Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі прыняло рашэньне, што з 15 верасьня вызначаная квота – 75% беларускай музыкі ў радыёэфіры – павінна выконвацца ў так званы прайм-тайм. Рэкамэндацыі даведзеныя да кіраўнікоў радыёстанцыяў.

Яшчэ ў 2005 годзе Міністэрства інфармацыі пастанавіла, што ў радыёэфіры павінны гучаць тры чвэрці беларускай музыкі. Дзяржаўнае радыё, а таксама бюджэтныя FM-станцыі (“Мир”, “Радиус”) паслухмяна выканалі распараджэньне. Камэрцыйныя станцыі таксама вымушаныя былі падпарадкавацца, але пачалі шукаць пэўныя шляхі, да прыкладу, беларускіх выканаўцаў ставіць уначы. І вось Міністэрства інфармацыі вырашыла зноў нагадаць пра квоту.

Кіраўнік “Авторадио” Юры Базан перакананы, што ў яго радыёстанцыі ніякіх цяжкасьцяў з выкананьнем новага распараджэньня ня будзе:

“Рэальна мы рыхтавалі беларускую фанатэку задоўга да прыняцьця рашэньня пра тое, што трэба разьвіваць беларускую культуру. У нас увесь час былі беларускія блёкі. На сёньня ў нас больш за паўтары тысячы трэкаў беларускіх выканаўцаў, і ў нас ніякіх праблем з гэтым няма”.

Многія радыёстанцыі выкарыстоўвалі такі прыём, як прайграваньне расейскіх выканаўцаў беларускага паходжаньня (да прыкладу, Алены Сьвірыдавай, Натальлі Падольскай, Юр’я Антонава, Юр’я Карнелюка). Музычны рэдактар “Альфа Радио” Андрэй Халадзінскі кажа:

“Гэта выкарыстоўваецца. Гэтага ніхто не адмяняў – так званых умоўных беларусаў. Але ўсё адно гэта не ратуе: насамрэч іх вельмі мала. За гэтыя 4 гады так званай беларускай музыкі ня стала больш. Я маю на ўвазе пад беларускай музыкай добрую музыку, менавіта якасную, якую ня сорамна паставіць на радыё. Тое, што народ прыносіць, усе, каму не лянота, у каго ёсьць голас – усе хочуць сьпяваць... Але гэта не для радыё, для гэтага ёсьць караоке”.

Шмат якія музычныя рэдактары скардзяцца, што добрай беларускай музыкі ня так шмат, што калі ўсе станцыі будуць круціць адно і тое, яны ня будуць адрозьнівацца адна ад адной, што радыё стане менш папулярным і адштурхне рэклямадаўцаў. Андрэй Халадзінскі з “Альфа Радио” заўважае:

“А што – у нас хто-небудзь пытаецца, цікавіцца нашым меркаваньнем? Усе аргумэнты, якія выказваем мы – людзі гэтага не разумеюць, я маю на ўвазе ў Міністэрстве інфармацыі”.

Кіраўнік “Авторадио” Юры Базан таксама прызнае, што праблемы будуць:

“Праблема паўстане ў радыёстанцыяў, якія працуюць у вузкім музычным жанры: да прыкладу, блюзавае радыё або джазавае радыё”.

Да чаго могуць прывесьці камандна-адміністрацыйныя захады Міністэрства інфармацыі? Ці будзе камэрцыйнае “Альфа Радио” выконваць рэкамэндацыі Міністэрства інфармацыі? Музычны рэдактар Андрэй Халадзінскі:

“З аднаго боку, мы гэта ўжо робім. Пачынаючы з 1 верасьня мы ўжо працуем у такім фармаце. А да чаго гэта прывядзе? Трэба пачакаць і паглядзець, хаця б месяц. Бо мы лічым, што яшчэ больш згубім рэклямадаўцаў, не заробім грошай. І можам проста закрыцца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG