Лінкі ўнівэрсальнага доступу

C.Салаш: “Зьменяцца пакаленьні, пакуль у гарадох пачнуць жыць гараджане”


На гэтым тыдні нашым грамадзкім рэдактарам быў дырэктар інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Эўрапейская хваля”, барысавец Сяржук Салаш. Яму 34 гады, сябра Партыі БНФ. Ішоў на парлямэнцкія выбары, аднак зноў – як спачатку ў 2003 і 2004-м, а затым і ў 2007-м гадах – сустрэў супраціў з боку выбарчай камісіі.

Калі чатыры гады таму праз ЦВК Сяржук здолеў дамагчыся рэгістрацыі, дык падчас мінулай кампаніі быў наагул арыштаваны зь іхняй падачы. Сёлета таксама зьнялі з выбарчага маратону: даўнія “сябры” – сакратарка выбарчай камісіі № 62 спн.Стасава і намесьніца старшыні райвыканкаму спн.Шутко абвінавацілі яго нібыта ў паклёпе. Днямі адбыўся суд. Ён узяў бок прадстаўніц вэртыкалі.

Аднак Сяржук Салаш замовіў нашым карэспандэнтам падрыхтаваць перадачу зусім не на гарачую выбарчую тэматыку. Хоць менавіта ўдзел у выбарах – практыка агітацыі па прынцыпу “ад дзьвярэй да дзьвярэй” падказалі яму тэму: “Беларусы ў шматпавярховіках: эстэтыка жыцьця і побыту”.

– Я ўсё жыцьцё пражыў у шматпавярховіках, і толькі ўлетку разам з бацькамі езьдзіў у заходнебеларускую вёсачку да сваіх дзядоў і бабуляў. І назаўсёды захаваў моцнае ўражаньне: вёска – гэта найперш такое неверагоднае пачуцьцё свабоды й прасторы.

І вось гэтага якраз і найбольш не хапае сёньняшняму жыхару мікрараёнаў, былому вяскоўцу. Калі дадаць яшчэ, што гарады засяляліся вяскоўцамі з ужо вытручаным пачуцьцём уласнасьці і недафармаваным пачуцьцём прыгажосьці, то перастаеш зьдзіўляцца ня толькі выгляду гарадзкіх раёнаў, двароў, але й пад’ездаў, паштовых скрыняў…

Валянцін Акудовіч: “Вёска са сваім калгасным ладам жыцьця і мысьленьня стала гаспадаром гораду”

Паводле гісторыкаў, да вайны ў беларускіх гарадах жыло толькі 17% этнічных беларусаў. Бальшыню гараджанаў складалі габрэі – каля 50%, потым па колькасьці ішлі расейцы, палякі. Зараз бальшыню беларускіх гарадоў складаюць этнічныя беларусы. Пра тое, што з гэтага вынікае, разважае філёзаф Валянцін Акудовіч:

“З чаго раптам адбылася такая перамена? Натуральна, з таго, што вёска ладнай сваёй часткай пераехала ў горад. Гэта здарылася пасьля другой усясьветнай вайны і літаральна за некалькі дзесяцігодзьдзяў. Таму сёньня мы павінны гаварыць не пра сьляды вёскі ў горадзе, а пра акупацыю нашых беларускіх гарадоў беларускай вёскай. Гэта добра і ня надта.

Бо пакуль горад ня стаўся беларускім, не магло быць размовы пра пабудову паўнавартаснай беларускай нацыі. А нядобра таму, што вёска са сваім калгасным ладам жыцьця і мысьленьня стала гаспадаром гораду. З гэтага мы маем безьліч праблемаў – ад палітычных і сацыяльных да культурных і побытавых. Бо бальшыня насельніцтва жыве ў гарадах, а мэнтальнасьць і лад жыцьця ў іх вясковы. Адным словам, сена на асфальце, як пісаў калісьці наш цудоўны празаік Міхась Стральцоў”.

Што адбываецца з чалавекам, які адрываецца ад сваіх каранёў, ад векавой традыцыйнай культурнай тканкі, у якой ўсё пасьлядоўна, лягічна і непарушна, і ўнікае ў сьвет чужы, незнаёмы, скіраваны на ўніфікацыю асобы? З чалавекам адбываецца па праўдзе бяда. Ён губляе сябе, лічыць этнакультуроляг Антаніна Хатэнка:

“Перасяліўшыся ў гарады, якія ўніфікавалі абсалютна ўсё ў кожнай асобе, мы ня здолелі захаваць а нічога, што прывезьлі зь вёскі. Нейкія асобныя этнічныя прыкметы – гэта, хутчэй, экзотыка, чым лад мысьленьня і жыцьця, Бо ўсё, што ёсьць этнічна характэрнага для кожнага народу, ведама, гняздуе ў вёсцы, а мы вёску занядбалі.

Дык што мы стварылі ў гарадох, што перанесьлі і што захавалі? А нічога. Таму што горад сам па сабе стварае культуру масавую, бязьлікую, безаблічную. А мы мелі колісь культуру вясковую і культуру местачковую. Местачковая культура была культурай жывой, яна была скіраваная на індывідум, яна гаварыла з чалавекам. Гэтакім чынам, што ў горадзе ёсьць адметнага, сапраўднага, нашага, ад вытокаў? Нічога. На сёньня мы ня маем ні гарадзкой, ні вясковай культуры, а гэта павінна быць адзіным цэлым. Значыць, ня маем культуры наагул. Маем успамін, што колісь было. Мы жывем рэтраспэктыўна, не эвалюцыйна. Хутчэй – інвалюцыйна”.

Камэнтуе Сяржук Салаш:

– Калі каля ўваходных дзьвярэй на лесьвічнай пляцоўцы вы ўбачыце вялікую скрыню, запоўненую бульбай і зачыненую на замок, то будзьце абсалютна ўпэўненыя: уладальнік гэтай скрыні – вясковы гараджанін.

Няхай тая скрыня абсалютна не адпавядае санітарным нормам, у той гнілізьне заводзіцца нейкая жамяра, гаспадар усё роўна шчасьліўчык – ён адваяваў у дзяржавы некалькі квадратных мэтраў дадатковай прасторы.

Калі вы заўважыце ў пад’езьдзе наклейкі-рэпрадукцыі ці выцінанкі, то ведайце – гэта ўжо справа рук гарадзкога вяскоўца ў другім пакаленьні. Максымум ягоных эстэтычных здольнасьцяў – выцягнуць з кватэры абсалютна непатрэбныя яму рэчы, якія проста выкінуць рука не падымаецца. Напрыклад, нейкія старыя гаршкі пад кветкі. І яго не цікавіць, што некаторыя суседзі могуць быць супраць такога ўпрыгожаньня…

Цяжка ўявіць сабе такія пад’езды ў эўрапейцаў. Зрэшты, як і самі гэтыя шматпавярховыя трушчобы.

І павінна зьмяніцца некалькі пакаленьняў да таго часу, пакуль мы перастанем адчуваць у сваіх пад’ездах пах падгнілай бульбы. Тады толькі можна ўпэўніцца, што ў гарадах жывуць гараджане, а не вяскоўцы.

Віктар Шалкевіч: “Раней мы былі прыблізна аднолькавыя ў гэтых дамах, а цяпер адбылося расслаеньне людзей”

Спальныя раёны — гэта своеасаблівыя гета для насельніцтва гарадоў, ці месца для больш-менш нармальнага жыцьця?

Калі ўзяць да прыкладу Горадню, то стары цэнтар адносна невялікі, жыхароў няшмат, прычым нярэдка дамы ня маюць патрэбных выгодаў і людзі гатовыя зьехаць у любы мікрараён, абы мець дома гарачую ваду і ўнітаз. Вядомы бард і актор Віктар Шалкевіч жыве ў мікрараёне Дзевятоўка. Што ён думае пра спальныя раёны?

“Той, хто ніколі ня жыў у інтэрнаце, чатыры ці шэсьць чалавек у пакоі, той ня ведае, што такое напраўду ўласны кут, а тым больш уласная кватэра ў доме. Ня важна, дзе яна ёсьць, галоўнае, каб яна была. Чалавек, мне здаецца, не зважае, на якім паверсе жыве, ён прыцягвае туды свае кніжкі, кружэлкі – карацей тое, што дапамагае яму камфортна жыць. Гэта самае галоўнае.

Па-рознаму жывецца ў тых спальных раёнах. Калі людзі сяліліся ў адным пад’езьдзе ў каапэратыўным доме, яны былі аднолькавыя. Потым наступілі крышку іншыя часы. Нехта заўчасна памёр, як у нас тут, нехта сьпіўся, а нехта пачаў нармальна жыць. Па-рознаму ўсё. Проста раней людзі былі прыблізна аднолькавыя ў гэтых шматпа’ездных, шматкватэрных дамах, а цяпер адбылося расслаеньне людзей.

Цяжка сказаць наконт таго, што спальны ён ці няспальны. Сапраўды, калі я дзесьці працую, то ў сябе я толькі сплю і адпачываю, каб потым зноўку набрацца сілаў і працаваць, вось і ўсё”.

У Дзевятоўцы няма кінатэатру, палацу культуры, але будуецца касьцёл, а адносна нядаўна асьвяцілі камень у падмурку царквы. Ці мае гэта значэньне для Віктара Шалкевіча?

“Касьцёл пачаў будавацца вельмі даўно, і будоўля ніяк ня можа скончыцца, а царква ў нас дастаткова сьціплая, маленькая і непрыкметная. Можна нават сказаць – не царква, а вагончык. Касьцёл, ясна, вялікі, прычым гэта дамінанта ў нашым мікрараёне. Гэта справа ксяндзоў: калі яны хочуць працаваць з душамі, зь людзьмі, яны павінны людзей кудысьці прыцягваць. Цэнтар гораду ў нас перанагружаны касьцёламі, а на пэрыфэрыі амаль няма, хаця таксама будуюцца. Але мы па старой звычцы сям’ёю заўсёды езьдзім на набажэнства ў Фарны касьцёл, таму што мы да яго прывыклі і нам заўсёды там прыемна”.

Аб жыцьці ў спальным раёне зараз разважае журналіст польскай “Газэты Выборчай” гарадзенец Андрэй Пачобут.

“Усё залежыць ад таго, пра каго мы гаворым. Чалавек можа жыць у спальным раёне і будзе адчуваць сябе шчасьлівым, на сваім месцы. Іншы чалавек будзе ў такім раёне абсалютна нешчасьлівы і загублены ў гэтай архітэктуры савецкай, задаўлены чалавек. Усё залежыць ад чалавека. Спальныя раёны зьявіліся, калі пачалося разьвіцьцё гарадоў, прыток працоўных, і трэба было дзяржаве вырашыць праблему з жытлом. Гэта ня толькі Савецкі Саюз такім шляхам пайшоў, а практычна ўсе краіны. Але паўсюдна такія раёны, яны лічацца дрэннымі. Людзі, якія маюць трошку больш грошай, у той жа Польшчы, яны будуюць сабе ўласныя дамы. Чаму? Чалавек у сваім доме, ён – гаспадар. Суседзі дастаткова далёка, гэта ня тое, што ў гэтай шпакоўні, дзе зьверху могуць слухаць музыку, збоку – сварыцца з жонкай, і ўсё будзеш чуць”.

Ці правамерна вызначаць, якія спальныя раёны Горадні лепшыя, а якія –горшыя?

“Калі казаць пра Горадню, то самы найгоршы раён, мне падаецца, гэта Пярэселка. Ня ледзячы на тое, што там шмат асобных дамоў старых, драўляных. Я калісьці рабіў рэпартаж і сутыкнуўся з тым, у якіх умовах там жывуць людзі, бо Пярэселка – фактычна вёска ў цэнтры гораду”.

Карацей, сапраўды лепей мець кватэру ў спальным раёне, мяркуе Андрэй Пачобут. А раён такі – праз вуліцу ад прыватных дамоў, і яго, між іншым, назвалі дзякуючы гэтай вёсцы, што калісьці была за гарадзкой ускрайнай – Пярэселкай.

Камэнтуе Сяржук Салаш:

– Многія спальныя мікрараёны паўставалі не як месцы для камфортнага адпачынку, а – своеасаблівымі гета пры буйных прадпрыемствах.

І жыцьцёвая траекторыя многіх насельнікаў як бы не сягае далей за дзьве асноўныя каардынаты: завод, дзе працуеш, і раён, дзе сьпіш.

Сёньня, канечне, іх сацыяльны склад мяняецца. Аднак у прынцыпе яны такі засталіся зонай, гета на адной лесьвічнай пляцоўцы могуць пражываць і звычайны працаўнік, і ягоны высокі кіраўнік. У выніку працоўныя герархічныя адносіны пераносяцца і на прыватнае жыцьцё.

Чалавек папросту ня можа нармальна разьняволіцца. Аднак калі ў яго няма такой магчымасьці, то зьяўляюцца розныя стрэсы. Тым больш мікрараёны нашыя ў такім паўзаняпалым з гледзішча інфраструктуры стане…

Людзі нэрвуюцца, жывуць у псыхалягічнай напрузе. Старэйшыя бачаць выйсьце ў гарэлцы, а маладзейшыя ў наркаце.

І гэтую сытуацыю неяк трэба мяняць.

Валянціна Гвазьдзёва: “Вясковец тут пакутуе ад адзіноты. Бо ў калгасе гэта адчуваецца меней. А ў горадзе не хапае месцаў для ўзаемінаў”

Цяпер, калі сьвет па той бок Буга адкрыўся для шмат каго зь беларусаў, стала зразумелым: беларуская вёска мае вялікія праблемы з эстэтыкай побыту й асяродзьдзя. А як уплывае на колішніх вяскоўцаў горад зь яго новымі сацыяльнымі ўмовамі? Ці, наадварот, іхняя традыцыйная плянка спажывецкіх запатрабаваньняў у пэўнай ступені закансэрвавала разьвіцьцё гарадзкой прасторы?

Найперш, што думаюць, напрыклад, магілёўцы пра сваё жыцьцё ў горадзе, чым яно, на іхнюю думку адрозьніваецца ад вясковага?

Спадар: “Камфорту ў горадзе больш, выгод, больш спакусаў. На сяле іх неяк паменш”.

Спадарыня: “У горадзе больш падзеяў. Нават кудысьці пайсьці ўвечары, у горадзе не адзін жа клюб. Ёсьць магчымасьць выбару”.

Спадар: “Напэўна там усё нашмат прасьцей. У горадзе нейкая гарадзкая мітусьня. Пастаянна праблемы”.

Спадарыня: “Тут болей сацыяльны ўзровень. Узаемадносіны ў людзей больш на значна вышэйшым узроўні”.

Да сярэдзіны сямідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя насельніцтва Магілёва было ня большым за дзьвесьце тысяч. Па пабудове аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў у Эўропе аб’яднаньня “Хімвалакно”, колькасьць насельніцтва тут вырасла амаль ў паўтара разу. Цяпер магілёўцаў 380 тысяч.

Старшыня няўрадавай арганізацыі “Жаночы цэнтар падтрымкі й самаадукацыі” Валянціна Гвазьдзёва памятае тыя часы, калі Магілёў быў адносна невялікім. Памятае яна й час, калі магілёўскае Задняпроўе засялілі ўчорашнія вяскоўцы. У Магілёве, лічыць яна, яшчэ замала жыхароў, якія адчуваюць сябе напоўніцу гараджанамі:

“Беларускім гарадам чым складана адчуваць сябе горадам зь яго гісторыяй, культурай, бо яны ж усе былі разбураныя. Яны ж наноў ствараліся людзьмі, якія прыехалі зь вёскі. Яны там жылі ў абсалютна іншым соцыюме. Там не паўставала пытаньне, што не стае ўзаемінаў, што чалавек пакутуе ад адзіноты. На вёсцы гэта адчуваецца меней. У горадзе не хапае месцаў для ўзаемінаў”.

Людзі, якія працяглы час не былі ў Магілёве, кажуць, што ён стаў больш чыстым і дагледжаным.

Былы кіраўнік шклоўскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рыгор Кастусёў на гэта аднак зазначае, што за “чысьцінёй й парадкам” улада найчасьцей хавае сваю няздатнасьць вырашаць куды больш важныя праблемы, якія ёй падаюцца другаснымі:

“Гэта нашмат прасьцей чым насадзіць культуру мовы, культуру гістарычных каштоўнасьцяў. А тут насаджацца адна рэч “чыста альбо ня чыста”. Разумееце на побытавым узроўні гэта “культура чаркі і шкваркі”. Людзі думаюць, што раз шкварка ёсьць, чарка ёсьць, значыцца мы добра жывём. Вось да чаго зводзіцца замбаваньне нашых людзей. Гэта дзяржаўная ідэалёгія такая”.

Рыгор Кастусёў адзначае, што на жаль гэтая ідэалёгія дае свой плён. Беларусы, якія ўбачылі на вуліцах замежных гарадоў сьмецьце, кажуць, што там адзін бруд, а тое, што ў нас яго ня менш, пра тое ня згадваюць. Зьменіць сытуацыю, паводле спадара Кастусёва не ідэоляг, але прафэсіянал, для якога няма дробязяў.

Магілёўскі журналіст Алесь Буракоў лічыць: сёньняшняя моладзь гэта першае пакаленьне, якое абсалютна ня ведае, чым жыве вёска, горад аднак для іх пакуль яшчэ ня стаў нечым вытлумачальным:

“Што яны ўкладаюць у панятак “горад”, думаю, самі пра тое ня ведаюць. І горад для іх, скажам так, – атмасфэра, дзе яны жывуць”.

Камэнтуе Сяржук Салаш:

– Пакаленьнямі нашых людзей вучылі абыходзіцца малым. І як мне падаецца, наагул у беларусаў ня надта высокая плянка спажывецкіх запатрабаваньняў. Да таго ж у нас дзесяцігодзьдзямі вытручвалі пачуцьцё гаспадара.

У выніку чалавек перастаў адчуваць свой уплыў на навакольнае асяродзьдзе, на сваё жыцьцё і ўрэшце перастаў верыць у свае магчымасьці.

Разуменьне прыгажосьці цалкам “прыватызаванае” ўладамі, які цалкам у палоне безгустоўнасьці. Адсюль у нас у горадзе аднастайныя бэтонныя платы ўздоўж дарог… Або ёсьць у Барысаве рэстарацыя “Каралеўскае паляваньне”, прызнаная лепшай у Беларусі. Дык там любіць адпачываць мясцовае чынавенства – “бамонд”… Дзіўлюся: абсалютная адсутнасьць эстэтыкі і густу. На сьценах чырвона-зялёныя плякаты “За Беларусь!”, а побач шкуры і галовы з разяўленымі пашчамі забітых ваўкоў і мядзьведзяў. Па-мойму, пік безгустоўнасьці.

Дзе выратаваньне? У руцэ прыватніка, у прыватнай ініцыятыве. Прыкладам чаго тут, у Барысаве, зьяўляецца новы будаўнічы рынак, што цалкам паўстаў за прыватныя грошы. У гэтым накірунку і трэба рухацца.

Жана Міцкевіч: “Прыгажосьць наагул уплывае пазытыўна, прынамсі, яна прымушае чалавека цаніць эстэтыку, ставіцца да яе з павагай”

Што значыць вуліца, пад’езд аддаленага спальнага мікрараёну для дзяцей? Ці можна абысьці ўплыў дваровага асяродку ў выхаваньні асобы? Альбо менавіта гэты асяродак і ёсьць адным з выхаваўчых момантаў?

Пра значнасьць двара як асяродка дзяцінства асобы сьведчыць наяўнасьць гэткага музычнага жанру, як дваровыя песьні. Словы іх могуць крыху розьніцца, як ва ўсёй народнай творчасьці, музычнае суправаджэньне ў большасьці – гітара, мэлёдыка таксама праектуецца ў адпаведнасьці з выканаўцам і ягоным дваром. Нехта ў двары вучыцца піць і паліць, нехта – граць на гітары і гуляць у футбол. На думку псыхолягаў, двор можа сапсаваць чалавека, а можа – выхаваць. Слова – псыхолягу Жане Міцкевіч:

“Асяродзьдзе мае вялікае значэньне. Гэта асяродзьдзе школы, асяродзьдзе садка, але разам з тым – і асяродзьдзе двара. У залежнасьці ад таго, сярод якіх дзяцей знаходзіцца дзіця, – можа быць той ці іншы ўплыў. Нездарма часта прыходзяць бацькі і скардзяцца: ён зьвязаўся з дрэннай кампаніяй. Дваровая кампанія – гэта не абавязкова, -ага!!! – тут адны рабочыя жывуць,значыць нашыя дзеці будуць мець дрэнную дваровую кампанію. Нельга такія высновы рабіць. Дзеці акадэмікаў, ці рабочых, кампанія можа аказацца рознай. І ўсё найбольш залежыць ад таго, якое выхаваньне дзіця мае ў сям’і, які ён сам”!...

Бацькам цяжка выбраць слушную тактыку і стратэгію дзецям, якія бачаць, што жыцьцёвыя каштоўнасьці, якія дэкляруюць у сям’і, кардынальна разыходзяцца з тым, што дзіця бачыць у двары. Распавядае рэдактар сайту dzetki.org Хрысьціна Вітушка:

“У маёй бацькоўскай практыцы быў выпадак: мой сын вельмі моцна ўразіўся, калі пабачыў, як маці ў двары лупцуе сына. Хлопчык плакаў, прасіў маму супакоіцца, але яна працягвала так званае выхаваньне. Сын ня мог заснуць цягам тыдня. І мне было вельмі цяжка патлумачыць, чаму чыясьці мама гэтак паводзіла сябе з уласным дзіцем. Таму што я ў хаце закладаю яму іншыя зусім каштоўнасьці: што біцца нельга, што крыкам вырашаць нічога нельга”...

З такіх вось супярэчлівасьцяў выхаваньня вынікае патэнцыйны плюс дваровага асяродку, кажуць псыхолягі. Бо гэта – красамоўны ўзор таго, што сьвет – розны, людзі ў ім – таксама розныя. Але кожны робіць уласны выбар. Вось што трэба тлумачыць дзецям, падкрэсьлівае Жана Міцкевіч:

“Ён многае зразумее, многае ўбачыць, – жыцьцё, так, як яно ёсьць без ружовых акуляраў, але разам з тым зможа захаваць сваю індывідуальнасьць і вырашыць: гэта я прымаю, гэта я не прымаю для сябе”...

Супрацоўніца рыэлтэрскай фірмы Тацяна – маці 16-гадовай дачкі. Тацьцяна лічыць, што двор – гэта фактар рызыкі для добрага выхаваньня, – маўляў, адтуль усе шкодныя звычкі. Але забараняць дзіцяці кантактаваць з тымі, з кім ён хоча, нельга – бо забароненае становіцца прывабным. Таму, на думку Тацяны, павінен быць разумны кантроль:

“Двор – гэта ж бліжэйшае атачэньне, суседзі. З сябрамі Веры па двары я заўсёды была ў цесным кантакце. Ня тое, каб там былі такія ўжо супэрсем’і. Але мне галоўнае быць зь імі ў зьвязку, – каб мы разам разумелі, што адбываецца, хто, дзе і гэтак далей”.

Апроч маральнага боку выхаваньня двару, ёсьць яшчэ так званага гарадзкая эстэтыка. Якая таксама вельмі ўплывае на станаўленьне асобы, кажа Жана Міцкевіч:

“Усе дзіцячыя пляцоўкі, калі яны добра аздоблены, – безумоўна, гэта на лепшы бок. Прыгажосьць наагул уплывае пазытыўна, прынамсі, яна прымушае чалавека цаніць прыгажосьць, ставіцца да яе з павагай. Канешне, калі ўсе пляцоўкі будуць абсталяваныя, добра выглядаць, але пры гэтым і жыхары дамоў, найперш дзеці, будуць самі ўдзельнічаць у аздабленьні двара, то будзе выхоўвацца культура на раньніх стадыях станаўленьня асобы, і тады гэта будзе мець вялікі плён!”

Камэнтуе Сяржук Салаш:

– Асабліва балюча назіраць за нашымі дзяцьмі, якія першыя – дашкольныя гады свайго жыцьця мусяць праводзіць са сваімі мамамі ля пад’ездаў сваіх дамоў.

У гэтых дварах няма нармальна абсталяваных дзіцячых пляцовак, спартовых гарадкоў, час бавіцца ў вытаптаных пясочніцах…

І для маленькіх барысаўцаў, валожынцаў, чэрыкаўцаў, лоеўцаў, пінчукоў выезд у менскі “Макдональдс” – гэта падзея, якая запамінаецца на ўсё жыцьцё.

Мая дачка дагэтуль згадвае адну зь дзіцячых пляцовак у дварох каля плошчы Перамогі – там і дамкі, і горкі, і драбіны, і лябірынты ўсялякія… Кожны раз, калі чуе, што еду ў Менск, то з поўнымі спадзеву вачыма просіць: “Тата, татак, вазьмі мяне з сабой, на горкі!”

Здавалася б, простае і зразумелае жаданьне для дзяцей, але ў нас у Барысаве рэалізаваць яго немагчыма.

У выніку нашыя дзеці пачынаюць моцна адставаць ад сваіх аднагодкаў з цывілізаваных краінаў. І менавіта на гэтых этапах у іх закладаецца ўстаноўка задавальняцца тым, што ёсьць – абы-чым… Такую сытуацыю неабходна карэнным чынам зьмяняць.

Наагул, зьмяніць сытуацыю ў краіне можна зьменай нашага стаўленьня да дзяцінства. З дзяцей нашых трэба ўсё пачынаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG