Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 11 верасьня 2008 году (удзельнічае філёзаф Алесь Анціпенка)

“Правінцыя -- размоўная назва пэрыфэрыйных раёнаў у краінах, арыентаваных вакол адзінага цэнтру. Гэта -- мясцовасьць, аддаленая ад сталіцы.

Правінцыя (альбо ў Расейскай імпэрыі гэтак званыя "окраины") – гэта захопленыя і далучаныя землі, на якіх пазьней адбываліся працэсы калянізацыі. А правінцыялізм -- гэта комплекс непаўнацэннасьці, прышчэплены беларусам цягам 19-га стагодзьдзя ў выніку расейскай калянізацыі нашых зямель”.

Вячаслаў Ракіцкі: "Алесь, ці існуе сталы вобраз беларускай правінцыі? Ці мае рацыю знакаміты беларускі бард Віктар Шалкевіч, калі дае яе вобраз як "хатка-бярозка?"

Правінцыя -- гэта закінутая зямля.
Алесь Анціпенка:
"Безумоўна, мае. Бо той, хто захапіў гэтую зямлю, хоча, каб яна выглядала нечым неістотным, нягеглым, чымсьці, што вартае жалю. І ў гэтым "хатка-бярозка" якраз і ёсьць пачуцьцё самоты, закінутасьці, як сказалі б экзыстэнцыялісты. Безумоўна, гэта той вобраз нашай зямлі, калі яна была пазбаўлена любых культурніцкіх цэнтраў, калі засталася толькі вёска, сельская мясцовасьць. Правінцыя – гэта калі ёсьць толькі адзін ляндшафт. Ёсьць толькі «хатка-бярозка». Правінцыя -- гэта адсутнасьць культурніцкага цэнтру, гэта адсутнасьць альбо нячутнасьць інтэлектуальных галасоў. Гэта нябачнасьць культурнай традыцыі і гісторыі. Правінцыя -- гэта закінутая зямля. Але ўсё ж у 19 стагодзьдзі існаваў іншы вобраз беларускай правінцыі. Гэты вобраз быў зьвязаны з тым, што яшчэ існавала памяць пра Беларусь як вольную зямлю, "вольную старонку". Гэты вобраз належыць аднаму невядомаму беларускаму шляхціцу, які літаральна сказаў так: "Зямля наша ня польская, ня руская, але забраны край. За гэтымі словамі -- усьведамленьне свабоды, некалі страчанай, забранай у нас".

Ракіцкі: "Два вызначэньні правінцыі -- закінуты край і забраны край. Калі, зь якой рэальнай падставы пачынае жыцьцё міт пра Беларусь як правінцыю?"

Анціпенка: "Гэта пачынаецца з гэтак званых трох падзелаў Рэчы Паспалітай, калі паступова Беларусь рабілася часткай Расейскай імпэрыі. Дарэчы тут сказаць, наколькі нашы землі былі адрозныя ад расейскіх. Уявіце сабе сытуацыю, калі частка нашай краіны, перадусім сёньняшняя Магілёўская вобласьць і часткі Гомельскай і Віцебскай абласьцей, далучаюцца да Расеі. Менавіта на гэтых тэрыторыях тады існавала беларускае праваслаўе. І вось прыяжджае маскоўскі патрыярх і ўражваецца тым, што цэрквы, якія стаялі на нашых землях, паводле сваёй архітэктуры не былі падобнымі на расейскія. Адразу ж аддаецца загад перарабіць іх на маскоўскі капыл. Гэта і было пачаткам правінцыялізацыі, адмаўленьня тоеснасьці той зямлі і той культуры, якая на гэтай зямлі існуе".

Ракіцкі: "А ўвогуле як адбываецца працэс калянізацыі, у выніку якога ўзьнікае комплекс правінцыйнасьці?"

Анціпенка: "Комплекс правінцыйнасьці -- гэта комплекс непаўнацэннасьці. І гэта ёсьць адной з задачаў калянізатара прышчапіць і выпрацаваць комплекс непаўнацэннасьці ў людзей на забранай зямлі, каб потым было лягчэй кантраляваць і кіраваць людзьмі, якія апынуліся на захопленых землях. Ёсьць некалькі мэханізмаў, празь якія адбываецца выпрацоўка гэтага комплексу. Найперш калянізатар ставіць задачу зламаць супраціў таго народу, на землі якога ён зайшоў. Як вядома, супраціў беларусаў расейскай акупацыі і калянізацыі быў даволі моцным. Узгадайма паўстаньні 1830-х і 1860-х гадоў. Асабліва ў часы апошняга
Беларуская мова ў выніку калянізацыі становіцца мовай маўчаньня, мовай падпарадкаваньня".
паўстаньня фактычна жалезнай рукой вынішчаліся ўсе элемэнты супраціву на нашай зямлі. Другі мэханізм, які ўжывае калянізатар, -- ён усталёўвае сваю сыстэму адміністрацыі. Калі тут зьявіліся расейскія каляніяльныя ўлады, дык быў ліквідаваны Статут Вялікага Княства Літоўскага, а ўзамен былі ўведзеныя расейскія законы. Таксама было скасаванае магдэбурскае права, гэта значыць, зьнішчаныя ўсе прынцыпы самакіраваньня. Трэці мэханізм -- гэта вынішчэньне культурнай спадчыны. Я ўжо казаў пра праваслаўныя цэрквы, але найперш аб'ектамі разбурэньня былі ўніяцкія храмы і ўніяцкія іконы. Нават сярод расейскай адміністрацыі хадзіла такая показка. Расейцы спэцыяльна езьдзілі расьпільваць ногі Ісусу Хрысту. Сотні тысячаў кніг, іншых культурных каштоўнасьцяў былі вывезеныя ў Пецярбург і Маскву. Усе гэтыя акцыі скіроўваліся на зьнішчэньне ўсялякай гістарычнай памяці, усялякіх матэрыяльных знакаў гістарычнай і культурнай памяці таго народу, які стаўся аб'ектам захопу і калянізацыйнага гвалту. Наступны мэханізм -- гэта разбурэньне мясцовай сыстэмы адукацыі. Так, у Беларусі былі закрытыя Полацкі езуіцкі калегіюм і Віленскі ўнівэрсытэт. І нарэшце -- замена мовы камунікацыі, усталяваньне мовы імпэрскага цэнтру. У выніку беларуская мова набыла ніжэйшы статус, яна стала разглядацца ўжо як мова неадукаваных слаёў насельніцтва, як мова, на якой немагчыма займацца ніякай інтэлектуальнай дзейнасьцю. Беларуская мова ў выніку калянізацыі становіцца мовай маўчаньня, мовай падпарадкаваньня".

Ракіцкі: "Кожная правінцыя існуе адносна нейкага цэнтру. Калі я вас правільна разумею, вы гаворыце пра Беларусь у цэлым як правінцыю адносна цэнтру -- Расейкай імпэрыі. Беларусь уся ёсьць правінцыяй?"

Анціпенка: "Безумоўна. Менавіта ў гэтым сэнсе я й казаў пра Беларусь як правінцыю, як тэрыторыю захопленую, як гэтак званыя "окраины" Расеі. Такой жа правінцыяй у тыя часы была й Украіна, і сёньняшнія незалежныя балтыйскія краіны. Так, безумоўна, ёсьць імпэрскі цэнтар. Імя яму -- Масква. Ёсьць высокая культура, якая навязваецца гэтым імпэрскім цэнтрам. І задача імпэрскага цэнтру -- прывязаць, зрабіць залежнымі захопленыя тэрыторыі.

Ракіцкі: "Але калі гаварыць пра Беларусь як цэласную этнічную тэрыторыю, калі гаварыць пра Беларусь як дзяржаву, то напэўна, існуе правінцыя, якая арыентуецца на цэнтар, якім зьяўляецца сталіца. Ці можна казаць пра правінцыю ўнутры Беларусі адносна цэнтру -- сталіцы гэтай зямлі?"

Анціпенка: "У прынцыпе можна. Гэта такі францускі варыянт, калі раней і да сёньняшняга часу там лічыцца ўсё, што знаходзіцца па-за межамі Парыжу, правінцыяй. Але ў такім выпадку правінцыя -- гэта ня болей як
Правінцыя -- гэта заўсёды падпарадкаваная зямля.
адміністрацыйная адзінка. Калі ж я кажу пра правінцыю ў нашым гістарычным сэнсе, дык правінцыя -- гэта заўсёды падпарадкаваная зямля. Калі ж гаварыць у іншым сэнсе, дык я ня бачу, каб сёньняшнія беларусы, якія, прыкладам, жывуць у Берасьці, пакутавалі на комплекс непаўнацэннасьці з таго, што яны не жывуць у Менску. У размове пра комплекс непаўнацэннасьці давайце ўзгадаем вельмі канкрэтныя сытуацыі яго выяўленьня.. Узгадаем савецкія часы, калі чамусьці большасьць беларусаў думалі, што усё самае лепшае ёсьць у Маскве, што там нібыта сабраныя ўсе самыя моцныя інтэлектуальныя сілы. Мы памятаем, што даволі часта бывала так, што літаратурныя творы спачатку атрымлівалі “рэнамэ” ў Маскве і толькі потым вярталіся ў Беларусь".

Ракіцкі: "З гэтым комплексам камфортна жывецца?"

Анціпенка: "Да пэўнай ступені. Калі чалавек не адчувае патрэбы свабоды, тады ён лічыць, што лепш быць падпарадкаваным. І мы памятаем, як вось гэты комплекс правінцыялізму вылез на пачатку 1990-х гадоў, калі заклікі да незалежнасьці Беларусі сутыкнуліся з такой вельмі простай формулай: "Как же мы без России? Без неё мы никак не сможем. У нас же нет ресурсов." Гэта і ёсьць праявай таго самага правінцыйнага комплексу, калі народ, нацыя не разьлічваюць на уласныя сілы".

Ракіцкі: "А якія рэсурсы мае Беларусь, каб яе народ пазбавіўся гэтага комплексу?"

Анціпенка: "Гэта перадусім -- наша незалежнасьць. Гэта -- наша палітычная свабода і наша палітычная
Беларусы паступова губляюць комплекс правінцыйнасьці.
суб'ектнасьць, якую сёньня Беларусь мае. Другая падстава -- гэта, безумоўна, прага свабоды. Свабода -- гэта тая каштоўнасьць, якая вядзе чалавека да веры ў сябе, у свае сілы, у тую краіну, дзе ён жыве, у той народ, зь якім ён разам жыве, у тыя пэрспэктывы, якія ён і ягоныя суайчыньнікі могуць мець, зьяўляючыся свабодным народам. Гэта тое, што разбурае комплекс правінцыйнасьці. І заўважце, беларусы паступова губляюць комплекс правінцыйнасьці".

Ракіцкі: "А хто сёньня падтрымлівае гэты комплекс правінцыйнасьці. які па-ранейшаму уласьцівы пэўнай частцы грамадзтва?"

Калі чалавек не адчувае патрэбы свабоды, тады ён лічыць, што лепш быць падпарадкаваным.
Анціпенка:
"Адсутнасьць незалежнай інфармацыйнай прасторы. На нашых тэлеканалах дамінуе расейская поп-культура, на нашых FM-станцыях можна пачуць расейскую папсу, але што тычыцца якаснай заходняй музыкі, дык яна ідзе ў эфір вельмі дазавана. Перадусім гэты комплекс правінцыйнасьці падтрымліваецца культурніцкай залежнасьцю ад былой мэтраполіі, ад Масквы. Гэты комплекс часткова падтрымліваецца палітычнай залежнасьцю беларускага рэжыму ад Масквы. Безумоўна, і адсутнасьцю моцнай псыхалягічнай мяжы з Расеяй. І нарэшце, тым, што працэсы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў яшчэ не завершаныя. Калі беларусы нарэшце стануць нацыяй у той ступені, у якой, прыкладам, зьяўляюцца цяпер нацыяй украінцы, я думаю, што мы яшчэ станем сьведкамі дэкалянізацыі".

Ракіцкі: "Дык як доўга яшчэ можа існаваць гэты комплекс правінцыйнасьці? Як доўга будзе існаваць міт пра Беларусь як правінцыю? Хто стане магільшчыкам гэтага міту?"

Анціпенка: "Будзе настолькі доўга, наколькі беларусы будуць пачувацца залежнымі ад Расеі. І так доўга, наколькі яны будуць лічыць сябе непаўнацэнным народам у параўнаньні з расейцамі. А хто гэта разбурыць? Я думаю, што гэта разбураем мы усе разам, паціху і кожны дзень. А увогуле гэта разбураць нейкія яркія праявы альбо прыклады сур'ёзнай творчасьці ці ў галіне беларускага мастацтва, ці ў беларускай культуры, ці ў беларускай інтэлектуалістыцы. Гэта задача для новых беларускіх незалежных элітаў".
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG