Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора памёр Рычард (Рык) Райт (Rick Wright). Памёр ад раку, на 66 годзе жыцьця. У 1965 годзе разам з Роджэрам Ўотэрзам, Нікам Мэйсанам і Сыдам Барэтам у Лёндане Райт заснаваў рок-групу “Пінк Флойд”. У гісторыі поп- і рок-музыкі апошняга паўстагодзьдзя “Пінк Флойд” паводле вядомасьці, мабыць, саступае адно “Бітлз”.

“Пінк Флойд”, пачынаючы недзе з маіх 15 гадоў, фармаваў мой музычны густ. Ды таксама літаратурны. Прыгадваецца, што ў свае ліцэйскія гады ў Гайнаўцы ў палове 1970-тых, дзе вучылі нямецкай мове, ангельскую захацелася вывучыць самастойна між іншым дзеля таго, каб расшыфраваць, пра што сьпяваюць Роджэр Ўотэрз, Дэйвід Гілмар і Рычард Райт. Напрыклад, такія радкі: Strangers passing in the street / By chance two separate glances meet / And I am you and what I see is me.

Прыгадваецца таксама, што першым музычным кавалкам “Пінк Флойд”, які запаў назаўсёды ў душу, была амаль 24-хвілінная сюіта “Echoes” з шостага альбому “Meddle” (1971), зь якога я ўзяў вышэй прыведзеныя радкі. Ды можна прывесьці і болей, дзеля насалоды чыстай паэзіяй: Overhead the albatross / Hangs motionless upon the air / And deep beneath the rolling waves / In labyrinths of coral caves / An echo of a distant time / Comes willowing across the sand / And everything is green and submarine.

Калі ў “Echoes” пачынаюць падаць “электрычныя кроплі”, якія Райт вытварае на сваім піяніне, падключаным да нейкага хітрамудрага гукаўзмацняльніка (Leslie rotating speaker), а потым адзываецца “анёльская” гітара Гілмара ды ідэальна спалучаныя галасы Райта і Гілмара пачынаюць сьпяваць пра “альбатроса” над “блукалішчамі каралавых пячораў”, час для мяне запыняецца, а па целе прабягаюць дрыжыкі. Нават цяпер, калі мне ўжо 50.

“Echoes” упершыню акрэсьлілі тое, што сёньня мы ведаем як “стыль і гук” “Пінк Флойд”. І была ў тым вялізарная заслуга Рыка Райта, які з сваіх клявішных (у пачатку кар’еры, пераважна з аргану Фарфіса) даставаў нечаканыя і раней нечуваныя тэмбры.

Райт, як і іншыя музыкі ў “Пінк Флойд”, быў самавукам. Недзе я прачытаў ягоную згадку, што ў дзяцінстве ён хадзіў на ўрокі піяніна, але чытаць ноты так і не навучыўся — калі трэба было зайграць нешта з нотаў, ён раскрываў нотны аркуш і прыкідваўся, што туды заглядвае, але ў сапраўднасьці іграў са слыху.

Райта не лічылі ў музычным сьвеце віртуозам клявішных, як, прыкладам, Кіта Эмэрсана або Рыка Ўэйкмэна. Гэтаму не пасабляла і ягоная прыроджаная сьціпласьць — у гурце ён заўсёды заставаўся ў ценю дзьвюх вялікіх індывідуальнасьцяў Уотэрза і Гілмара. Але ягоны музычны дар заключаўся якраз у тым, каб ідэальна ўпасавацца ў групу, дадаць той “хімічны складнік”, якога гурту якраз не хапала.

У 1973 г. “Пінк Флойд” выдаў свой эпахальны альбом, “Dark Side of the Moon”. Райт выступае на ім ня толькі як бліскучы інструмэнталіст (“Any Colour You Like”), але і геніяльны кампазытар у такіх рэчах як “The Great Gig in the Sky” і “Us and Them”. А альбом “Wish You Were Here” з 1975 г. — зь неверагодным па багацьці клявішных тэмбраў “Shine On You Crazy Diamond” — яшчэ раз пацьвярджае сусьветную клясу Райта.

Потым адбылося нешта не да канца высьветленае. Уладу ў гурце аднаасабна ўзяў Ўотэрз, які падчас працы над “Animals” (1977) адкінуў усе прапановы і кампазыцыі Райта. А далей наступіла вострае супрацьстаяньне падчас працы над “The Wall” (1980), калі Ўотэрз дамогся выдварэньня Райта з гурту. Райт выступаў з калегамі як “наёмны музыкант” падчас грандыёзных канцэртаў з музыкай “The Wall” у пачатку 1980-ых, але членам гурту ўжо не лічыўся. Яму плацілі “па кантракце” як пабочнаму музыканту, але даходам з канцэртаў не дзяліліся (як на іронію, канцэртны тур пад назвай “The Wall” аказаўся фінансава правальным, і Райт быў адзінай асобай з гурту, якая на туры зарабіла).

Усё гэта заставалася таямніцай для шырэйшай публікі ажно да 1987 г., калі Гілмар і Мэйсан, ужо “судова разьвёўшыся” з Уотэрзам, выпусьцілі пад шыльдай “Пінк Флойд” альбом “A Momentary Lapse of Reason”. На ім іграў і Райт, але ягонае прозьвішча на вокладцы было запісанае меншым шрыфтам (!!), чым прозьвішчы Гілмара і Мэйсана.

Поўнае вяртаньне Райта ў “Пінк Флойд” наступіла падчас працы над альбомам “Division Bell” (1994), дзе зноў зьявіліся ягоныя кампазыцыі (“Wearing the Inside Out”, “Marooned”), а гурт вярнуўся да музычнай формы з паловы 1970-тых (хоць і бяз Ўотэрза).

“Гады выгнаньня” былі пазначаныя для Райта моцнай псыхічнай траўмай, для якой своеасаблівай тэрапіяй стаўся запіс сольнага альбому “Broken China” (1996), змрочны настрой якога навеяны якраз пачуцьцём адчужанасьці, непатрэбнасьці і роспачы.

У апошнія гады Райт езьдзіў на супольныя канцэртныя трасы з Гілмарам, які рэалізаваў свае асабістыя музычныя праекты: “David Gilmour in Concert” (2002), “On an Island” (2006).

Як сьмерць Джона Ленана ў 1980, так і сьмерць Рыка Райта абазначае для мяне канец пэўнай эпохі ў незваротнай плыні часу. Калі жыў Ленан, жыло спадзяваньне, што “Бітлз” могуць зноў сабрацца, зайграць нейкі канцэрт або запісаць нейкую супольную песьню і яшчэ раз пацешыць тых, хто цешыўся імі ў 1960-тых. Падобна і тут — сьмерць Райта адбірае надзею ва ўсіх тых, якія скрытна марылі аб рэактывацыі жывой легенды рок-музыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG