Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цьвярозы карагод у Гомелі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Гомелі адкрываецца V Міжнародны фэстываль харэаграфічнага мастацтва “Сожаўскі карагод”. Ладзіцца ён адначасова са сьвяткаваньнем Дня гораду — Гомелю спаўняецца 866 гадоў. А 14 верасьня абвясьцілі Днём цьвярозасьці.


На масавыя мерапрыемствах сёлета небывалыя меры засьцярогі. Гарадзкія ўлады празь мясцовыя мэдыі папярэдзілі гараджанаў: каб патрапіць сёньня а 20-й гадзіне на Цэнтральны стадыён на адкрыцьцё “Сожаўскага карагоду”, мала мець білет, які каштуе ад 7 да 25 тысяч. Трэба прыйсьці як мінімум за паўгадзіны. На ўваходзе міліцыя агледзіць рэчы — усім давядзецца прайсьці праз мэталашукальнік. Як у аэрапорце.

Гараджанаў папярэдзілі таксама, каб ня бралі з сабою вялікіх тэчак, пакетаў, бутэлек. Нават зь мінэральнай вадой і сокамі.

Па ўсім відаць, горкі вопыт сьвяткаваньня Дня незалежнасьці ў Менску, калі там адбыўся выбух, адгукнуўся і ў рэгіёнах.

Пра ўзмоцненыя меры перасьцярогі кажа намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі абласной управы ўнутраных спраў Юры Селіванаў:

“Сожаўскі карагод”, Дзень гораду — гэта мерапрыемствы масавыя, вялікія. Таму мы будзем працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Будзе больш, чым звычайна, супрацоўнікаў міліцыі ў месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў і на ахове тэрыторыі гораду.

Пра Дзень цьвярозасьці лепей у гарвыканкаме спытаць — яны раскажуць і пра досьвед “Славянскага базару” ў Віцебску.

Дзень цьвярозасьці не азначае, што толькі гарэлкай гандляваць ня будуць. Гэта й праца з насельніцтвам — цэлы комплекс. Як вынік і складнік гэтага комплексу — забарона на рэалізацыю сьпіртовых напояў”.

Гараджане збольшага з разуменьнем ставяцца да забароны продажу і гарэлкі, і піва, бо папярэднія такія сьвяты ператвараліся ў суцэльныя п’янкі — на вуліцах, у дварах, на кожным пяньку. Словам, дзе можна было бутэльку гарэлкі паставіць, там і пілі.

Дзівяцца толькі гамельчукі сталага ўзросту, чаму забарона дзейнічае нібы дзеля адчэпнага — на адзін нядзельны дзень. А сёньня й заўтра — спажывай колькі хочаш.

“Трэба было б ня дзень цьвярозасьці, а хаця б год цьвярозасьці зрабіць. У нас жа культуры ніякай няма. Калі раніцай ідзеш праз сквэрык, не пераступіш гэтыя бутэлькі, сьмецьце. Гэта жахліва! Культура ў нас на нулі”.

Тым часам некаторыя ўдзельнікі сьвята ўжо сёньня запасаліся моцнымі напоямі (на першым здымку ніжэй). А некаторыя маладыя гамельчукі наагул лічаць, што продаж піва нельга забараняць, якія б там засьцярогі ці дні цьвярозасьці ні былі:

“Ад піва п’яны ня будзеш. Проста весялей будзе — у добрай кампаніі выпіць піва. Весялей будзе гуляць, усё весялей будзе ўспрымацца — нават праграма сьвята. А так, бязь піва хадзіць — будзе проста сумна”.



XS
SM
MD
LG