Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невыязныя – пра магчымае скасаваньне санкцый


Эўразьвяз можа перагледзець візавыя санкцыі, якія абмяжоўвалі ўезд беларускіх службовых асобаў у эўрапейскія краіны і ЗША. Як успрынялі самі чыноўнікі, супраць якіх ужытыя візавыя санкцыі?


Начальнік Упраўленьня грамадзянскіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі кажа, што санкцыі ніяк не паўплывалі на яго жыцьцё, а ў Эўропу ён і пры санкцыях езьдзіў:

“Вы ведаеце, тое, што гэтыя санкцыі ўсталявалі, ніяк не паўплывала на маё жыцьцё. Таму я да гэтага абыякава стаўлюся”.

Карэспандэнтка: “А што, адпачываць у Эўропу не хацелася б зьезьдзіць? Ці ў суседнюю Літву на шопінг?”

“Быў я ў Эўропе і ў гэты пэрыяд”.

Карэспандэнтка: “Парушалі санкцыі?”

“Афіцыйна, афіцыйна! Вы можаце ў інтэрнэце знайсьці паведамленьне і пачытаць. Гэта ня тая тэма, пра якую зараз варта размаўляць”.

Сапраўды, начальнік Упраўленьня Мін’юсту Алег Сьліжэўскі, фігуруючы ў сьпісе службовых асобаў, на якіх распаўсюджваюцца візавыя санкцыі Эўразьвязу і ЗША, у сакавіку 2007 году быў у Вене ў складзе беларускай дэлегацыі на нарадзе па чалавечым вымярэньні АБСЭ. У Вене спадар Сьліжэўскі распавядаў пра інтэнсіўнае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі — пра 2000 зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, 17 палітычных партыяў, вялікую колькасьць прафсаюзаў.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сказаў, што на яго як на звычайнага грамадзяніна гэтыя санкцыі ніяк не паўплывалі:

“Адпачываць я як ня езьдзіў за мяжу, так і не паеду. Вось ужо зьявіліся прыгожыя баравічкі ў беларускіх лясах... А вось што тычыцца сакратара ЦВК, канечне, праблемы былі: на некаторыя важныя мерапрыемствы, якія праходзілі ў рамках АБСЭ, Асацыяцыі арганізатараў выбараў Эўропы і на якія нас запрашалі, я ня змог паехаць у сілу гэтых санкцый. Гэтыя санкцыі былі накіраваныя ня супраць асобы Лазавіка, а супраць справы, якой займаецца Лазавік. Я думаю, калі гэтыя санкцыі адменяць, то выйграе толькі справа”.

Намесьнік старшыні пастаяннай камісіі міжнародных спраў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Сяргей Касьцян распавёў.

“Я заўсёды лічыў, што позна ці рана, але гэта некалі скончыцца. Бо самому Эўрапейскаму Саюзу гэта вельмі нязручна. Па-другое, я вельмі задаволены за сваю краіну, мы вялі правільны зьнешнепалітычны курс. Невыпадкова сюды прыяжджаў міністар замежных спраў Польшчы спадар Сікорскі. Вельмі разумна робіць Эўразьвяз, што адмяняе гэтыя санкцыі”.

Што да яго асабіста, то адпачываць Сяргей Касьцян любіць у роднай Беларусі, а не ў заморскіх краінах. За мяжу, пакуль дзейнічаюць санкцыі, ён ня езьдзіў. А вось што да службовых зносінаў, дэпутат прызнаўся:

“Я задаволены тым, што змагу ўзяць удзел у паседжаньні Міжнароднага славянскага камітэту, які адбудзецца ў лютым наступнага году ў Празе. Па запрашэньні дэмакратычнай і радыкальнай партыі Сэрбіі я змагу наведаць Сэрбію як старшыня Славянскага парлямэнцкага саюзу”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG