Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Сікорскі: санкцыі могуць быць адмененыя вельмі хутка


У пятніцу позна ўвечары ў Варшаву вярнуўся міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які нечакана наведаў Беларусь з аднадзённым рабочым візытам.

Падсумоўваючы вынікі візыту, Сікорскі сярод іншага заявіў, што “надыйшоў час заўважыць пазытыўныя зьмены ў беларускай палітыцы і на добрыя ініцыятывы адказваць добрымі ініцыятывамі”.

Верталёт з польскай дэлегацыяй вярнуўся ў Варшаву на паўтары гадзіны пазьней чым было заплянавана, што міністар Сікорскі патлумачыў “слыннай беларускай гасьціннасьцю”:

“Беларускі самагон і пячонка зубра – гэта цікавы досьвед”.


Паводле міністра Сікорскага, адзін з тостаў, якія ўзьнялі беларускія і польскія дыпляматы ў рэзыдэнцыі “Віскулі”, быў тост за супольную перамогу польскіх і беларускіх рыцараў над турэцкім войскам пад Венай – гадавіна слыннай бітвы якраз адзначалася ўчора.

Але, як зазначыў польскі міністар, палякаў і беларусаў аб’ядноўвае ня толькі гісторыя:

“Польшча лічыць Беларусь сваім эўрапейскім суседам. Мартынаў сказаў, што Беларусь не прэтэндуе на сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе, але хоча з Эўразьвязам больш цесных дачыненьняў”.

Гаворка ідзе, перадусім пра гаспадарку – гэты чыньнік істотны і для беларусаў, якія шмат экспартуюць у краіны ЭЗ, і для палякаў:

“Адкрываюцца зусім новыя пэрспэктывы ўваходу на беларускі рынак, які знаходзіцца на іншым узроўні, польскіх прадпрыемстваў, банкаў. Беларуская гаспадарка магла б скарыстацца з нашага досьведу эканамічных рэформаў і нашых сьвежых, але ўжо даволі моцных эканамічных сувязяў у Эўразьвязе”.

Мартынаў і Сікорскі размаўлялі таксама пра магчымасьці спрашчэньня візавага рэжыму паміж краінамі, малым памежным руху, карце паляка, а таксама аб магчымым удзеле кіраўніка МЗС Беларусі ў спатканьні міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу.

Супрацоўніцтва па ўсіх гэтых накірунках, паводле Сікорскага, можа інтэнсіўна разьвівацца пры адной умове:

“Натуральна, што абавязковая ўмова збліжэньня Беларусі і Польшчы, Беларусі і Эўразьвязу – гэта працяг курсу дэмакратызацыі. Я веру, што зроблены мной сёньня крок будзе ўмацоўваць гэты накірунак”

У панядзелак, у часе паседжаньня Рады Эўразьвязу ў агульных справах і справах замежнай палітыкі, міністар Сікорскі прадставіць сваім калегам інфармацыю аб выніках візыту ў Беларусь.

Радаслаў Сікорскі заявіў таксама, што ў Эўразьвязе працягваецца дыскусія ў справе адмены санкцыяў супраць Беларусі:

“На сёньняшні дзень, калі ня здарыцца нічога непрадбачанага, гаворка ідзе пра тое, ці зрабіць гэта ў бліжэйшыя дні, ці ў бліжэйшыя тыдні”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG