Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дзе павінен прайсьці Лукашэнка, фарбуюць тратуарную плітку”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 15 верасьня.


Пачнем праграму з тэлефанаваньняў на тэму выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Павел Давыдзенка, г\п Парычы: “Раю ўсім апазыцыянэрам ісьці ў народ, а не гуляць у палітычныя гульні. Як працуюць, такі й вынік”.

Спадар, Менск: “У мяне зварот да кіраўнікоў дэмакратычных сілаў. Спыніце выбарчую дурасьць! Не баламуцьце народ! Пакуль у нас гэты рэжым, ніякіх выбараў не было, няма і ня будзе”.

Спадар Віктар: “Наконт выбараў. Хочуць зьняць сваіх кандыдатаў партыі. А ці была магчымасьць у 1988 годзе ў Пазьняка, Голубева ды іншых? Калі б яны чакалі зьмены выбарчага кодэксу, зьмены камісіі... Так і зараз. Кожны ў бой ідзі, а бой вырашыць лёс. А то дэмакраты дамовіліся, прадстаўнікі ўлады арганізавалі, а хто будзе змагацца за кожны голас? Хто будзе праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, агітаваць, даводзіць парушэньні? Кожная, менавіта кожная партыя павінна змагацца за ўладу, а не дамаўляцца і ставіць адзінага! Што могуць загітаваць тры кандыдаты, тое ніколі ня зробіць адзін”.

7 верасьня ў Барысаве адзначалі сьвята — Дзень беларускага пісьменства і друку. На гэтую падзею — водгук нашага слухача:

Валеры Курневіч: “Я ўпэўнены, што назва “Дзень беларускага пісьменства” не адпавядае рэчаіснасьці. Трэба было яго назваць сьвятам славянскага пісьменства. Я, напрыклад, ніколі ня чуў, каб нехта ў Барысаве гаварыў ці пісаў па-беларуску. Некалі ў беларуса быў герб, сьцяг, мова, якімі ён ганарыўся, а што цяпер у беларуса ёсьць? Ёсьць “бацька”-прэзыдэнт, які не паважае і не паважаў беларускі этнас. Ёсьць так званая беларуская мова, трасянка. Ёсьць абраза, калі барысаўскія чыноўнікі ядуць хлеб беларускі, а гавораць і пішуць толькі па-руску. Нават газэту “Барысаўскія навіны”, дзе палова артыкулаў па-беларуску, забаранілі распаўсюджваць праз кіёск… З такой маленькай і ганарлівай Эстоніі гэтых іншамоўных гаваруноў-забаронцаў ужо б даўно вымелі і вытурылі на сьметнік дранай мятлой”.

У наступным тэлефанаваньні наш сталы слухач Андрэй распавядае, як Пінск рыхтуецца да візыту Аляксандра Лукашэнкі:

Спадар: “Добры дзень. У аўторак 16 чысла мы чакаем у госьці прэзыдэнта. Чаго толькі ня робяць для яго сустрэчы! Мясцовае кіраўніцтва гораду і кіраўнікі будаўнічых арганізацый ледзь не вар'яцеюць, так імкнуцца пацешыць вочы “бацькі”. Напрыклад, на яго шляху па Іркуцкай зьверху да нізу шэрыя жалезабэтонныя апоры электраперадачы фарбуюць цэмэнтам, разьведзеным з вадой, каб яны былі яшчэ больш шэрымі. А потым зьнізу фарбуюць белай фарбай. Ці, напрыклад, у спарткомплексе, дзе ён павінен праходзіць, нягледзячы на дождж, фарбуюць тратуарную плітку звычайнай фарбай. Усім зразумела, што яна празь некалькі дзён сатрэцца нагамі шматлікіх наведнікаў ці проста аблезе аб дажджу, сонца, сьнегу. Так што можна было б прадугледзець і купіць ужо гатовую каляровую плітку і пакласьці яе. Людзі бачаць гэтае вар'яцтва і разумеюць, што мільёны нашых рублёў, народных грошай выкідаецца на вецер, траціцца па-дурному, бяздумна, злачынна”.

Скончым праграму такімі тэлефанаваньнямі:

Спадар: “14 верасьня народзіны рок-музыканта гурту NRM Лявона Вольскага. Віншую!”

Сяргей Патаранскі: “Хочацца павіншаваць з 80-годзьдзем Алеся Белакоза, нашага вялікага краязнаўцу. І ня проста краязнаўцу, а вялікага вучонага. Менавіта праз культуру ідзе адраджэньне нацыі, а ніяк інакш. Толькі праз культуру і адбываецца асоба. У прыватнасьці, дзякуючы подзьвігу такіх людзей, як Алесь Белакоз, а таксама Лявону Вольскаму, у якога народзіны 14 верасьня. І яго таксама віншуем”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG