Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўзьнікне новая “бэрлінская сьцяна” паміж ЭЗ і Беларусьсю?


Ці варта чакаць пацяпленьня ў адносінах паміж Эўразьвязам і кіраўніцтвам Беларусі пасьля вызваленьня палітвязьняў?


Адказ на гэта пытаньне можа даць сустрэча 15—16 верасьня ў Брусэлі кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краінаў Эўразьвязу. Адзін з пунктаў пасяджэньня — будучыня палітычных і эканамічных санкцый у адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Адзінства ў тым, ці варта Эўропе зьмяняць стаўленьне да беларускага кіраўніцтва, няма нават у лягеры апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі лічыць, што беларускі рэжым — рэпрэсіўны па сваёй сутнасьці, таму не выпадае казаць, што нават пад ціскам міжнароднай супольнасьці тут будзе нешта прынцыпова зьмяняцца:

“Мне здаецца, што трэба меркаваць па справах, а не па заявах. Сапраўды, трэба ўлічыць, што вызваленьне
Не выключаю, што могуць зьявіцца новыя палітвязьні ...
палітвязьняў — гэта было зроблена правільна. Але ж гаворка павінна ісьці наагул пра спыненьне рэпрэсій супраць іншадумцаў, супраць апазыцыі. А вось гэтага якраз не назіраецца. І я не выключаю, што могуць зьявіцца новыя палітвязьні. Таму я думаю, што трэба было б пачакаць з крокамі насустрач, трэба было б заявіць — так, мы гатовыя, але вы, калі ласка, на справе паказвайце свае намеры дэмакратызавацца. І тады крок за крокам будзем пераходзіць ад канфрантацыі да супрацоўніцтва. Але думаю, што пакуль яшчэ рана”.

Іншай пазыцыі трымаецца палітык Уладзімер Нісьцюк. Ён перакананы, што замірэньне з Эўропай павінна адбывацца на любых умовах, якія б ні выставіў Эўразьвяз. Да таго ж, на думку Нісьцюка, паступовая інтэграцыя на Захад — гэта яшчэ і спосаб хоць нейкім чынам мінімізаваць расейскі ўплыў:

“Вельмі дрэнна, калі мы спрабуем любую палітычную падзею — сусьветную, міжнародную, унутраную
Я за тое, каб Эўропа зрабіла нейкія дастаткова адчувальныя крокі насустрач беларускаму кіраўніцтву ...
беларускую — трактаваць з пункту гледжаньня толькі чорна-белых колераў. А існуе ж вельмі шмат адценьняў. Вось якраз гэтае пытаньне мае вельмі шмат адценьняў. Я, напрыклад, выступаю за тое, каб Эўропа зрабіла нейкія дастаткова адчувальныя крокі насустрач беларускаму кіраўніцтву. Бо працэс пачаўся, усё роўна ўсім відаць, што альтэрнатывы гэтаму няма, а ёсьць небясьпека таго, што тыя спробы зрабіць крокі насустрач Беларусі з боку Расеі, якія будзе прадпрымаць сёньняшняе кіраўніцтва расейскае, яны вельмі небясьпечныя для нашай эканомікі, для энэргетычнай бясьпекі і ўвогуле для нашага сувэрэнітэту. Таму калі Эўропа будзе рабіць крокі, можа нават не заўсёды адэкватныя таму, што адбываецца ў Беларусі зараз у сэнсе падрыхтоўкі да выбараў, яна будзе, на мой погляд, дзейнічаць правільна. Яна будзе дзейнічаць канструктыўна і пэрспэктыўна”.

Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня “Партыі Свабоды і прагрэсу” Ўладзімер Навасяд салідарны з Уладзімерам Нісьцюком у тым, што нельга ўласнымі рукамі ўзводзіць новую “бэрлінскую сьцяну” паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. На думку палітыка, не ў інтарэсах Эўропы, каб на кантынэнце і надалей працягвала існаваць дзяржава-ізгой:

“Эўразьвяз павінен для сябе акрэсьліць стратэгічную мэту. Калі ў гэтай стратэгічнай мэце Беларусь ёсьць як
Эўразьвяз павінен займаць прагматычную пазыцыю, што тычыцца Беларусі. ...
незалежная сувэрэнная дзяржава, то тады адны дзеяньні ў адносінах да Беларусі. Але калі ў гэтай стратэгічнай мэце няма Беларусі як сувэрэннай дзяржавы, то тады можна і надалей працягваць гэтыя санкцыі, якія на сёньняшні момант існуюць. Насамрэч Беларусь — гэта самастойная дзяржава. Вы ведаеце, як у нас цяжка праходзяць палітычныя працэсы, дэмакратычныя і г.д. Таму Эўразьвяз павінен тут пазыцыю займаць прагматычную, што тычыцца Беларусі. А так проста выбудаваць новую “бэрлінскую сьцяну” паміж Эўразьвязам і Беларусьсю — гэта ня выхад. Я так мяркую”.

Свае высновы датычна пэрспэктываў адносін зь беларускім кіраўніцтвам міністры замежных спраў Эўразьвязу дэталёва абмяркуюць празь месяц, на аналягічнай сустрэчы. Ня выключана, што на паседжаньне будзе запрошаны кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў. Пакуль жа Беларусь у Брусэлі прадстаўляе самы вядомы ў нядаўнім мінулым беларускі палітзьняволены Аляксандар Казулін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG