Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Менск як хутар для адпачынку ад маскоўскай тусоўкі”


Хто заселіць элітныя дамы ў цэнтры сталіцы?

Хто заселіць элітныя дамы ў цэнтры сталіцы?

У Менску пачата рэалізацыя цэлага шэрагу маштабных праектаў, якія павінны кардынальна зьмяніць аблічча сталіцы. Гаворка пра міжнародныя пагадненьні ў галіне будаўніцтва дзелавога цэнтру на месцы лётнішча “Менск-1” і элітных мікрараёнаў з жыльлём новага пакаленьня.

Абсалютная бальшыня праектаў будзе рэалізаваная ў супрацоўніцтве з расейскімі кампаніямі; значная частка прыпадае таксама на долю арабскіх інвэстараў. Хто будзе гаспадарыць у новых менскіх апартамэнтах — беларусы, якія ў бальшыні сваёй фінансава не дарасьлі да сусьветных цэнаў, ці замежныя багацеі, гатовыя ўкладаць сродкі ў нерухомасьць па ўсім сьвеце?

Найбольшай актыўнасьцю на беларускім рынку будаўніцтва нерухомасьці адзначаецца расейская група кампаніяў “Ітэра”. Паэтапна, да 2020 году расейцы маюць збудаваць у Менску агулам 4 мільёны квадратных мэтраў жылой, офіснай і гандлёвай нерухомасьці. Пачатковая сума інвэстыцыяў акрэсьленая ў памеры 5 мільярдаў даляраў.

Пераважна аб'екты будуць сканцэнтраваныя на месцы старога аэрапорту ў цэнтры гораду. Праект пад назвай “Менск-сіці” прадугледжвае пабудову на 300 гектарах жылога раёну амаль на 40 тысяч жыхароў (больш за 1 мільён квадратных мэтраў) і адміністрацыйна-дзелавога цэнтру (дамінантай стане хмарачос на 70 — 80 паверхаў). Будаўнічыя работы абяцаюць пачаць у 2010-м, бо інвэстарам давядзецца адразу ўкласьці 170 мільёнаў даляраў, каб перанесьці ў раён Нацыянальнага аэрапорту “Менск” авіярамонтны завод.

Сёлета “Ітэра-груп” і Менскі гарвыканкам заснавалі сумесную кампанію, якая будзе асноўным заказчыкам аб'екту. Пры гэтым доля “Ітэры” складае 70%, гарадзкім уладам належыць 15%, столькі ж — расейскай групе “СУ-155”, якая выступае генэральным падрадчыкам будаўніцтва “Менск-сіці”.

"Гэта праблема горадабудаўнічай палітыкі, якая неадэкватна, некампэтэнтна праводзіцца"

Няцяжка здагадацца, хто пры такім раскладзе будзе вызначаць генэральную лінію праекту. Ці не атрымаецца, што расейцы папросту збудуюць свой анкляў на беларускай тэрыторыі? Ці ня будзе гэта ўкладаньнем расейскіх грошай у стратэгічную нерухомасьць без удзелу беларускіх юрыдычных і фізычных асобаў? Вось што з гэтай нагоды мяркуе былы галоўны дзяржаўны інспэктар Менскага гарвыканкаму Ўладзімер Папруга:

“Што б ні плянаваў інвэстар сёньня, хто гэта будзе купляць — пытаньне больш складанае, чым мы цяпер можам прагназаваць. Усё залежыць ад палітычнай каньюнктуры, ад эканамічнай каньюнктуры. Але рэч у тым, што тым жа самым расейцам, якія, магчыма, захочуць тут нешта прыдбаць, зусім не пытаньне, дзе жыць — у дамах “Ітэры” ці якой-небудзь дубайскай кампаніі. Таму я ня стаў бы менавіта на гэта зьвяртаць увагу. Іншая рэч, наколькі горадабудаўніча абгрунтавана насаджваюцца цяпер такія комплексы — вось гэта больш небясьпечнае пытаньне і вельмі небясьпечны спосаб вырашэньня гэтага пытаньня. Няма ніякіх праблемаў з інвэстарам, яшчэ раз паўтару. Гэта праблема горадабудаўнічай палітыкі, якая неадэкватна, некампэтэнтна праводзіцца”.

Тым часам ва ўпраўленьні інвэстыцыяў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва фактычна пацьвярджаюць: “Ітэра” на правах уладальніка кантрольнага пакету акцыяў “Мінск-сіці” можа ў працэсе будаўніцтва распараджацца нерухомасьцю, зыходзячы перадусім з уласных інтарэсаў:

“Хутчэй за ўсё, калі ў іх кантрольны пакет, то, як і ўва ўсім цывілізаваным сьвеце (а я мяркую, што мы да яго адносімся), яны будуць мець права, прынамсі ў сваёй долі, распараджацца маёмасьцю самастойна. Але што цяпер нас цікавіць, дык каб на гэты праект яны ў нас матэрыялы бралі. Спадзяюся, свае яны ня будуць сюды везьці? А то ў нас хутка тры цэмэнтавыя заводы на поўную магутнасьць запрацуюць — да 2010 году. І калі не расейцы, то куды мы падзенем гэты цэмэнт — ня ведаю”.

