Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кастусь Козак, ураджэнец вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёну, пражыў няпростыя 83 гады. У 25-гадовым узросьце “за нацыяналізм” яго саслалі у Нарыльскі ГУЛАГ: “ворагам народа” ён быў прызнаны за тое, што з 1942-га да 1944-га – выкладаў беларускую мову ў школах акупаванай Шаркаўшчыны.

Потым разам з батальёнам Арміі Краёвай спадар Козак перайшоў у Польшчу, дзе трапіў ў Дальвіцкую школу абвэру, якая рыхтавала дывэрсантаў для барацьбы з партызанамі. У мястэчку Чырвона Лодзь, так і ня браўшы ўдзелу ў баявых дзеяньнях, сустрэў заканчэньне вайны.

У 1949-м яго затрымала польская выведка, і паводле судовага абвінавачаньня яму давялося зьведаць усе нягоды лягернага жыцьця: год адпакутаваў у сібірскіх перасыльных турмах ды шэсьць з паловай – на працы ў вугальных шахтах ды медна-нікелевых рудніках Нарыльшчыны.

Быў адным з кіраўнікоў найбольшага – на 70 тысяч удзельнікаў – паўстаньня палітычных зьняволеных у Нарыльскім ГУЛАГу, пасьля якога пачаўся масавы перагляд справаў асуджаных па сумнавядомым 58 артыкуле. З агульнага ліку паўстанцаў 5 тысяч былі беларусы, якія праз гады зьняволеньня нарэшце змаглі павяртацца на радзіму.

Кастусь Козак таксама вярнуўся ў Шаркоўшчыну. Згадваць пра сваё мінулае ён не любіў, але колькі разоў распавядаў слухачам “Свабоды” пра лягерныя гады і дзяліўся меркаваньнямі пра будучыню. Да апошніх дзён сябраваў з шаркоўшчынскімі актывістамі дэмакратычнага руху.

Заўтра яны правядуць Кастуся Козака ў апошні шлях.

XS
SM
MD
LG