Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі адгукнуцца падзеі на фондавым рынку Расеі?


Апошнія падзеі на Каўказе прывялі да імклівага падзеньня акцый расейскіх кампаній на фондавым рынку. Адмыслоўцы адзначаюць таксама моцнае замаруджваньне тэмпаў росту расейскай эканомікі і дэвальвацыю расейскага рубля. Як гэтыя зьявы могуць адбіцца на беларускай эканоміцы, шчыльна зьвязанай з эканомікай Расеі?


Падзеньне акцый расейскіх кампаній на сусьветных фондавых пляцоўках пачалося яшчэ да падзеяў на Каўказе. За жнівень і пачатак верасьня, пакуль там ішоў збройны канфлікт, сытуацыя пагоршылася, эканамісты адзначаюць вывад з Расеі болей за 60 мільярдаў даляраў.

Паводле некаторых экспэртаў, адток замежнага капіталу з Расеі пагражае яе эканоміцы правалам плянаў на мадэрнізацыю вытворчасьці. А ці адаб’ецца на беларускай эканоміцы падзеньне акцый расейскіх кампаній? Кіраўнік дасьледчага цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук кажа:

“Ніяк не адаб’ецца, бо беларускіх грошай на фондавым рынку Расеі няма ці амаль няма. Ёсьць толькі асобныя бізнэсоўцы, якія гэтым зарабляюць, таму гэта паўплывае на бюджэт дзясяткаў людзей, але ня ўсіх. Адзінае, што гэта можа дадаць непакою расейскаму ўраду і зрабіць яго больш нерашучым у вырашэньні пытаньня, ці даваць крэдыты Беларусі”.

Яраслаў Раманчук не прадбачыць і вялікіх стратаў ад цяперашніх тэмпаў дэвальвацыі расейскага рубля адносна даляра, якая пакуль ня большая за 10%:

“Калі дэвальвацыя ня будзе 25—30%, то гэта нязначна адаб’ецца на аб’ёме экспарту зь Беларусі ў Расею. Бо нашыя тавары канкуруюць ня ў нішы дарагіх высокатэхналягічных тавараў, а ў нішы “сярэдняя якасьць — сярэдняя цана”.

Ці пагражае Беларусі падзеньне расейскага рубля?

Якія наступствы будзе мець падзеньне курсу расейскага рубля адносна даляра? Гэтае пытаньне я задаў Васілю Шлындзікаву, былому кіраўніку прадпрыемства “Амкадор”, якое большасьць сваіх вырабаў — дарожнай і будаўнічай тэхнікі — пастаўляе ў Расею. Спадар Шлындзікаў пагадзіўся, што страты будуць, але мяркуе, што невялікія:

“Залежыць ад таго, у якой валюце гандлююць. Калі ў рублях, то можна перайсьці на гандаль у далярах, але перадаплата паводле ўжо заключаных кантрактаў вымагае разьлічвацца рублямі і невялікія страты будуць. І ўсё ж гэта часовая зьява”.

Больш за гэта Васіль Шлындзікаў занепакоены занадта вялікай, на яго думку, прывязкай беларускай эканомікі да рынку ўсходняга суседа:

“Іншая рэч, што мы пакуль і няздольныя павярнуцца да Захаду. Наша машынабудаўніцтва ня можа канкураваць з заходнім. У нас няма магчымасьці закупляць якасныя камплектуючыя, няма сыстэмы матывацыі, шмат чаго няма. У нас яшчэ шмат што ад сацыялістычнай сыстэмы”.

Аналітык Леанід Заіка адзначыў такія наступствы, якія можа прынесьці Беларусі спад у расейскай эканоміцы:

“Імпарт з Расеі падаражэў амаль на 30% у гэтым годзе. Гэта на нас адбілася, але не трагічна. У выніку інфляцыя ў нас падвысілася за 7 месяцаў на 7%, у канцы году будзе, мяркую, 13—15%. Так, расейскія зьмены на рынку могуць нэгатыўна адбіцца на шэрагу беларускіх экспартэраў, але болей — на экспартэрах інвэстыцыйных тавараў. Што да экспартэраў спажывецкіх тавараў, тут такіх тэндэнцый, мяркую, ня будзе. Што да інфляцыі, то расейская інфляцыя на беларускую істотнага ўплыву мець ня будзе. Больш на нас будзе ўплываць рост сусьветных цэнаў на нафту і газ”.
XS
SM
MD
LG