Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэматычная рубрыка “Выбарчы дзёньнік”. Штодня мы расказваем пра барацьбу ў розных рэгіёнах Беларусі за мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.


Сярод сёньняшніх тэмаў:

Дзятлава. Кандыдат ад улады Міхаіл Арда падчас агітацыйнай кампаніі дарыць кампутары, трэнажоры, хакейную форму

Магілёў. Вылучэнца АДС Сяргея Гвая папярэдзілі, што за рэзка-адмоўную ацэнку дзейнасьці дэпутатаў парлямэнту апошняга скліканьня ён можа апынуцца ў судзе

Кобрын. Тут пачаўся збор сродкаў дзеля падтрымкі сям’і звольненага за ўдзел у выбарах інжынэра Аляксандра Меха

ЗДАРЭНЬНЕ

На гэтым тыдні ў Берасьці адбудуцца тры вулічныя пікеты кандыдата ў дэпутаты ад АДС Ігара Маслоўскага. Радыё Свабода ён паведаміў, што дазвол на агітацыйныя пікеты атрыманы ў Берасьцейскім гарвыканкаме.

“Я лічу, што гэта нават некалькі крокаў наперад, бо цягам апошніх васьмі гадоў ніводнага такога пікету не было дазволена ўладамі Берасьця, нават у часе выбарчай кампаніі.

Дарэчы, мы вызначылі самыя масавыя месцы, менавіта – гарадзкі рынак, гандлёвы цэнтар “Усходні” і буйная крама “Сьвітанак”. Іх найчасьцей і найбольш наведваюць выбарцы”.

У гутарцы са старшынёй Берасьцейскай-Усходняй выбарчай акрузе Галінай Янгаленка высьветлілася, што інфармацыю пра пікеты яна чуе ўпершыню.

“Вельмі, вельмі добра. Вы мне добрую навіну сказалі. Маслоўскі пра яе мне пакуль не далажыў...”


ФАКТ

Выбарчая камісія Магілёўскай-Цэнтральнай акругі сёньня вынесла афіцыйнае папярэджаньне апазыцыйнаму кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Сяргею Гваю й зьбіраецца зьвярнуцца ў пракуратуру па прававую ацэнку ягонай агітацыйнай улёткі. Улётка, паводле камісіі, нібыта зьмяшчае выразы, якія зьневажаюць дзейных дэпутатаў.

Гаворыць старшыня магілёўскага аргкамітэту па стварэньні партыі Свабоды і прагрэсу Сяргей Гвай:

“Дзейнасьць цяперашніх дэпутатаў палаты прадстаўнікоў без сумневу ўвойдзе у найноўшую гісторыю Беларусі як антынародная. Прынятыя імі законы “Аб адмене сацыяльных ільгот”, “Аб школьнай рэформе”, “Аб прадпрымальніцкай дзейнасьці” значна пагоршылі без таго бядотны стан значнай колькасьці насельніцтва Беларусі”. Ссылаюцца, на тое, што я вось гэтым дапусьціў зьнявагу й паклёп на адказных асобаў Рэспублікі Беларусь”.

Прэтэнзіі камісіі Сяргей Гвай лічыць незаконнымі й надуманымі. Пакуль яму дазволена працягваць перадвыбарчую кампанію, аднак калі пракуратура падтрымае рашэньне камісіі, рэгістрацыю скасуюць, а справу перададуць у суд.

Сёньня ж папярэдзілі й калегу Гвая Аляксандра Сілкова. Яго зьвінавацілі ў распаўсюдзе агітацыйных матэрыялаў у нявызначаных месцах, а таксама за адсутнасьць на гэтых матэрыялах выходных зьвестак. Аляксандар Сілкоў балятуецца па той жа Магілёўскай Цэнтральнай акрузе.

СЫТУАЦЫЯ

Яніна Гузоўская, сябра партыі ПКБ, якая вылучаецца па Дзятлаўскай выбарчай акрузе №55, сьцьвярджае: улады піяраць выключна сваіх кандыдатаў.

Гузоўская: “Міхаіл Арда робіць дарагія прэзэнты й ніхто ня бачыць, што гэта парушэньне выбарчага заканадаўства. Нават не разумеюць нашых пытаньняў, калі мы пытаемся за які гэта кошт. Нам адказваюць: а што тут такога. 1 верасьня ён падараваў Наваельненскай школе камплект трэнажораў, паабяцаў форму для хакейнай каманды й канькі. Там кампутар падараваў, там яшчэ нешта, быццам ён дырэктар нейкай кампутарнай кампаніі. Добра быць добрым за чужы кошт”.

Карэспандэнт: “Ці даводзілася вам разам выступаць перад выбарцамі?”

Гузоўская: “Так, у нас была адна сумесная сустрэча ў Бярозаўцы. На гэтыя сустрэчы запрашаюць толькі тых, хто працуе ў выканкамах, і Савет вэтэранаў. І туды прыходзяць толькі тыя людзі, якія могуць сказаць які Арда добры чалавек. А што датычыць іншых, то, да прыкладу, у Ваверцы людзей запалохвалі, казалі, што ў іх будуць сур’ёзныя праблемы на працы, паколькі яны самі прыйшлі на гэтую сустрэчу”.

ЛІЧБА

Аляксандар Мех
Берасьцейскі пэнсіянэр Васіль Барболін пералічыў звольненаму за ўдзел у выбарах жыхару Кобрына Алесю Меху 52 тысячы рублёў. Гэта – старт акцыі па збору сродкаў на дапамогу сям'і Меха і іншым апазыцыянэрам, якія ня могуць уладкавацца на працу.

Давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Меха Яўген Бяласін кажа:

“Калі чалавек ужо два з паловай месяцы бяз працы, і калі ў яго двое малых дзяцей – гэта праблема. Я сам у такой сытуацыі быў, і таму я цяпер за шчырасьцю яму дапамагаю, і ў нас ёсьць людзі, якія таксама разумеюць гэта і дапамагаюць. Вось, напрыклад, спадар Барболін, пэнсіянэр, з уласнай пэнсіі пералічыў 52 тысячы”.

Сам Васіль Барболін зараз па-за межамі Беларусі, а ягоны сябра па партыі БНФ Юры Жыдовіч распавёў:

“Ён рухаўся пачуцьцём салідарнасьці, што ягоны сябра па партыі церпіць такі ціск ад уладаў, і сям’я з двума малымі дзецьмі апынулася амаль без сродкаў да існаваньня. Барболін – пэнсіянэр, трэнэр па боксу, сам цярпеў ад уладаў”.

Карэспандэнтка: “Як вы думаеце, спрацуе такая салідарнасьць?”

“Я думаю, што спрацуе, думаю, што гэта будзе мець посьпех”.

Аляксандар Мех вельмі ўдзячны пэнсіянэру Барболіну за дапамогу і марыць пазнаёміцца з гэтым шчодрым і неабыякавым чалавекам.


XS
SM
MD
LG