"Расейскія грамадзяне ў нас могуць свабодна купляць жыльлё"

Паводле міжнародных рыэлтарскіх кампаніяў, некалькі апошніх гадоў грамадзяне Расеі трымаюць першае месца па колькасьці апэрацыяў зь нерухомасьцю за межамі сваёй краіны. Геаграфія ўгодаў уражвае — ад акіянскіх выспаў да прэстыжных вілаў і кватэраў у ЗША і Заходняй Эўропе. Цалкам натуральна, што гэты працэс не абмінуў і Беларусі. Найбольш яскрава ахарактарызаваў тэндэнцыю вядомы расейскі тэлежурналіст Сяргей Дарэнка, які летась набыў кватэру ў Траецкім прадмесьці Менску. Паводле Дарэнкі, Менск — як “хутар”, на якім можна схавацца ад надакучлівай маскоўскай тусоўкі. А яшчэ, дадаюць іншыя, — адзін са спосабаў захаваць сродкі, уклаўшы іх у нерухомасьць на мяжы з Эўразьвязам.

Юрыдычных складанасьцяў на шляху з усходу ў Беларусь няма. Пры набыцьці кватэры ці лецішча ў Беларусі расейскія грамадзяне маюць тыя ж правы, што і беларусы. Мала таго, тэлефанаваньні ў фірмы-забудоўшчыкі ад імя нібыта расейскага знаёмага, які хоча прыдбаць кватэру ў Беларусі, прывялі да высновы: жаданьне атрымаць выгаднага кліента рассоўвае межы немагчымага. Дык ці існуюць асаблівыя патрабаваньні да расейскага пакупніка?

“Для грамадзяніна Расеі — не. Расейскія грамадзяне ў нас могуць свабодна купляць жыльлё. Няхай чалавек патэлефануе, мы дамовімся пра сустрэчу проста каля дому. Адразу скажу, што ёсьць варыянт, каб злучыць некалькі кватэраў, гледзячы на якую суму ён разьлічвае. Так што я пакажу гэтыя ўсе кватэры, патлумачу ўсе сыстэмы, як там што можна аб’ядноўваць і ўсё гэта пераплянаваць. Дарэчы, у нашым доме самыя папулярныя кватэры — па 85 мэтраў, яны 140 тысяч даляраў каштуюць”.

Экспансія ў будаўнічы сэгмэнт рынку ня будзе мець выключна расейскага аблічча

Пакуль праект “Мінск-Сіці” чакае сваёй чаргі, ужо згаданая “Ітэра”, ня трацячы часу, распачала рэалізацыю іншай задумы — “Бізнэс-цэнтру” ў Менску паміж вуліцамі Максіма Танка і Кальварыйскай. На 6 гектарах да 2012 году будзе пабудавана больш за 40 тысяч квадратных мэтраў жыльля і 220 тысяч квадратаў офісных плошчаў. Тут разьмесьцяцца 2 вежы па 60 паверхаў кожная, 40-павярховы гатэль і 32-павярховы жылы дом клясы “А”. Агульны аб'ём інвэстыцыяў — паўмільярда даляраў. А ці гатовая беларуская сталіца ператравіць такую колькасьць элітнай забудовы?

Кіраўніца адной зь менскіх фірмаў нерухомасьці Вольга Шкаруба кажа: з улікам меркаванага падвышэньня цэнаў на нерухомасьць попыт на яе будзе стабільна высокі. А значыць, расейскія пакупнікі і тут будуць не староньнімі назіральнікамі:

“У мяне, прыкладам, расейцы няшмат кватэраў куплялі. Ёсьць, але не ў такім аб’ёме, што едуць і павальна ўсё скупляюць. Думаю, наша заканадаўства ня вельмі на сёньняшні дзень цікавае для іх, каб тут жыць і працаваць. Ёсьць попыт па долевым будаўніцтве. Нават цяпер чакаю кліентку, яна глядзіць менавіта элітнае жыльлё. Звычайнае панэльнае домабудаўніцтва яе не цікавіць, трэба, каб асобная кацельня была, пляніроўка адмысловая. Папулярнасьцю карыстаюцца навабуды далей ад цэнтру — шмат хто пытаецца наконт Піянэрскай, якая служыць працягам праспэкту Пераможцаў. Дастаткова цікавяцца, таму не магу казаць, што рынак ужо насыціўся. А ў зьвязку з тым, што даляр крыху ўпаў, то і кошт у рублёвым эквіваленце таксама ніжэйшы. І калі эканамісты прагназуюць, што ў далейшым чакаецца рост цэнаў на нерухомасьць, будзе карыстацца попытам і элітнае жыльлё”.

Экспансія ў будаўнічы сэгмэнт рынку ня будзе мець выключна расейскага аблічча. Ёсьць дамоўленасьць, што 25 гектараў ад вуліцы Купалы да станкабудаўнічага заводу імя Кірава забудуюць фірмы Аману. Дзялянкі паабяцаныя інвэстарам з Кітаю, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Катару, Саудаўскай Арабіі. Як лічыць вядомы архітэктар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Міхаіл Пірагоў, няма нічога заганнага ў тым, што Беларусь падхоплівае сусьветныя тэндэнцыі. На думку Пірагова, Менск павінен асучасьнівацца, а намаганьнямі адных беларусаў гэта зрабіць складана:

“Магчыма, чаму не? Я не лічу, што гэта будзе дрэнна. Зусім не лічу. Урэшце, там жа недзе можна адзін дом падбудаваць, усіх жыхароў перасяліць, каб у іх былі камфортныя кватэры. То бок няхай яны тут жа, у звыклым для сябе раёне жывуць (бо, ведаеце, старажылаў насамрэч цяжка выселіць у іншае месца), затое можна з гэтай зямлі атрымаць, вядома, вялікі выхад і жылой плошчы, і пабудаваць грамадзкія будынкі офісныя. Таму, як я мяркую, гэта ўсё апраўдана. Ува ўсім сьвеце такая практыка ўжываецца, пра што тут казаць? Дарэчы, гэтак жа адбываецца практычна ўва ўсіх буйных эўрапейскіх гарадах”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG