Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі міністар правёў перамовы ў Менску


Радаслаў Сікорскі перад адлётам у Менск

Радаслаў Сікорскі перад адлётам у Менск

Сёньня адбыўся рабочы візыт у Беларусь міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага. Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства суседняй краіны правёў перамовы са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым.

Міністэрства замежных справаў Беларусі абмежавалася сьціслым інфармацыйным паведамленьнем аб сустрэчы:

“Бакі прадметна разгледзелі стан і пэрспэктывы двухбаковага ўзаемадзеяньня ў гандлёва-эканамічнай, трансгранічнай, консульскай сфэрах, а таксама пытаньні разьвіцьця дагаворна-прававой базы беларуска-польскіх дачыненьняў і супрацоўніцтва з Польшчай у кантэксьце дыялёгу Рэспублікі Беларусь з Эўрапейскім Зьвязам”.

А 11 верасьня Сяргей Мартынаў у Троках правёў нефармальную сустрэчу зь міністрам замежных справаў Літвы Пятрасам Вайцякунасам.

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі лічыць: такія кантакты не выпадковыя:

“Яны сьведчаць, па-першае, што эўрапейскія палітыкі не трымаюць слова. Таму што падчас візыту ў Варшаву ў траўні дэлегацыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў той жа міністар Сікорскі дакладна абвясьціў: пра любыя крокі па кантактах з уладамі будуць паінфармаваныя аб’яднаныя дэмсілы. Я ўжо не кажу пра тое, каб кансультавацца. Пра гэта таксама ішла размова – што рабіць і як.

Гэта сьведчыць, што пэўнымі палітыкамі робіцца стаўка на тое, каб апазыцыю беларускую ігнараваць і паспрабаваць дамовіцца празь яе галаву з дыктатарам. Я ня думаю, што гэта плённая палітыка. І такія палітыкі пасьля будуць горка шкадаваць пра свае крокі”.

Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Анатоль Красуцкі таксама цьвердзіць: візыт у Беларусь міністра краіны, якая ўваходзіць у Эўразьвяз, не выпадковы:

“Эўразьвяз заўважыў зрухі з боку ўладаў Беларусі. Яны тычацца крокаў, якія раней прапанавалі Беларусі і якія яна мусіла зрабіць, пачынаючы зь лёсу людзей, асуджаных за пэўныя дзеяньні, і канчаючы правядзеньнем выбараў у парлямэнт Беларусі. Дзеяньні кіраўніцтва Беларусі не засталіся не заўважанымі прадстаўнікамі Эўразьвязу. І гэта добра. Паколькі нарэшце пачынаецца двухбаковы працэс, а не аднабаковыя маналёгі. І хочацца спадзявацца, што гэтыя візыты паслужаць разгляду тых вострых момантаў, якія яшчэ існуюць у дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, прынамсі нашымі найбліжэйшымі суседзямі – Польшчай і Літвой”.

Перад вылетам у Менск міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі даў кароткую прэс-канфэрэнцыю, у часе якой заявіў, што ягоны візыт – гэта вынік “працэсу адбудовы кантактаў зь беларускімі ўладамі на розных узроўнях”.

“Мы заўважаем пазытыўныя зьмены ва ўнутранай палітыцы ў Беларусі. Вызвалены палітвязьні. Беларускія ўлады шлюць сыгналы, якія сьведчаць аб жаданьні нармалізаваць дачыненьні ня толькі з Польшчай, але і з усім Эўрапейскім Зьвязам, – заявіў Радаслаў Сікорскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG