Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 16 верасьня


Пачнем праграму тэлефанаваньнямі на тэму выбараў у Палату прадстаўнікоў:

Спадар: “Вось апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты зьбіраюцца здымацца з выбараў. Ну і выдатна. Менш баламутаў будзе ў парлямэнце. А то атрымаецца, як ва Ўкраіне — цырк, а ня Рада”.

Спадар Нікіфараў, пэнсіянэр, Менск: “Маё стаўленьне да маючых адбыцца выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў. Я прыму ўдзел у галасаваньні, таму што гэта, бадай, адзіная магчымасьць выказаць свае адносіны. Але я буду галасаваць супраць усіх, і вось чаму. У нашай краіне ўлады няма, ёсьць толькі ўладар, які ўладарыць ужо 14 год і не зьбіраецца гэтую пасаду пакідаць. Палата прадстаўнікоў — гэта не галіна ўлады, а галіна ўладара, дзе ён сам прызначае, дае згоду, займае, а ня мы гэта робім. А каб мой голас спадарыня Ярмошына з дапамогай сяброў камісіі не залічыла на карысьць уладных кандыдатаў, я зрабіў значак зь дзьвюма літарамі — “НЕ”, і зь ім хаджу падчас агітацыйнай кампаніі. Калі мяне пытаюць, што гэта азначае, я адказваю: “НЕ” — гэта “не” дзеючаму рэжыму. “НЕ” — гэта “не” бяспраўнай “палатцы”. Калі б так зрабілі ўсе сумленныя людзі, то на пытаньне, хто ёсьць хто, ня трэба было б Ярмошынай маніпуляваць галасамі выбаршчыкаў, каб прызначыць элегантную перамогу”.

Спадар: “Замест таго, каб скарыстацца ў перадвыбарчай прапагандзе крытыкай усяго нэгатыўнага ў дзеяньні былых і сучасных камуністаў, апазыцыя злучылася зь левым крылом так званых камуністаў і сама сабе перакрыла шлях у парлямэнт. Цяпер людзі глядзяць на камуністаў і на тых, хто іх падтрымлівае, як калісьці Ленін глядзеў на буржуазію. Так што хутчэй рак на гары засьвішча, чым камуністычная апазыцыя патрапіць у беларускі парлямэнт”.

Спадарыня, в. Заброды, Лельчыцкі р-н: “Я не разумею, навошта нам парлямэнт. Ён існуе толькі для Лукашэнкі, каб прыкрыць яго дыктатуру. Таксама не разумею, што карыснага гадамі робіць Ярмошына, а заробак у яе — 3,5 мільёна. Пэнсію яна атрымае таксама больш за 2 мільёны. Тады як у нашым калгасе мэханізатар, адпрацаваўшы на трактары 35 гадоў, пэнсію атрымаў 206 тысяч рублёў. Даярка адпрацавала 33 гады, зь іх 23 на фэрме, атрымала пэнсію 260 тысяч рублёў. Калгас даўно банкрут, але ня вельмі даўно старшыня атрымаў новы джып, а даярак на летнія лягеры вось ужо гадоў пяць возяць у трактарных прычэпах. Вось і рабіце выснову, шаноўныя, як добра працуюць нашы дэпутаты”.

Слухачу адказвае старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

“Па-першае, няма парлямэнту. Па-другое, няма падліку галасоў. Таму такія заявы ня маюць сэнсу. Трэба ствараць парлямэнт, вяртацца ў канстытуцыйнае поле. Толькі тады будзе шматпартыйнасьць і толькі тады людзі змогуць выбіраць. А зараз няма выбару паміж камуністамі і некамуністамі. Такія сьцьверджаньні ня маюць сэнсу”.

Наша слухачка цікавіцца:

Спадарыня: “Хацелася б даведацца, як склаўся лёс Івана Шылы з Салігорску. Улады не далі яму скончыць школу, а як ён цяпер? Дзе ён? Гэта надта цікава было б”.

Сябра незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Івана Шылу 3 чэрвеня выключылі з салігорскай школы № 4 за палітычную дзейнасьць. Выключылі перад апошнім выпускным іспытам.

На жаль, нам не ўдалося зьвязацца з самім Іванам. Пытаньні слухачкі мы пераадрасавалі ягонаму сябру, актывісту “Маладога фронту” і незарэгістраванага руху “За свабоду” Паўлу Батуеву:

“Яго выключылі са школы, і ўсё. Зараз ён будзе здаваць адзін іспыт, які ў яго застаўся. Гэта ангельская мова. Займаецца грамадзкай дзейнасьцю”.

Слухачы не пакідаюць па-за ўвагай расейска-грузінскі канфлікт. Расея прызнала незалежнасьць двух рэгіёнаў Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Тбілісі разарваў з Масквой дыпляматычныя стасункі. Новаствораныя дзяржавы папрасіліся ў гэтак званы саюз Беларусі і Расеі.

Спадар: “Добры дзень. Кіраўнікі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі скарысталіся дапамогай Расеі, каб аддзяліцца ад Грузіі. Але калі паўстала пытаньне далучэньня да Расеі, сталі выкручвацца акурат у стылі Лукашэнкі. Лепей жа быць кіраўніком маленькай, але пыхлівай краіны высока-высока ў гарах, чым кіраўніком раёну. Можа здарыцца і так, што новаабвешчаныя краіны ў хуткім часе пачнуць прасіць сусьветную супольнасьць і Грузію найперш аб абароне сваёй незалежнасьці ўжо ад Расеі. Расея панесла страты ў гэтай вайне, але не прыдбала пакуль што анічога. Мухі асобна, хачапуры асобна”.

Ільля Копыл, Менск: “Добры вечар, “Свабода”. Расейскія чыноўнікі імгненна навучыліся вымаўляць па-новаму назвы абхаскіх і паўднёва-асэтынскіх гарадоў: замест Сухумі — Сухум, замест Цхінвалі — Цхінвал. Трэба ж падкрэсьліць, што гэта гарады не грузінскія. А вось вымавіць назву нашай краіны — Беларусь — у расейскіх чыноўнікаў, дый ня толькі чыноўнікаў, ніяк не атрымліваецца. Мы для іх па-ранейшаму “Белоруссия”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG