Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэдэўры грузінскага кіно зноў пакажуць у Менску


Больш за месяц, з 15 верасьня да 20 кастрычніка, у Менску ў кінатэатры “Ракета” будуць дэманстравацца сапраўдныя шэдэўры грузінскага кінэматографу. Праграма праходзіць пад красамоўным назовам “Фаварыты кіно”.

Тэнгіз Абуладзэ, Атар Іясэліяні, Георгій Данэлія — гэтыя імёны грузінскіх рэжысэраў упісаныя ў гісторыю ўсясьветнага кінэматографу. Беларусь дэманструе, што ня мае намеру сапсаваць адносіны з Грузіяй з-за “асабістага меркаваньня” Расеі.

Паказ грузінскіх шэдэўраў у Беларусі падчас расейска-грузінскага канфлікту — вельмі добрая падзея і радасьць для нашага гледача, кажа кінакрытык Андрэй Расінскі:

“Грузінскае кіно — адзін з дыямэнтаў ва ўсясьветным кінэматографе. Наймацнейшыя, найвыбітнейшыя карціны былі зробленыя ў 70—80-я гады, і менавіта гэтыя шэдэўры будуць ізноў паказаныя ў Беларусі, зноў прадстаўленыя беларускаму гледачу”.

У першую чаргу гэта Тэнгіз Абуладзэ — ягоная трылёгія “Мальба”, “Дрэва жаданьня” і “Пакаяньне”. Фільмам-прыпавесьцю “Мальба” Абуладзэ пачаў размову пра агульначалавечыя каштоўнасьці. Цэнтрам сюжэтнай кампазыцыі “Мальбы” стала постаць Паэта, за якой стаіць клясык грузінскай літаратуры Важа Пшавэла. Кінакрытык Андрэй Расінскі раіць беларускаму гледачу абавязкова паглядзець раньнія творы Абуладзэ:

“Калі “Пакаяньне” ў нас яшчэ многія засьпелі і памятаюць, то ягоныя шэдэўры “Мальба” і “Дрэва жаданьня” ведаюць нямногія. І гэта вельмі добрая нагода ўбачыць гэтыя ўнікальныя, найвыдатнейшыя стужкі, якія складаюць адзіную трылёгію”.

А ўзнагароды, якімі ўганаравалі рэжысэра і актораў кінастужкі “Пакаяньне”, можна доўга пералічаць: спэцыяльны гран-пры Міжнароднага Канскага кінафэстывалю, Ленінская прэмія, прызы кінаакадэміі “Ніка”, узнагароды міжнародных фэстываляў у Чыкага, Нарвэгіі...

“Пастараль” — апошні савецкі фільм грузінскага рэжысэра Атара Іясэліяні (зьняты ў 1975 годзе). У 1984 годзе Іясэліяні зьмяніў савецкую Грузію на Францыю, але захаваў свой стыль і свой погляд на сьвет. Андрэй Расінскі выказаў такое меркаваньне:

“Фільм Іяселіяні “Пастараль” — таксама адзін з найлепшых грузінскіх фільмаў, атмасфэрычная, цёплая карціна".

А “Фаварыты Месяца” — фільм, які таксама пакажуць беларускаму гледачу — Іясэліяні зьняў ужо ў Францыі.

Ну і трагікамэдыя “Не сумуй” Георгія Данэлія, дзе сыграла цэлае сузор’е найвыдатнейшых актораў: Анастасія Вярцінская, Арыядна Шэнгелая, Вахтанг Кікабідзэ, Яўген Лявонаў, Сяргей Філіпаў, Вэрыко Анджапарыдзэ, Сафіко Чыяўрэлі, Фрунзік Мкртчан ды іншыя.

“Тое, што гэтыя грузінскія шэдэўры цяпер паказваюць у Беларусі — гэта вельмі добра. Гэта выбітнае мастацтва, гэта фільмы на ўсе часы”, — дадае Андрэй Расінскі.
XS
SM
MD
LG