадатковых высілкаў:

“Ёсьць яшчэ такі фактар: шмат залежыць ад таго, ці была незалежная інфармацыя напярэдадні кампаніі. Калі так, то людзі ставяцца вельмі добра, як да свайго. Калі не, то тады баяцца і сядзяць, так бы мовіць, па сваіх норках”.

Разам з даверанымі асобамі спадарыня Гразнова таксама раздае ўлёткі каля ўваходу на станцыю мэтро “Трактарны завод”:


Карэспандэнтка
: “Вы жывяце ў гэтым раёне?”

Спадар: “Так”.

Карэспандэнтка: “Ці ведаеце, хто кандыдаты ў дэпутаты ў вашай акрузе?”

Спадар: “Ведаю, але прозьвішча забыўся”.

Карэспандэнтка: “А гэтага кандыдата, ад якога атрымалі ўлётку?”

Спадар: “Не, але прачытаем: Людміла Гразнова. Добра, пазнаёміўся, можа, за яе і будзем галасаваць”.

Карэспандэнтка: “Ці чыталі ўлётку, якую вам далі?”

Спадарыня: “Яшчэ не пасьпела, але прачытаю абавязкова — бачыце, я яе ўжо і разгарнула”.

Спадарыня: “А я ня буду ні за кога галасаваць. Я прарабіла на трактарным заводзе 38 год, а вакол усё дарагое. Дык за каго я буду галасаваць? За яго? Каб ён яшчэ на дарагіх машынах катаўся?”

Карэспандэнтка: “Ці ведаеце вы вашага кандыдата ў дэпутаты?”

Спадарыня: “Вось на ўлётцы напісана — Людміла Гразнова. Паколькі я жанчына, то і буду галасаваць за жанчыну, бо хачу, каб іх было больш у нашым урадзе”.


Як рэагуюць людзі на агітацыйную кампанію кандыдата ў дэпутаты ад апазыцыі, якую праводзіць яе непасрэдны прадстаўнік? Людміла Гразнова адказвае:

“Людзі жадаюць пераменаў, і таму яны адклікаюцца і добра ставяцца. Ёсьць, канечне, і абыякавыя, але іх значна менш, чым раней. І ёсьць яшчэ адна такая рыса: нашы людзі — гэта партызаны. Яны з паўслова, з паўпозірка — усё разумеюць. Мы павінны гэта памятаць і з такімі людзьмі працаваць. Я мяркую, што ўсё ідзе да лепшага і зьмены будуць абавязкова”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG