Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 12 верасьня, пятніцу.


Лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сіл сёньня заявілі, што ня будуць удзельнічаць у кампаніі байкоту выбараў. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Самае слушнае рашэньне: дэмакратычным сілам абвясьціць выбарам байкот. А праводзіць выбары для пратэжэ Аляксандра Лукашэнкі і прэміраваньня Лідзіі Ярмошынай амаральна!”

Выказваньне камэнтуе лідэр кампаніі “За свабодныя выбары” Віктар Карняенка:

“Калі ў палітыцы карыстацца выключна эмоцыямі, то, пэўна, спадар мае рацыю. А калі кіравацца палітычнай мэтазгоднасьцю і працаваць на вынік, то ёсьць некалькі абставінаў, якія не дазваляюць сур’ёзным палітыкам рабіць гэта менавіта сёньня. Першае — гэта заходні чыньнік. Мы настойвалі, каб да нас прыехалі міжнародныя назіральнікі, і яны прыехалі. І мы павінны ім паказаць, якія ёсьць парушэньні, дзе і гэтак далей. Другое — кансалідаванага рашэньня ў гэтым няма. Такім чынам, на выбары ідзем, але не для таго, каб Ярмошына атрымлівала прэміі, а каб на фактах паказаць, што выбары ў краіне недэмакратычныя”.

Прадпрымальнікі краіны выказваюць пратэст з нагоды пастановы ўраду Беларусі, якая абмяжоўвае гандлёвую надбаўку на імпартныя тавары. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Так хочацца выказацца наконт так званых прадпрымальнікаў. Могуць з-за мяжы прывезьці дзьве-тры валізы тавараў і хочуць самі пракарміцца і сем’і карміць. Хай бяруць зямлю, сеюць збожжа, ці патрабуюць другой працы. Гэтыя рынкі — учорашні дзень. Трэба добрыя крамы, з дахам, каб людзі ў цяпле былі, а то жлукцяць тую каву, мерзнуць, мокнуць… Гэта дзікасьць. Азія гэта, а ня рынкі”.

Выказваньне камэнтуе адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Таўстыка:

“Можна было б браць зямлю, працаваць на ёй, мець крамы свае — мы ніколі ня супраць гэтага. Але заканадаўства, падатковая сыстэма краіны ніякім чынам не спрыяе інвэставаньню і разьвіцьцю малога і сярэдняга бізнэсу. Як гэта адбываецца ў краінах Эўразьвязу, ЗША. Сапраўды, можна пагадзіцца, што сядзяць на сумках і гэтак далей. Але гэта люстэрка нашай цяперашняй улады і таго чынавенства, якое кіруе ў краіне”.

Працягваем праграму СМС-допісам ад спадара Ільлі Копыла: “У мэдыях зьявіліся паведамленьні, што Расея распачынае акцыю выдачы расейскіх пашпартоў насельніцтву Крыма. Выказваю сваё абурэньне і катэгарычны пратэст крамлёўскаму рэжыму”. Гэтае паведамленьне мы папрасілі пракамэнтаваць палітоляга Аляксандра Класкоўскага:

“Тут, канечне, трэба вельмі асьцярожна ставіцца да інфармацыі самой па сабе. Бо я ня бачыў пацьвярджэньня гэтаму з сур’ёзных крыніцаў. Для мяне паказальна тое, што пасьля каўкаскай вайны ўзьнікла напружаньне таксама і паміж Расеяй ды Ўкраінай. У прыватнасьці, з боку расейскіх палітыкаў былі такія правакацыйныя заявы адносна прэтэнзіяў на Севастопаль, на Крым. Натуральна, ва Ўкраіне ёсьць вялікая трывога, што гэтая імпэрская экспансія можа распаўсюдзіцца і на іх. Такая ж трывога ёсьць і ў беларускай грамадзкасьці”.

Мікалай Шышыгін: “Шчырае прывітаньне, дарагое Радыё Свабода! Самая мая ўлюбёная праграма — беларускае Радыё Свабода. Я люблю ўсіх вас, я шчыры беларус, і ўсяго вам найлепшага”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG