Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры канцы дачнага сэзону ўладальнікам загарадных домікаў даводзіцца думаць не пра тое, як выканаць харчовую праграму на сваіх шасьці сотках, а як пасьпець з афармленьнем дакумэнтаў на маёмасьць у каапэратывах.


У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі, да 3 кастрычніка садаводы павінны аформіць правы на свае надзелы і нерухомасьць. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі больш за паўмільёна дачнікаў; да працэдуры афармленьня прыступіла ў лепшым выпадку палова ад гэтай колькасьці. Ці будуць ужывацца санкцыі да тых, хто не пасьпее ўкласьціся ў акрэсьленыя тэрміны?

У Дзяржаўным камітэце маёмасьці пацьвердзілі: у заканадаўства аб садовых таварыствах унесеныя істотныя зьмены. Згодна з указам, рэгістрацыя дачнай уласнасьці — непасрэдны абавязак грамадзяніна. Прычым дакумэнтальныя фармальнасьці неабходна выканаць да канца верасьня. Пакуль жа працэдуру афармленьня пачалі меней за палову гаспадароў: па зьвестках на канец жніўня, незарэгістраванымі заставаліся 340 тысяч зямельных надзелаў.

Не зарэгістраваны ў законным парадку надзел фармальна могуць экспрапрыяваць. Грамадзянскі кодэкс тлумачыць: калі чалавек чымсьці валодае, ён павінен аформіць сваё права на гэта юрыдычна. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе абавязковая тэхнічная інвэнтарызацыя —рэгістрацыя права на зямельны надзел і на садовы дом. Аднак, як запэўнівае начальнік Упраўленьня ўліку земляў і ацэнкі нерухомасьці Дзяржкаммаёмасьці Аляксандар Далжанкоў, на радыкальныя крокі ніхто ісьці не зьбіраецца:

“Ды ніхто нічога не сканфіскуе. Каб канфіскаваць, трэба ўсё гэта рабіць у судовым парадку. Асабліва калі пабудовы ва ўласнасьці і зямельныя надзелы таксама ва ўласнасьці грамадзяніна. Пра канфіскацыю ніхто нікому не гаварыў. А то пішуць тое, чаго чыноўнікі насамрэч не казалі. Бо, наколькі я магу меркаваць, ва ўказе адназначна запісана: да 3 кастрычніка людзі павінны падаць толькі заявы. Дакумэнты падалі — іх будуць разглядаць. Да таго ж цяпер прыдумалі спрошчаную працэдуру рэгістрацыі. Як толькі гэтае пытаньне пачалі разглядаць, хацелі ўвогуле працягнуць тэрмін, але ўрэшце адмовіліся”.

Між тым усё можа быць ня так адназначна. На інтэрнэт-сайце Менскага райвыканкаму зьмешчана папярэджаньне: фізычным асобам, якія да 3 кастрычніка не ажыцьцявілі дзяржаўную рэгістрацыю ў адносінах да зямельных надзелаў і правоў на іх, будзе вынесена рашэньне аб скасаваньні раней прынятых рашэньняў пра выдзяленьне зямельных надзелаў.

У кадастравых агенцтвах папярэджваюць: больш складана будзе тым уласьнікам, якія не зьяўляюцца сябрамі каапэратываў, а значыць,
...калі побач зь Менскам, то цалкам можа дайсьці і да экспрапрыяцыі...
ня могуць спадзявацца на дапамогу старшыні ці бугальтара каапэратыву. Кіраўнікі таварыстваў “добраахвотна-прымусова” бяруць на сябе дадатковы цяжар, падаючы ў выканкамы калектыўныя сьпісы на тых, у каго няма дакумэнтаў. Тады выканкамаўскія землямеры выяжджаюць на месца, ахопліваючы адразу некалькі ўчасткаў, што істотна спрашчае працэдуру. Адзін з супрацоўнікаў у тэлефоннай размове патлумачыў: у справе магчымай канфіскацыі незарэгістраваных зямельных надзелаў усё будзе залежаць ад таго, наколькі сама па сабе стратэгічная зямля — калі побач зь Менскам, то цалкам можа дайсьці і да экспрапрыяцыі:

“Пунктам 4-м указу № 50 замацаваная норма, што чалавек абавязаны надзел зарэгістраваць. У іншым выпадку — канфіскацыя. Наколькі рэальная такая пэрспэктыва — ніхто вам ня скажа, бо надалей гэта будзе залежаць ад выканкамаў. Калі, прыкладам, гэта надзел у пажыцьцёвым домавалоданьні, то, у прынцыпе, дастаткова рашэньня выканкаму. То бок выканкам прыпыніць гэтае права, скажам, у Іванова, і потым перадасьць яго Сідараву. Калі ж надзел быў выкуплены ў прыватную ўласнасьць, але не аформленыя дакумэнты — іншымі словамі, дамова ёсьць, але права сваё ён не зарэгістраваў — то тады спрэчка вырашаецца праз суд. Наколькі моцна за ўсё гэта выканкамы возьмуцца — я адказаць не магу. Але, канечне, калі садовае таварыства дзесьці ў прыгарадзе Менску ці абласных цэнтраў, там кошт пытаньня значны. Дзесьці далей — ня так усё каштоўна. Таму ўсё залежыць ад кожнага канкрэтнага выканкаму, ад кожнага сельсавету. Зразумела, што ахвотных атрымаць надзелы ў Менскім раёне вельмі шмат”.

Каб пачаць афармленьне нерухомасьці, неабходная заява, якую будуць разглядаць у аддзеле райвыканкаму, які курыруе садовыя таварыствы. Пасьля вынасу рашэньня пра выдзяленьне зямлі дакумэнты пераадрасуюць у інстытут “Белгіпразем”, дзе цягам двух месяцаў будзе весьціся так званая землеўпарадкавальная справа. Занятак не дабрачынны, таму давядзецца плаціць: каля 70 даляраў на збудаваньне да 50 квадратных мэтраў, большая плошча — за дадатковую плату. На паралельную легалізацыю дома і зямельнага надзела можа пайсьці да 3 месяцаў. Паасобку — добра, калі ўкладзесься ў паўгода. Іншымі словамі, сёлета шмат каму выстойваньне ў чэргах заменіць бітву за ўраджай.

Рабочы Ўсевалад Сачанка колісь атрымаў ад аб'яднаньня “Гарызонт” зямельны надзел у Хмелеўцы пад Менскам. Аднак з-за адсутнасьці сродкаў доўгі час не пачынаў будаўніцтва. Кажа, што ў такой жа сытуацыі апынуліся тысячы простых людзей, якія, маючы “адшкадаваныя” дзяржавай соткі, зараблялі так мала, што не маглі прэтэндаваць на банкаўскія крэдыты на будоўлю. Цяпер даводзіцца выстойваць у чэргах пад выканкамаўскімі дзьвярыма, каб легалізаваць зямлю:

“Нас загналі ў сытуацыю амаль безвыходную. І самае цікавае — з кім яны змагаюцца? Пачніце проста дзеля цікавасьці, проста да сьмешнага даходзіць: вось сусед — электрык, далей — жанчына-тынкоўшчыца, там — зборшчык, потым наладчык. То бок вось так прайдзі па коле — адны рабацягі. Тут начальнікаў палічыць — дык адзінкі. Яны ёсьць, ня буду спрачацца, яны тут добра пабудаваліся, у іх усё нармальна. Але яны тут амаль не жывуць, у іх шыкоўныя кватэры. У некаторых па 2—3 элітныя кватэры ў Менску, яны сябе там цудоўна адчуваюць. Ім не патрэбныя гэтыя нашы пакуты. Яны ня ведаюць, што такое змагацца з палівам, як яго выбіваць і зь якімі складанасьцямі даецца ацяпленьне. Вось у суседа Анатоля парвала радыятар — дык вельмі дарагое задавальненьне”.

Многія дачнікі аформілі дзяржаўныя акты на зямлю яшчэ раней. Але пры адсутнасьці штампаў рэгістрацыі ў выканкаме працэдура афармленьня зямлі ва ўласнасьць лічыцца незавершанай. Дадасьць галаўнога болю і нелегалізаваная будыніна. Без тэхпашпарту дом не перадасі ў спадчыну, яго нельга прадаць ці падарыць. Адсутнасьць зьвестак пра будынак у агульным кадастравым рэгістры будзе падставай да скасаваньня дамовы куплі-продажу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG